ПАЛЯВО́ДСТВА,

вытворчасць прадукцыі палявых культур (збожжавых, тэхн., кармавых і інш.); галіна раслінаводства. Адна з найб. механізаваных с.-г. галін. Спалучае вырашэнне нар.-гасп. і навук. задач земляробства, грунтуецца на дасягненнях аграноміі, глебазнаўства, біялогіі і селекцыі с.-г. раслін і інш. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, лёгкую, харч. і інш. прам-сці сыравінай, жывёлагадоўлю кармамі.

Як галіна практычнай дзейнасці чалавека П. бярэ пачатак ад прымітыўных форм земляробства ў эпоху першабытна-абшчыннага ладу. З развіццём грамадскіх вытв. адносін, што суправаджалася ўкараненнем у с.-r. вытворчасць больш дасканалых сістэм земляробства, П. набывала ролю магутнага фактару ўздзеяння на прыроду (ператварэнне прыродных зямель у с.-г. ўгоддзі, замяшчэнне натуральных біягеацэнозаў культурнымі, хімізацыя, меліярацыя і інш.).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)