Walia

ж. Валія, Уэльс

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВУ́ЛАНГАНГ, Уоланганг (Wollongong),

горад у Аўстраліі, на ПдУ штата Новы Паўднёвы Уэльс, на ўзбярэжжы Тасманава м. 250,1 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Буйны цэнтр чорнай металургіі і цяжкага машынабудавання; нафтаперапр., хім., тэкст., швейная прам-сць. Здабыча каменнага вугалю, каляровая металургія.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вельштэр’е́р

(ад англ. Wales = Уэльс + тэр’ер)

парода паляўнічых сабак з падоўжанай мордай, выведзеная ў 19 ст. у Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАНБЕ́РА (Canberra),

горад, сталіца Аўстраліі. З прыгарадамі ўтварае самаст. адм. адзінку — Аўстралійскую сталічную акругу. Знаходзіцца на р. Малонгла на тэр. штата Новы Паўд. Уэльс. 310 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лёгкая, харч., паліграфічная. Нац. ун-т. Аўстралійская АН. Аўстралійскі ваен. музей. Паблізу астр. абсерваторыя.

Пабудавана ў 1913—27 у вылучанай у 1911 з тэр. штата Новы Паўд. Уэльс Аўстралійскай сталічнай акрузе. З 1927 афіц. рэзідэнцыя ўрада. Хутка развіваецца пасля 2-й сусв. вайны.

Буд-ва К. пачата ў 1913 паводле плана амер. арх. У.​Б.​Грыфіна. Горад падзелены на шэраг эон (гандл., адм., навуч. і інш.). У аснове планіроўкі — сістэма плошчаў (з гандл. цэнтрамі) і размешчаных вакол іх радыяльных і кальцавых вуліц. Раёны аддзелены адзін ад аднаго паркавымі зонамі і звязаны развітой сеткай аўтамагістралей і мастамі. Будынкі ў стрыманым неакласічным стылі, невысокія (парламент, 1927); буд-ва больш як 10—11 паверхаў забаронена. Сярод інш. пабудоў: Нац. ун-т (1952, арх. Б.​Б.​Льюіс), Галерэя (1981, арх. К.​Мадыган), новы будынак парламента (1988), кангрэсавы цэнтр з тэатрам на 2500 месцаў, выставачнай і канферэнц-залай.

Канбера. Будынак парламента.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),

Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,

заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДНЕЙ (Sydney),

горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс. ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).

Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал. прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.

У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.​Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.​Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.

Панарама Сіднея.
Сідней. Дзелавы цэнтр.

т. 14, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cambrian Mountains),

горы ў Вялікабрытаніі на п-ве Уэльс. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1085 м (г. Сноўдан). Шэраг пласкагор’яў, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы з горналедавіковым рэльефам. Складзены з вулканічных парод, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў. Радовішчы каменнага вугалю. Густая сетка рэк, шматлікія невял. азёры. Да выш. 400—600 м шыракалістыя лясы (дуб, бук, ясень), вышэй верасоўнікі, тарфяныя пусткі. У далінах сады. Рэзерваты: І-Уітва-Сноўдан, Кум-Ідуал, Мур-Хаўс, Рынаг і інш. У К.г. упершыню апісаны адклады кембрыйскай сістэмы (перыяду).

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кембры́йскі

(ад англ. Cambria = даўняя назва правінцыі Уэльс у Англіі);

к. перыяд — тое, што і кембрый.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,

парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.

Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Вельштэр’ер.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)