РО́ТМАН (Давід Генрыхавіч) (н. 12.11.1944, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. сацыёлаг і палітолаг. Д сацыялагічных н. (1992), праф. (1996). Скончыў БДУ (1972) і працаваў там з 1974 (у 1986—92 заг. аддзела). З 1997 дырэктар Цэнтра сацыялагічных і паліт. даследаванняў. Навук. працы па метадалогіі і тэхналогіі сацыялагічных даследаванняў, праблемах адукацыі, культуры і міжнац. адносін. Распрацаваў канцэпцыю аператыўных і сацыялагічных даследаванняў, шэраг методык арганізацыі электаральных сацыялагічных даследаванняў.

Тв.:

Оперативные социологические исследования. Мн., 1997 (у сааўт.);

Электоральные исследования: сущность и технология // Социол. исслед. 1998. № 9;

Общественно-политическая и экономическая ситуация в стране: Метод. подходы к анализу результатов исслед. // Социология. 1999. № 2;

Политика, выборы и электоральное поведение. Мн., 2000 (у сааўт.).

А.​В.​Нікіфараў.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЯНО́К (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 9.8.1943, в. Новыя Юркавічы Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д біял. н. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). З 1972 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біяфізіцы і фотабіялогіі энергаспалучальных мембран і тэрмінальных аксідаз дыхальнага ланцуга.

Тв.:

Мембранный контроль реакции фотодеблокирования цитохромоксидазы в электронтранспортной цепи митохондрий (разам з С.​В.​Коневым, Л.​М.​Выбіранец) // Биофизика. 1993. Т. 38, вып. 6;

Фотодеблокирование цитохромоксидазы, ингибированной цианидом: роль межгемового переноса электронов (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, №6;

Механизм взаимодействия цитохромс-оксидазы с ингибиторами — лигандами ее окисленной формы (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1999. №4.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел. дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн. вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец. абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.​Гастэлы (Мінск), Полацкі з-д с.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-д быт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.

М.​Л.​Поўх.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз. танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз. танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.

У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв. гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз. танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз. танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз. танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.​Волкаў. 1946—55.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАФЕ́ЕЎ (Барыс Васілевіч) (10.5.1909, в. Пендзелка Пензенскай вобл., Расія — 24.11.1995),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1940); д хім. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). У 1939—11 і 1952—58 дырэктар Ін-та хіміі, з 1959 першы дырэктар Ін-та фізіка-арган. хіміі, у 1953—56 віцэ-прэзідэнт АН БССР, адначасова (з 1951) праф. БДУ. У 1965—76 у Маскоўскім пед. ін-це, з 1976 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тапахіміі, фізікахіміі палімераў. Вывеў у матрычнай форме ўраўненне кінетыкі паслядоўных рэакцый першага парадку; тапакінетычныя ўраўненні (1950). Распрацаваў ліганда-палявую тэорыю гетэрагеннага каталізу, каталітычныя сістэмы для полімерызацыі алефінаў, антыблочную кампазіцыю для цэлафанавай вытв-сці. Прапанаваў і арганізаваў вытв-сць браняшкла для самалётаў (1943). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Кинетика гомогенного катализа. Мн., 1977 (разам з У.​А.​Тулупавым);

Циклогекса—1,3—диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з С.​Ф.​Навумавай, В.​Д.​Юрынай).

Літ.:

Б.​В.​Ерофеев: (к 80-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1989.

Б.В.Ерафееў.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ВАРАНАК (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;

Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);

Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. хімік. Акад. Нац. АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д хім. н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМ БССР па каардынацыі н.-д. работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім. асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.

Тв.:

Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Юркштовіч);

Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.​П.​Мардыкіным).

Літ.:

Ф.​Н.​Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.

П.​М.​Бараноўскі.

Ф.М.Капуцкі.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЛЕ́Р ((Baudelaire) Шарль) (17.4.1821, Парыж — 31.8.1867),

французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.​По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.​Гаўрук, У.​Жылка, З.​Колас, С.​Ліхадзіеўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.

Літ.:

Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.

Ш.Бадлер.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШЭ́ВІЧ (Галіна Аляксандраўна) (н. 18.6.1932, Слуцк),

бел. фалькларыстка. Д філал. н. (1994). Скончыла БДУ (1956). У 1957—93 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследуе праблемы бел. фалькларыстыкі і нар. педагогікі, дзіцячы, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы сучасны фальклор. Складальнік зб-каў «Песні савецкага часу» (1970), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Ходзіць жораў па таку» (1993) і інш. Адзін са складальнікаў кн. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Веснавыя песні» (1979, аўтар уступу і камет.), «Валачобныя песні» (1980), «Беларускія народныя казкі» (1981, 2-е выд. 1986), «Казкі ў сучасных запісах» (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Сустрэчы з казкай. Мн., 1984 (разам з К.​П.​Кабашнікавым);

Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляднай маст. асновы замоў. Мн., 1990;

Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.​Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.​Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.​Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.​Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це.

З.І.Браварская.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)