АЛАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, утвораныя з пераадкладзенага вадой, тэктанічнымі рухамі ці ледавіком зыходнага матэрыялу. Трапляюцца найчасцей у платформавым чахле. На Беларусі пашыраны алахтонныя бурыя вугалі (з прынесеных вадой рэшткаў раслін), пяскі алювіяльныя, ледавіковыя адорвені і інш. Вывучэнне алахтонных адкладаў мае значэнне ў палеагеаграфіі, палеанталогіі, геалогіі нафты.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЫ (франц. landes ад гальскага landa пустка),

ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЧУЛКІ,

радовішча глін каля в. Вычулкі Брэсцкага р-на. Паклад утвараюць азёрныя і азёрна-алювіяльныя адклады паазерскага зледзянення. Разведаныя запасы 6,4 млн. м³, перспектыўныя 4,94 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—10,7 м, ускрыцця 0,3—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, аглапарыту. Адкрыта ў 1958, распрацоўваецца Брэсцкім камбінатам буд. матэрыялаў.

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКА́Т,

мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМАНДЗІ́Н,

мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.

Альмандзін.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,

міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс. г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙМАВЫЯ ГЛЕ́БЫ, алювіяльныя глебы,

тыпы глеб, якія ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыяд. затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю (населенасцю жывымі істотамі), інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфал. профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, мех. складу, ступені агляення, колькасці гумусу П.г. падзяляюцца на поймавыя дзярновыя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і поймавыя тарфяна-балотныя глебы. Найб. пашыраны на Палессі. Большасць П.г. вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму (арашэнне, асушэнне). Выкарыстоўваюць пад сенажаці і пашы, радзей пад вырошчванне агародніны.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,

скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́Н (позналац. rubinus ад лац. ruber чырвоны),

мінерал, празрыстая чырвоная разнавіднасць карунду; каштоўны камень. Афарбоўка абумоўлена прымессю хрому (Cr​3+); адценні (пурпурныя, бураватыя і фіялетавыя) звязаны з прымесямі жалеза (Fe​3+) і ванадыю (V​3+). Характэрна кармінава-чырвоная флюарэсцэнцыя ў сонечным і ультрафіялетавым святле. Паходжанне метасаматычнае. Прамысл. радовішчы: элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Найбуйнейшыя радовішчы Р. ў М’янме, Афганістане, Індыі і інш. Прыродныя Р. выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні 1 парадку. Р., што сінтэзуюцца ў прамысл. маштабах, выкарыстоўваюцца ў лазернай тэхніцы, ювелірнай і гадзіннікавай справе.

Рубін.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)