НАБО́КАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (24.4.1899, С.-Пецярбург — 2.7.1977),
рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр.кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т. л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл.драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.Багданава.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Собр. соч. американского периода: В 5 т.Т. 1—4. СПб., 1997;
Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;
Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;
Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.
Літ.:
Шаховская З. В поисках Набокова;
Отражения. М., 1991;
Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;
Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;
Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПА́НІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Белтэлерадыёкампанія. Бярэ пачатак ад створанага ў 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925. Назва, функцыі, структура арг-цыі мяняліся адпаведна з развіццём і задачамі радыёвяшчання і тэлебачання.
У пач. 1926 створана Радыёкалегія пры аддзеле агітацыі і прапаганды ЦККП(б)Б, з ліп. 1928 у веданні Нар. камісарыята поштаў і тэлеграфаў, з крас. 1932 — Усебел. к-т радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, з снеж. 1933 К-т радыёфікацыі і радыёвяшчання пры СНКБССР (з сак. 1946 пры СМБССР), з жн. 1949 К-т радыёінфармацыі пры СМБССР, з мая 1953 Гал. ўпраўленне радыёінфармацыі Мін-ва культуры БССР, з чэрв. 1957 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з мая 1962 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з снеж. 1965 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМБССР, з крас. 1967 Дзярж.к-тСМБССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з ліп. 1970 Дзярж.к-тСМБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1978 Дзярж.к-т Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з студз. 1992 Нац.дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі Мін-ва інфармацыі Рэспублікі Беларусь. з сак. 1994 Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1994 — сучасная назва.
Арганізуе і каардынуе работу разгалінаванай сеткі тэле- і радыёвяшчання, распрацоўвае і ўкараняе на практыцы канцэпцыю перспектыўнага развіцця нац. вяшчання і ўдасканалення тэхн. базы, вызначае прыярытэтныя кірункі ў рабоце калектыву. У складзе Белтэлерадыёкампаніі — Рэспубліканская студыя тэлебачання, Рэсп. радыё, рэсп. радыётэлецэнтр (РРТЦ), распарадчая дырэкцыя, рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае і Магілёўскае абл. тэлерадыёаб’яднанні. У склад Бел. радыё ўваходзяць дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыя «Сталіца», у склад Бел. тэлебачання — дырэкцыя праграм, 8 вяшчальных рэдакцый, творчае аб’яднанне «Тэлефільм». На базе рэдакцый інфарм. праграм тэлебачання і радыё створана Інфарм. агенцтва Белтэлерадыёкампаніі. Працуюць таксама сімф. аркестр, акад. і дзіцячы хары, ансамбль нар. музыкі «Бяседа», фальклор-тэатр «Госціца» і камерна-інстр. ансамбль. Белтэлерадыёкампанія — член Еўрапейскага вяшчальнага саюза 42 дзяржаў.
Літ.:
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Мінскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 285 км, пл. вадазбору 5,2 тыс.км². Пачынаецца на Мінскім узв. за 1,5 км на ПдУ ад в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл., вусце на паўд.-ўсх. ускраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Цячэ па цэнтр.ч. Мінскага ўзв. і па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прытокі: Вяча (упадае ў Заслаўскае вадасховішча), Волма, Балачанка (злева), Цітаўка, Талька, Сіняя (справа). Даліна ў вытокавай частцы V-падобная і скрынепадобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 400—600 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя, выш. 10—12 м, парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая, радзей аднабаковая, чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, пераважна адкрытая, шыр. 300—500 м у верхнім, 0,8—1 км у ніжнім цячэнні. Рэчышча ад вытоку на працягу 4 км звілістае, месцамі каналізаванае, шыр. 3—4 м. У вярхоўі ад в. Векшыцы Мінскага р-на на працягу амаль 10 км з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У межах г. Мінска рэчышча шыр. 25—30 м, утварае 8 лукавін, каналізавана на 7 участках агульнай працягласцю 7,9 км (да в. Каралішчавічы Мінскага р-на). У цэнтры горада берагі забетанаваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шыр. 25—50 м; берагі выш. 2—3 м, месцамі 6—8 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Да буд-ва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы веснавое разводдзе пачыналася ў 2-й пал.сак., доўжылася 50 сут, найвыш. ўзроўні ўсталёўваліся ў сярэдзіне мая, найніжэйшыя — у ліп. і жн.; замярзала ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 45—50 мус. Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасх. (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк С. ўплывае таксама перакідка вады з р. Вілія па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. 3 вадасх. Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму. У Мінску і ніжэй рака моцна забруджана прамысл. і быт. сцёкамі. На С. — Асіповіцкая ГЭС, гарады Мінск, Заслаўе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРГО́НЬ,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Оксна (левы прыток р. Вілія) і яе прытоку р. Гервятка. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Вільнюс, вузел аўтадарог на Маладзечна, Вільнюс, Крэва, Свір. За 260 км на ПнУ ад Гродна. 36,7 тыс.ж. (2001).
