КА́ВЕРЫ,

рака на Пд Індыі. Даўж. каля 800 км, пл. бас. 82,3 тыс. км. Пачынаецца на схілах Зах. Гатаў, перасякае паўд. ч. Дэканскага пласкагор’я, дзе ў вузкіх цяснінах утварае вадаспады (выш. да 91 м), упадае ў Бенгальскі заліў (пл. дэльты каля 10 тыс. км²). Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Сярэдні гадавы расход вады 550 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, на вадаспадах ГЭС. 2 буйныя вадасховішчы. Суднаходная ў вусці і на асобных участках у сярэднім цячэнні. На К. — г. Тыручырапалі.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБНО́Р,

бяссцёкавае возера на У Тарымскай раўніны, у Кітаі. Выш. ўзроўню каля 780 м. Месцазнаходжанне, памеры, контуры і салёнасць вады моцна мяняюцца на працягу года або сезона, што абумоўлена зменамі расходу вады і міграцыямі вусцевых участкаў рэк Тарым і Канчэдар’я. Макс. пл. сучаснага Л. дасягае 3 тыс. км², даўж. больш за 100 км, сярэдняя глыб. каля 1 м. Акаймаваны багністымі саланчакамі і балотамі, у малаводныя перыяды распадаецца на некалькі плёсаў або перасыхае. Даследаваў рас. падарожнік М.М.Пржавальскі.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.

Лаганец асенні.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Стыр, каля аўтадарогі Пінск—Столін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад горада і 25 км ад чыг. ст. Пінск, 196 км ад Брэста. 428 ж., 149 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Доме культуры музей рус. паэта А.А.Блока. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту і бронз. веку.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ БАГУШЭ́ВІЧА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 500 м на З ад в. Кушляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., дзе жыў Ф.​К.​Багушэвіч. Гранітны валун. Даўж. 2,6 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,5 м, у абводзе 6,5 м, аб’ём 2,7 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой роўнай пляцоўцы высечана «Pamięci Macieja Buraczka 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка 1900 г.).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУНО́Р (манг. сіняе возера),

Цынхай, бяссцёкавае салёнае возера ў Кітаі, ва ўсх. ч. гор Наньшань. Даўж. каля 105 км, шыр. да 65 км, пл. каля 4,2 тыс. км², глыб. да 38 м. Размешчана на выш. 3205 м, займае цэнтр. ч. Кукунорскай раўніны. Берагі слаба расчлянёныя, развіты стараж. азёрныя тэрасы (выш. да 50 м). Пясчаныя астравы. У К. упадаюць 23 ракі, найб. р. Бух-Гол утварае дэльту. З ліст. да сак. ледастаў. Багатае рыбай. Фауністычны заказнік Цынхайху.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЦІЧЫ,

вёска у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 29 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 60 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Бабічы. 1020 ж., 476 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Каля вёскі гарадзішчы мілаградскай (7—3 ст. да н. э.) і зарубінецкай (2 ст. да н. э. — 5 ст. н. э.) культур.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РДЫФ (Cardiff),

галоўны горад Уэльса (Вялікабрытанія). Адм. ц. графстваў Саўт-Гламорган і Мід-Гламорган. Засн. каля 75.284 тыс. ж. (1991). Порт у Брыстольскім зал. Аэрапорт. Прамысл. і культ. цэнтр Уэльса. Прам-сць: металургічная, маш.-буд., харч., папяровая, паліграфічная. Уэльскі ун-т. Нац. музей Уэльса. Уэльскі нар. музей (нар. мастацтва). Арх. помнікі: замак (каля 1090), Ландафскі сабор (12—15 ст.), царква Сент-Джон (15 ст.), ратуша (1904), Храм Міру (1938). Цэнтр уэльскай культуры (фестывалі песні, музыкі і паэзіі).

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)