ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.​Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.​Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.​Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.М.Пташук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),

французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв. сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.​Бурносаў і Р.​Канавалаў.

Тв.:

Бел. пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;

Рус. пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.

Літ.:

Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.

Л.​А.​Казыра.

Ф.Рабле.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Канстанцін) (5.4.1793—6.4.1869),

палітычны дзеяч, мецэнат, адзін з першых бел. фалькларыстаў. Сын Мацея Радзівіла. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка ў Навагрудскім пав., які быў адным з культ. асяродкаў у краі. Збудаваў Паланэчкаўскі палац. Сабраў значную б-ку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Ю.Пешкі, Я.Рустэма, гравюры, габелены, медалі. Камергер імператарскага двара. У 1820 уступіў у тайнае паліт. т-ва «Нацыянальнае масонства», а ў 1821 далучыўся да яго пераемніка — Патрыятычнага таварыства (чл. к-та Літ. правінцыі). Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў 1825 быў арыштаваны. У 1850-я г. даслаў у Рус. геагр. т-ва «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета» (зберагаюцца ў архіве т-ва). Склаў слоўнічак мясц. слоў, апісаў знешні выгляд навагрудскіх сялян, іх адзенне, абрады на Купалле, Дзяды, Куццю, сял. вяселле. Запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.

Літ.:

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Мн., 1986;

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 317—321.

В.​С.​Пазднякоў.

К.С.Радзівіл. Пане Каханку. Карціна 18 ст.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЗВЕЛЬТ ((Roosevelt) Тэадор) (27.10.1858, Нью-Йорк — 6.1.1919),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1880), вучыўся ў Калумбійскай (Нью-Йорк) юрыд. школе. Належаў да Рэсп. партыі (з 1880). У 1881—84 дэп. асамблеі штата Нью-Йорк. З 1889 чл. камісіі палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША па грамадз. прызначэннях. У 1895—97 паліцэйскі камісар Нью-Йорка. У крас. 1897 — маі 1898 нам. ваенна-марскога міністра. Удзельнік ісп.-амер. вайны 1898 на Кубе. З 1899 губернатар штата Нью-Йорк. З 1900 віцэ-прэзідэнт ЗША, пасля забойства прэзідэнта У.​Мак-Кінлі (з 1897) — прэзідэнт ЗША (26-ы, 1901—09). Праводзіў экспансіянісцкі знешнепаліт. курс у Лац. Амерыцы (палітыка «вял. дубінкі», захоп амер. войскамі зоны Панамскага канала ў 1903, акупацыя ўзбр. сіламі ЗША Кубы ў 1906—09 і інш.). Пасрэднік на перагаворах паміж Японіяй і Расіяй па заключэнні Портсмуцкага мірнага дагавора 1905. Аўтар гіст.-літ. прац «Ваенна-марскія дзеянні ў вайну 1812 г.» (1880), «Заваяванне Захаду» (т. 1—4, 1889—96) і інш., публіцыстыкі, артыкулаў па арніталогіі, біяграфій паліт. дзеячаў ЗША Г.​Морыса, Т.​Х.​Бентана. Нобелеўская прэмія міру 1906.

Літ.:

Уткин А.И. Теодор Рузвельт: Полит. портрет. Свердловск, 1989.

Т.Рузвельт.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд. ч. Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж. Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл. Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.

Літ.:

Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.

М.​С.​Корзун.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),

князь гродзенскі, трокскі, вял. кн. ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛ Скіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял. кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.

М.​І.​Ермаловіч.

Вітаўт. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГАНЕ́Ц (Карусь) (сапр. Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),

бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.​Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.​Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.​Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.

Тв.:

Творы. Мн., 1979.

Літ.:

Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;

Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;

Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;

Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.​І.​Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

К.Каганец.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),

бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.​Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.​Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;

Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў, В.​А.​Чамярыцкі.

Кірыла Тураўскі. Мастак І.​Пратасеня.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,

найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.​Дз.​Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр. дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.

У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.​Ф.​Грачэўскі, М.​М.​Рагачоў, М.​П.​Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

Літ.:

Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;

Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.

В.​В.​Сяргеенкава.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.​Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.​Тургенева, А.​Ганчарова, А.​Пісемскага, Г.​Гейнэ, раннія творы Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.​Чарнышэўскага, М.​Дабралюбава, інш. рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.​Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.​Ж.​Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.​Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».

Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.​Багдановіча народнік А.​Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1955—56;

Исторические эскизы: Избр. ст. М., 1989;

Литературно-критические статьи. Мн., 1976;

Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1939.

Літ.:

Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.​И.​Писарева. Л., 1987;

Искра Л.М. Д.​И.​Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;

Кузнецов Ф.Ф. Круг Д.​И.​Писарева. М., 1990;

Мир Писарева. М., 1995.

У.​М.​Конан.

Дз.І.Пісараў.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)