Вядома з 15 ст. ў ВКЛ як прыватнае мястэчка Зяновічаў, з 1-й пал. 17 ст. — Радзівілаў, Пшаздзецкіх. Мела таксама назвы Смургоні, у 19 ст. — Смаргоні. Каля 1590 у С. засн. папяровая мануфактура, школа, шпіталь. У 1622 у С. 139, у 1640—155 домаўласнікаў, 20% жыхароў займаліся рамяством. У 17 ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў — «Смаргонскую акадэмію». У 1788 у С. 3 фальваркі, 393 двары. 3 бровары, 3 млыны, 2 прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, гарбарня. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. (з 2-й пал. 19 ст. цэнтр воласці). У вайну 1812 пры адступленні франц. войск у С. спыняўся імператар Напалеон, тут ён перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату. У 19 ст. — пач. 20 ст. С. — цэнтр гарбарнай і швейнай прам-сці Беларусі. Развіццю мястэчка спрыяла буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897—7,5 тыс.ж., у 1900—10,2 тыс.ж., пошта, 2 вучылішчы, 2 багадзельні, 2 бальніцы, 2 царквы, касцёл, 2 сінагогі; з-ды: 44 гарбарныя, 2 вінакурныя, 2 махорачна-тытунёвыя, мылаварны, 2 піваварні; 75 крам, штотыднёвыя кірмашы. У 1-ю сусв. вайну у 1915—18 праз С. праходзіла лінія фронту, мястэчка разбурана. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Смаргонскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 3896 чал. У 1970—10,1 тыс. ж.
Працуюць Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання, Смаргонскі завод сухога абястлушчанага малака, прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон», з-ды агрэгатны, камбікормавы, ліцейна-мех., ільнозавод; 7 сярэдніх школ, у т. л. школа-інтэрнат, 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, Дом творчасці дзяцей і моладзі, Дом культуры, Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік вызваліцелям. Помнікі архітэктуры: Смаргонскі кальвінскі збор, капліца.
Літ.:
Ковкель И.И., Мараш И.Я. Сморгонь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІН,
горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс.ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.А.Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.
Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр.мед. аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».
Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г.Столін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЕНАВЫ́Х МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці буд. матэрыялаў па выпуску вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні сцен будынкаў. Уключае прадпрыемствы па вытв-сці сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, асабліва бетонных і жалезабетонных, цэглы для ўзвядзення будынкаў і збудаванняў. З развіццём прадукцыйных сіл адасобілася ў самастойную галіну цяжкай індустрыі. Сканцэнтравана ў межах буд. індустрыі, усе яе галіны цесна ўзаемазвязаны і ўтвараюць спецыфічныя індустр.-буд. тэр. спалучэнні. У капітальным буд-ве найб. пашыраны каменныя сценавыя матэрыялы, якія звычайна падзяляюцца на драбнаштучныя, што ўкладваюцца ўручную [гліняная і сілікатная цэгла, керамічныя шматпустотныя бетонныя і шлакабетонныя камяні, пілаваныя камяні з лёгкіх горных парод (туф, вапняк)], і буйнапамерныя (блокі са звычайнага, лёгкага або сілікатнага бетону, сценавыя панэлі). Пры буд-ве сцен малапавярховых будынкаў, часовых пабудоў і інш. выкарыстоўваюцца танныя мясц. матэрыялы. Размяшчэнне С.м.п. арыентуецца на крыніцы прыроднай сыравіны і раёны капітальнага буд-ва. Адносна лёгкія ўмовы здабычы і высокае ўтрыманне кампанентаў робіць мінер.-буд. сыравіну даволі таннай, яна, як правіла, не патрабуе папярэдняга абагачэння. Многія сценавыя матэрыялы (жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, цэгла і інш.) маюць параўнальна невысокі кошт і вял. аб’ёмную вагу і з-за гэтага — нізкую транспартабельнасць, меншую, чым зыходная сыравіна. Неабходнасць скарачэння трансп. выдаткаў патрабуе набліжэння С.м.п. да месцаў спажывання.
