МАНГО́ЛІЯ УНУ́ТРАНАЯ, Аўтаномны раён Унутраная Манголія. На Пн Кітая, мяжуе з Мангольскай Рэспублікай. Пл. 1,2 млн.км² (паводле кіт. крыніц). Нас. 21,8 млн.чал. (1992). Адм. цэнтр — г.Хух-Хота. На ПнУ размешчаны хрыбты Вял. Хінгана (выш. да 2034 м), на З — пласкагор’і (выш. 500—1500 м). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C да -28 °C, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Гал. рака Хуанхэ — суднаходная. На З пераважаюць пустыні, у цэнтры паўпустыні і стэп, у гарах на Пн — тайга. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць засухаўстойлівыя гатункі збожжавых (яравая пшаніца, гаалян, проса, грэчка, авёс, кукуруза), тэхн. культуры (соя, сланечнік, каноплі, бавоўнік, цукр. буракі). Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, коней, вярблюдаў. Прам-сць: горназдабыўная (жал. руда, каменны вугаль), чорная металургія, машынабудаванне, электратэхніка, лёгкая (гарбарная, шарсцяная, тэкст.), харч. (мясная, цукр., мукамольная), буд. матэрыялаў. Гал.прамысл. цэнтры: Баатоў, Хух-Хота, Цзінін. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Да сярэдзіны 17 ст.тэр. М.У. займалі паўд.-манг. княствы, у 1634 заваяваныя маньчжурамі, у 1636 перайменавана імі ў М.У. З канца 19 ст. пачалося масавае перасяленне ў М.У. кіт. каланістаў. У 1932—45 значная частка М.У. акупіравана яп. войскамі, якія намагаліся стварыць сабе апору з мясц.манг. князёў. З 1947 аўт. раён Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІСІ́ПІ (Mississippi),
штат на Пд ЗША, на левым беразе р. Місісіпі, на Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 123,6 тыс.км². Нас. 2730,5 тыс.чал. (1997). Адм. ц., найб. горад і прамысл. цэнтр — Джэксан. Большая ч. паверхні — нізінная, месцамі забалочаная раўніна, якую перасякаюць шматлікія прытокі р. Місісіпі. На Пн — узгоркі выш. да 246 м. Клімат субтрапічны вільготны. Т-ра паветра ў студз. каля 8 °C, у ліп. каля 30 °C. Штогод выпадае больш за 1 тыс.мм ападкаў. Пад лесам каля палавіны тэрыторыі. На Пн — лісцевыя лясы, на Пд — лясы з доўгаіглістай хвоі, на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. — зараснікі балотнага кіпарысу. М. — індустр.-агр. штат. У прам-сці гал. роля належыць вытв-сці хімікатаў і пластмас, харч. прадуктаў, дрэваапрацоўцы, эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванню (у т. л. рачное і марское суднабудаванне), тэкст. і швейнай галінам. Здабыча нафты (каля 10 млн.т штогод), прыроднага газу, цэм. сыравіны, інш.буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне бавоўніку, рысу, соі. Меншае значэнне маюць кукуруза, пшаніца, цукр. трыснёг. Гадуюць (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 1300, свіней — 240, птушку — 11 100. Вытв-сць бройлераў. Лесанарыхтоўкі (хвоя, дуб, пароды з цвёрдай драўнінай). Марское і рачное рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі і рачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.
Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс.т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс.т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.
П.І.Рогач.
Да арт.Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБРА́СКА (Nebraska),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас.р. Місуры. Пл. 200,3 тыс.км². Нас. 1662,7 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч.тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс.км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як 2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ХРЫД (Ohrid),
горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс.ж. (1999). Чыг. ст.Міжнар. аэрапорт. Харч.прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш.арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст.н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч.прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.
Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.
П.І.Рогач.
Да арт.Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.