эшалані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Спец. Размясціць (размяшчаць) эшалонамі (у 1 знач.). Мохарт здагадаўся, што камандзір палка выбраў для сябе сонечны бок, найбольш выгадную пазіцыю для адбіцця атак праціўніка. Адначасова эшаланіраваў па вышынях усю групу яшчэ да выхаду на поле бою. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯРЧЭ́ННЕ ў матэматыцы,

асобны выпадак руху, пры якім нерухомым застаецца не менш як адзін пункт прасторы. Пры вярчэнні на плоскасці нерухомы толькі 1 пункт (цэнтр вярчэння), у прасторы — 1 прамая (вось вярчэння). Адрозны ад зруху і люстранага адбіцця рух у прасторы атрымліваецца шляхам вярчэння вакол некаторай восі і зруху ўздоўж гэтай жа восі (вінтавы рух).

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел фіз. оптыкі, у якім аптычныя працэсы, што адбываюцца ў розных асяроддзях, вывучаюцца на аснове ўліку дыскрэтнай (атамнай і малекулярнай) будовы рэчыва. Устанаўлівае сувязь паміж характарам асобных актаў узаемадзеяння светлавой хвалі з часціцамі рэчыва і макраскапічнымі параметрамі (напр., паказчыкам пераламлення) асяроддзя, што дае магчымасць растлумачыць законы распаўсюджвання, пераламлення, адбіцця і рассеяння святла.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэфле́ктар, ‑а, м.

1. Увагнутае люстра для адбіцця светлавых або цеплавых праменяў. Кінааператары здымалі вячэрнюю Маскву. Яркае святло рэфлектараў сляпіла. Савіцкі. «Магчыма, грэлкі давалі мала цеплыні, — крыху збянтэжана думаў я, — электрычная печка з рэфлектарам пройме да самых касцей». Паслядовіч.

2. Тэлескоп, у якім адлюстраванне атрымліваецца пры дапамозе ўвагнутага люстра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБАРАЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

частка аптычнай сістэмы для змены напрамкаў восяў сіметрыі відарыса аптычнага, створанага аб’ектывам, на процілеглы. Паводле канструкцыі абарачальную сістэму падзяляюць на лінзавыя (складаюцца з лінзаў і апертурнай дыяфрагмы), прызмавыя (пабудаваны на выкарыстанні поўнага ўнутр. адбіцця святла), люстраныя (складаюцца з некалькіх люстэркаў) і валаконна-аптычныя. Выкарыстоўваюцца ў біноклях, перыскопах і інш. аптычных прыладах.

Да арт. Абарачальная сістэма.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́ўстыка

(гр. kaustikos = пякучы)

лінія, якая агінае месца сходжання сыходжання прамянёў пасля пераламлення іх у лінзе або адбіцця ад люстэрка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ у оптыцы,

уласцівасць рэчываў прапускаць святло. Накіраванае (не дыфузнае) распаўсюджванне святла характарызуецца прапускання каэфіцыентам.

Залежыць ад адбіцця, паглынання і рассейвання святла ў рэчыве. П. адрозніваюць ад прапускання святла (асяроддзе можа быць непразрыстым і прапускаць рассеянае святло, напр., тонкі ліст паперы). Кожнае рэчыва празрыстае толькі для прамянёў пэўнай часткі аптычнага спектра, напр., звычайнае шкло — для бачнага святла, кварц — для бачнага і ультрафіялетавага.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАГАНА́ЛЬНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

лінейнае пераўтварэнне эўклідавай прасторы, якое захоўвае нязменным скалярны здабытак адвольных вектараў гэтай прасторы; (Ах, Ау) = (х, у). Захоўвае даўжыні вектараў і вуглы паміж імі, пераводзіць артанармоўны базіс у артанармоўны (гл. Артаганальная сістэма), у якім артаганальнаму пераўтварэнню адпавядае артаганальная матрыца з дэтэрмінантам роўным +1 (уласнае артаганальнае пераўтварэнне) або -1 (няўласнае артаганальнае пераўтварэнне). Напр., паварот вакол восі ў трохмернай эўклідавай прасторы — уласнае артаганальнае пераўтварэнне, здабытак павароту вакол восі і адбіцця ў перпендыкулярнай плоскасці — няўласнае.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)