Сы́зы ’шызы’ (Касп., Растарг., Шн. 2), ’не адбелены (пра лён)’ (Сл. ПЗБ), сы́зый ’шызы, сінявата-цёмны’ (Бяльк.). Гл. шызы. Карскі (1, 357) цвёрдасць зычных у пачатковым складзе тлумачыць украінскім або польскім уплывам, параўн. укр. си́зий, адпаведная польская форма адсутнічае, чаму, аднак, пярэчыць лінгвагеаграфія названых формаў. Да этымалогіі параўн. сізаваро́нка ’птушка сіваграк, Coracias garrulis L.’ (ЛА, 1) і сіваваро́нка ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСКО́ВЫ ЖЫ́ВАПІС,

від жывапіснай тэхнікі, у якой сувязным рэчывам фарбаў з’яўляецца адбелены пчаліны воск. Не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. Існуюць гарачы (энкаўстыка) і халодны (васковая тэмпера) спосабы васковага жывапісу.

Энкаўстыка вядомая з часоў Стараж. Егіпта. У сярэднія вякі саступіла месца яечнай тэмперы. Адраджацца васковы жывапіс пачаў у эпоху Рэнесанса, асабліва пашырыўся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. васковы жывапіс выкарыстоўваўся пры рэстаўрацыйных работах, дубліраванні і рэтушы карцін і насценнага жывапісу.

Бел. мастакамі ў васковым жывапісе выкананы шэраг насценных размалёвак і карцін: «Навука» ў фае Ін-та кібернетыкі АН Беларусі (1971), «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976; абедзве С.Катковай і З.Літвінавай), «Асветнікі» Г.Вашчанкі ў Доме настаўніка (1976), «Мой край — Беларусь» І.Кліменкі, А.Ксяндзова, В.Барабанцава ў б-цы Бел. эканам. ун-та (1978), «Заснавальнікі Беларускага універсітэта» У.Самсонава ў корпусе ф-та журналістыкі БДУ, «Музыка» С.Катовіча ў Рэсп. ліцэі пры Бел. акадэміі музыкі (абедзве 1980; усе ў Мінску) і інш. Сярод станковых работ у васковым жывапісе выкананы нацюрморты «Хлеб» і «Цыкламен» Вашчанкі (1966), «Дзяўчына ў чорным берэце» (1974) і «Партрэт Л.Зяневіч» (1978) Літвінавай, «Партрэт дзяўчыны» (1977) і «Партрэт М.Гусоўскага» (1980) Барабанцава, нацюрморт «Збаны і кветкі» В.Ціханава (1980) і інш.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)