У дарэв. Беларусі асн. сценавым матэрыялам была цэгла, якую выраблялі на малых з-дах. Найбольшыя цагельні дзейнічалі ў Мінску, адносна буйныя — у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, невялікія — у Бабруйску, Полацку, Лідзе, Оршы, Рагачове, Кобрыне. У 1913 выраблена 58 млн. штук цэглы. У 1920—30-я г. цагельні рэканструяваны, пабудаваны новыя з-ды па выпуску глінянай і сілікатнай цэглы, з’явіліся вытв-сці і тэхналогіі, якіх раней не было (выпуск арміраваных пенасілікатных і сілікатабетонных блокаў і панэлей, сценавых аглапарытавых панэлей і інш.). Склалася спецыялізацыя асобных прадпрыемстваў галіны. Буйныя прадпрыемствы засяроджаны ў Мінску і абл. цэнтрах, Салігорску, Оршы, Клімавічах, Смаргоні і інш. У 2000 С.м.п. вырабіла 0,8 млрд. штук цэглы, 1,7 млн.м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 0,1 млрд. штук умоўных блокаў, 8,9 млн.м² керамічнай пліткі і інш. Цэглу вырабляюць больш як на 200 прадпрыемствах, з іх асноўныя: Брэсцкі, Віцебскі, Гарынскі, Гродзенскі, Клімавіцкі, Мінскі, Полацкі камбінаты буд. матэрыялаў, Мінскі, Магілёўскі, Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, аб’яднанне «Смаргоньсілікатабетон», Обальскі керамічны завод і інш.Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЭ́НА (лац. scaena ад грэч. skēnē палатка, шацёр, тэатр. падмосткі),
1) месца тэатр. дзеяння; адна з асн. частак тэатр. будынка. Сучасны тып С. склаўся ў выніку эвалюцыі, абумоўленай развіццём тэатр. мастацтва і прынцыпаў дэкарацыйнага афармлення спектакля.
Еўрап. С. ўзнікла як архестра стараж.-грэч.т-ра (круглая пляцоўка для выступлення акцёраў і хору). У эпоху элінізму месцам выступлення служыў праскеній, у стараж.-рымскім т-ры — прасцэніум. У сярэднія вякі паявіліся С. з сімультанным прынцыпам дэкарацыі — адначасова ставіліся ўсе дэкарацыі, неабходныя па ходу дзеяння. У 17 ст. ў Англіі склаўся тып т.зв. шэкспіраўскай С.: памост, падняты на вышыню чалавечага росту і падзелены дзвюма калонамі на гал. і сярэднюю С., за якімі была ўнутр. С., над ёй — верхняя. У пач. 16 ст. ў Італіі з’явіўся новы тып С., якая мела глыбінны планшэт з перспектыўнымі дэкарацыямі. Далейшая эвалюцыя ішла па шляху ўдасканалення С.-каробкі: кулісная сістэма абсталявання, кулісныя машыны, павільённыя дэкарацыі, гідраўлічныя пад’ёмнікі, паваротны круг, плунжэры (механізаваныя пад’ёмныя часткі планаў С.) у спалучэнні з накатнымі пляцоўкамі (фуркамі).
