АГО́Л Іосіф (Ізраіль) Іосіфавіч (2.12.1891, г. Бабруйск — 10.3.1937),

украінскі генетык і філосаф. Акад. АН УССР (1934). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1918—19 чл. і сакратар Мінскага губ. рэўкома, сакратар Мінскага гарвыканкома, нам. камісара па справах фінансаў БССР. Чл. ЦВК Літбела. З 1924 супрацоўнік Ін-та філасофіі, секцыі прыродазнаўчых навук Камуніст. акадэміі. Працаваў у ЗША па праблемах генетыкі дразафілы, з 1934 у АН УССР. Аўтар прац па праблемах генетыкі, арган. мэтазгоднасці, філас. пытаннях прыродазнаўства. У 1936 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Происхождение животных и человека. М., 1924;

Диалектический метод и эволюционная теория. М.; Л., 1927.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯКО́Ў Аляксандр Васілевіч (21.12.1897, в. Бяззубава Арэхава-Зуеўскага р-на Маскоўскай вобл. — 1982),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1943). Герой Сав. Саюза (1936). Д-р геагр. н., прафесар. Скончыў ваен. вучылішча (1917), авіяц. школу (1921). У 1930—35 у Ваен.-паветр. акадэміі імя М.​Я.​Жукоўскага. У 1936—37 удзельнік беспасадачных пералётаў (штурман) Масква — в-аў Уд (Чкалаў) і Масква—Паўн. полюс — ЗША з В.П.Чкалавым і Г.​П.​Байдуковым. З 1940 нач. Разанскай вышэйшай авіяц. школы штурманаў. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Берлінскай аперацыі 1945; гал. штурман паветр. арміі. У 1945—60 у Ваенна-паветр. акадэміі. Аўтар прац па аэранавігацыі.

А.В.Белякоў.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН-ГУРЫЁН Давід (16.10.1886, г. Плоньск, Польшча — 1.12.1973),

дзяржаўны дзеяч Ізраіля. Прымкнуў да Сіянісцкага сацыялістычнага руху ў Польшчы. У 1906 эмігрыраваў у Палесціну, дзе быў абраны ў ЦК сіянісцкага рабочага руху Паалей Цыён. У 1916—18 засн. у ЗША арг-цыі Хехалуц і Яўрэйскі легіён. З 1920 чл. Галоўнай рады Сусв. сіянісцкай арг-цыі. У 1921—35 кіраўнік арг-цыі Хістадрут. У 1930—63 лідэр партыі Мапаі. У 1935—48 старшыня прэзідыума Яўр. Агенцтва. У 1948—53, 1955—63 прэм’ер-міністр, міністр абароны Ізраіля. Аўтар публікацый па пытаннях узнікнення дзяржавы Ізраіль і яе адносін з араб. краінамі.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.​Вашынгтона работы Г.​Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯНО́СЦЫ (Dasypodidae),

сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).

Даўж. цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Браняносец дзевяціпаясны.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЯНТ (Bryant) Уільям Кален (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР (Breuer) Марсель Лаяш (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,

метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац. валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар. эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver) Джордж (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)