патапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Таптаць некаторы час. Патаптаць сена. □ Гюнтэр сашчапіў кулак і, узмахнуўшы рукою, з сілай бразнуў крыж аб падлогу. Не ўстаючы з крэсла, патаптаў яго абцасам свайго абшытага скурай валёнка. Дамашэвіч.

2. Топчучы, змяць, знішчыць, падушыць. Патаптаць траву. □ Патаптаў арол пракляты Сакаліных птушанят. Грахоўскі. Калі бегчы па градах, старая закрычыць, бо Сцёпка патопча ўвесь агурочнік. Хомчанка. Пасля агарадзіў [Лабановіч] гэту грушку.., каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас.

3. Знасіць, парваць, стаптаць (пра абутак). Патаптаць боты. Патаптаць валёнкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРА́ЧНІКАВЫЯ

(Boraginaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на З Паўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).

Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.

Літ.:

Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;

Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

т. 3, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)