ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).
т. 5, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАВІДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, дравідскія мовы,
сям’я моў на тэр. Паўд.-Азіяцкага (Індыйскага) субкантынента. Пашыраны пераважна ў Індыі. Падзяляюцца на групы: паўд. (тамільская, малаялам, кота, тода, кодагу, каннара і канада), паўд.-зах. (тулу), паўд.-ўсх. (тэлугу), цэнтр. (коламі, найкі, парджы, гадаба), гандванскую (гондзі, конда, куі, куві, пенга, манда), паўн.-ўсх. (курух, малто) і паўн.-зах. (брагуі). Аднак генетычная класіфікацыя Д.м. канчаткова не распрацавана. Чатыры Д.м. (тамільская, малаялам, канада і тэлугу) маюць стараж. л-ру і лічацца афіц. мовамі інд. штатаў Тамілна Тамілнад, Керала, Майсур і Андхра-Прадэш. На тулу пісьменства з’явілася ў канцы 19 ст. Астатнія Д.м. беспісьменныя.
У фаналогіі Д.м. адрозніваюцца кароткія і доўгія галосныя, фанематычны націск адсутнічае. У марфалогіі пераважае суфіксальная аглюцінацыя. Назоўнік і інш. імёны маюць 2 лікі і да 11 склонаў; род мае лексіка-грамат. характар; прыметнікі нязменныя, ступень прыкметы перадаецца сінтаксічна. Колькасць формаў часу дзеяслова вагаецца ад 2 да 6. Сінтаксіс мае шмат агульных рыс з сінтаксісам цюркскіх, мангольскіх моў.
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл. Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аглюцінаты́ўны
(ад аглюцінацыя)
звязаны з аглюцінацыяй;
а-ыя мовы — мовы, у якіх граматычныя формы і вытворныя словы ўтвараюцца спосабам аглюцінацыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЯКУ́ЦКАЯ МО́ВА,
мова якутаў, адна з цюркскіх моў (усх. галіна, уйгура-агузская група). Пашырана ў Рэспубліцы Саха (Якуція), часткова ў Амурскай, Магаданскай, Сахалінскай абл., Таймырскай і Эвенкійскай аўт. акругах Расіі. Вылучаюць 4 групы гаворак: цэнтр., вілюйская, паўн.-зах., таймырская. Я.м. ўласцівы: у фанетыцы — паслядоўны сінгарманізм; у марфалогіі — аглюцінацыя, выкарыстанне асабовых займеннікаў 1-й і 2-й асобы адз. л. толькі ў асн. склоне, існаванне (акрамя 6 асн. склонаў, агульных з інш. цюрк. мовамі) прыватнага, творнага, сумеснага, вінавальнага зборнага і 2 параўнальных склонаў; сінтаксіс пераважна тыпова цюркскі; у лексіцы шмат запазычанняў з манг., эвенкійскай і рус. моў. Першы тэкст на Я.м. (пераклады малітвы) выдадзены ў 1705 у Амстэрдаме. Агульнанар. пісьменнасць з 1922 (алфавіт С.А.Наўгародава), з 1929 алфавіт заменены на лацінку, з 1939 — на аснове рус. графікі. Літ. мова развілася на базе размоўнай мовы цэнтр. раёнаў Якуціі. Адзін з аўтараў «Слоўніка якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30) — Э.К.Пякарскі.
Літ.:
Убрятова Е.И. Якутский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2;
Дьячковский Н.Д. Звуковой строй якутского языка. Ч. 1—2. Якутск, 1971—77.
т. 18, кн. 1, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
парааглюціна́цыя
(ад пара- + аглюцінацыя)
склейванне і выпаданне ў асадак пад дзеяннем сывараткі крыві хворага не толькі ўзбуджальніка дадзенай хваробы, але і мікроба, які знаходзіцца ў сімбіёзе з ім.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,
адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Паўль, Г.Гірт, В.Штрэйтберг, І.Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў у Расіі, М.Брэаль, А.Мее ў Францыі, Г.І.Аскалі ў Італіі, С.Буге, К.Вернер у скандынаўскіх краінах, У.Уітні ў ЗША, Я.Развадоўскі, Я.Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.Царнке.
Літ.:
Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
А.Я.Міхневіч.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)