ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмут1 ’скрутак, камяк’, жмук ’тс’ (Янк. III), жмак ’тс’ (Янк. III, Сл. паўн.-зах.), жмах ’тс’ (Абабурка). Рус. алан. жмут ’вяроўка з лыка’, жмак ’камяк’ (Даль), укр. жмут ’скрутак’, жмак ’тс’, польск. дыял. żmut, żmot, żmyt ’тс’, в.-луж. žmoł ’камяк’, żmót ’маток’ (Пфуль), чэш. žmol/jek ’камяк’, славен. žmukelj, žmik, žmókelj, žmitek ’камяк, скрутак’, балг. жма́тина ’скрутак сена’, макед. жмучка ’груз’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць2, жмаць) з рознымі суфіксамі пасля розных галосных (гл. пра суфіксы ‑к‑, ‑х‑, ‑t‑, ‑l‑ у Слаўскага, SP, 1, 89–114, 76–86; З, 38–60), што ўказвае на экспрэсіўны характар вытворных. Безлай (Linguistica, VIII/1, 71–72) сумняваецца ў сувязі з жаць і параўноўвае з літ. míegti, mýgti ’ціснуць’.

Жмут2 ’скнара’ (Бялын., Янк. Мат., 23; Яўс.; міёр., З нар. сл., 290), жмот ’тс’ (Яўс.), жмуціла (міёр., З нар. сл., 290). Рус. прастамоўн. жмот, дыял. жмут ’тс’. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 294), суфіксальнае вытворнае ад жмать (жмаць). Гл. жаць2. Не выключана, аднак, і ўзаемадзеянне альбо нават семантычнае ўтварэнне ад жмут1 ’скрутак’ (гл.), супраць чаго адсутнасць на рус. і бел. тэрыторыях фіксацыі форм з о (жмот) у знач. ’скрутак’. Гл. Пятлёва, Этимология, 1970, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)