ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,

фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).

Літ.:

Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мантмарылані́т

(ад фр. Montmorillon = назва горада ў Францыі)

гліністы мінерал пераменнага саставу; выкарыстоўваецца як адсарбент, у ліцейнай вытворчасці і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,

хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл. Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСТА́Т (ад крыя... + грэч. statos стаячы, нерухомы),

тэрмастат, у якім падтрымліваецца крыягенная (ніжэй за 120 К) т-ра ад вонкавай крыніцы холаду. Звычайна холадагент — звадкаваныя або ацвярдзелыя газы з нізкімі т-рамі кандэнсацыі. Бываюць геліевага, вадароднага і азотнага ахаладжэння.

Найб. просты лабараторны шкляны К. складаецца з дзвюх Дзьюара пасудзін, з якіх унутраны запоўнены вадкім геліем, вонкавы — вадкім азотам. Найб. надзейныя метал. К., з іх самыя універсальныя — К. з вадкім геліем. У іх рабочы аб’ём абкружаны медным экранам, які мае т-ру вадкага азоту. Паміж геліевым аб’ёмам і кожухам створаны вакуум, які падтрымліваецца адсарбентамі. Пашыраны таксама тэрмарэгулюемыя геліевыя К. Выкарыстоўваюцца для даследавання фіз. уласцівасцей рэчыва, вывучэння звышправоднасці, для ахаладжэння электронных прылад, інш. сродкаў крыягеннай тэхнікі.

Металічны геліевы крыястат: 1 — сільфон; 2 — ванна для азоту; 3 — адсарбент; 4 — экран; 5 — аб’ём, які запаўняецца геліем.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)