ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,

абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)