увіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да увіцца.

2. Разм. Вярцецца каля каго‑, чаго‑н., неадступна хадзіць за кім‑н. У хаце, аднак, было ціха, толькі кот, відаць, увіваўся каля некага і вымагаў спажыву. Кулакоўскі. // Дагаджаць каму‑н., дамагаючыся чаго‑н. [Іван Фёдаравіч:] — Малайчына, Магнат... Твой гэты Шмыг нешта ўвіваецца каля старшага майстра. Мыслівец. Ля начальніка ўвівайся, Кожны крок яго прадбач. Ён смяецца — ты ўсміхайся, Ён надзьмецца — ты заплач. Корбан. // Пастаянна знаходзіцца пры кім‑н., заляцацца да каго‑н. Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. Савіцкі.

3. Зал. да увіваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улама́ць, уламлю, уломіш, уломіць; пр. уламаў, ‑мала; заг. уламі; зак.

Разм.

1. што. Праламаць; зрабіць пралом. Не бегай па страсе, а то ўломіш.

2. што. Ломячы, аддзяліць частку ад чаго‑н.; адламаць. Уламаць хлеба. // Выгадаць, прыдбаць што‑н. (звычайна хітрыкамі). [Бялькевіч:] — Але ў той жа час і трывога ў мяне: што там старой гэтай спатрэбілася? Гэта ж .. нешта хоча ўламаць!.. Савіцкі.

3. перан.; каго. Пераканаць, з цяжкасцю ўгаварыць згадзіцца з чым‑н. «Ну няўжо я яго [Алеся] не ўламлю», — цвёрда падумала Адэля. Броўка. [Ляснічы:] — Праўду кажучы, мы са старшынёй калгаса добра-такі ўспацелі, пакуль уламалі Бандарэнку: не хацеў дапускаць Васіля да руля. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расквітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Расцвісці, распусціцца (пра кветкі, расліны). [Міхась:] Ёсць папараць-кветка. Толькі яна пакуль што ў нас для адных паноў цвіце... Але хутка яна і для нас расквітнее. Козел. Занядбаныя, без догляду,.. [цюльпаны] нейкім цудам расквітнелі. Ус.

2. перан. Стаць прыгожым, здаровым; дасягнуць росквіту. Расквітнела ты, дзяўчына, Як чырвоная каліна, Жаніхоў хапае ў нас, Пра вяселле думаць час. Дзеружынскі. Адэля на будоўлі была падобна на ўсіх тынкоўшчыц брыгады, дзе яна працуе разам з Васілінай. Затое ў гэтым вось блакітным плацці яна расквітнела незвычайна. Савіцкі. [Жанчына:] — Маша ажно расквітнела. Люба паглядзець на маладзіцу! Шамякін.

3. перан. Дасягнуць высокай ступені развіцця; праявіцца з большай сілай. Расквітнела жыццё. Расквітнеў талент мастака. □ На ніве разгорнутага камуністычнага будаўніцтва пышна расквітнела і культура Малдавіі, яе літаратура і мастацтва. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)