АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),

спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.

Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; дабцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКІ́ ПРАКА́ТНЫЯ,

рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.

Ліставыя валкі пракатныя (наз. таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.

Валкі пракатныя: а — схемы валкоў блюмінга (1), сартавога (2) і лістапракатнага (3) станаў; б, в — валкі ліставыя і сартавыя (1 — прывадны канец, 2 — шыйкі, 3 — бочка, 4 — выраб: ліставы і двухтаўровы).

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЛЁТ,

1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.

2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.

У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).

Кніжны пераплёт з кніжным блокам: 1 — карашок накрыўкі; 2 — покрыўная накрыўка; 3 — форзац; 4 — блок; 5 — клеявы слой; 6 — кардонная старонка; 7 — адстаў; 8 — акантовачны матэрыял; 9 — каптал.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)