Класічны тып сучаснай С. — замкнёная каробка, злучаная з глядзельнай залай партальнай адтулінай, т.зв. люстэркам С. Сцэн. каробка падзяляецца на 3 часткі: ніжнюю — 1—2 і больш паверхаў падсцэнных памяшканняў-трумаў; сярэднюю, на якой адбываецца тэатр. дзеянне; верхнюю, абмежаваную столлю-каласніком. Вышэй знаходзіцца каласніковая прастора, па баках — кішэні — памяшканні для манціроўкі складаных аб’ёмных дэкарацый. Па бакавых частках верхняй С. размяшчаюцца вузкія, у некалькі ярусаў рабочыя галерэі з механізмамі і інш.
На Беларусі класічны тып С. склаўся ў 17—18 ст. у школьным т-ры. У 2-й пал. 18 ст. адна з самых вялікіх і добра абсталяваных С. была ў Слуцкім т-ры Радзівіла, Слонімскім т-ры Агінскага. Развітую сцэн. частку класічнага тыпу маюць сучасныя будынкі т-раў імя Я.Купалы, Я.Коласа, М.Горкага, Бел.дзярж.муз.т-ра, абл.драм. т-раў у Магілёве, Гомелі, Гродне і інш. 2) Асобная частка дзеі, акта, п’есы, спектакля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУР Юрый Мікалаевіч (н. 4.3.1937, Мінск),
бел. тэатральны мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1964—70 і ў 1973—94 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (у 1974—89 гал. мастак), у 1970—73 — у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. У дэкарацыях арганічна спалучае зрокавыя вобразы, жывапіс і асвятленне з характарам падзей спектакля. У рус. т-ры аформіў спектаклі: «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона і «Дзеці сонца» М.Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В.Кажэўнікава (1967), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча і «Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі (1968), «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А.Твардоўскага і «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча і «Лазня» У.Маякоўскага (1977), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» (1985) паводле В.Быкава, «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М.Шатрова (1979), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (разам з Я.Волкавым) і «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1981), «Гамлет» У.Шэкспіра і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А.Розанава і «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай (1987), «І быў дзень» («Злом») А.Дударава і «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.О’Ніла (1988), «Курыныя галовы» Дз.Шапіры і «Тут жывуць людзі» А.Фугарда (1989), «Свабодны шлюб» Д.Фо, Ф.Рашэ (1994). У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «Том — вялікае сэрца» С.Багамазава і С.Шатрова (1962), «Бялее ветразь адзінокі» В.Катаева (1970), «Несцерка» В.Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Я.Купалы і М.Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (усе 1972), у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «На бойкім месцы» А.Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка (1973), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1974); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Пяць рамансаў у старым доме» У.Аро (1982), «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі») К.Крапівы (1983); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980), балет «Курган» Я.Глебава (1982).
П.А.Карнач.
Ю.Тур. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Дзеці сонца» М.Горкага. 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕРАСІ́ЙСКАЯ НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ І БАНДЫТЫ́ЗМАМ (ВЧК),
орган дзярж. бяспекі ў Сав. дзяржаве ў 1917—22, які спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа.
Створана па ініцыятыве У.І.Леніна, паводле дэкрэта СНК ад 7(20).12.1917 у сувязі з актывізацыяй антысавецкай контррэвалюцыі і крымін. злачыннасці. ВЧК былі дадзены надзвычайныя паўнамоцтвы. Старшыня — Ф.Э.Дзяржынскі, інш. кіраўнікі — Г.А.Атарбекаў, В.Э.Кінгісеп, М.Я.Лаціс, В.Р.Мянжынскі, Я.Х.Петэрс, І.С.Уншліхт, М.С.Урыцкі, С.Е.Шчукін і інш.
У 1918 створаны мясц. органы ВЧК — губ., пав. (да студз. 1919), транспартныя, франтавыя і армейскія Надзвычайныя камісіі (ЧК). На ВЧК ускладаліся задачы па ліквідацыі контррэвалюцыі, сабатажу, барацьбе супраць спекуляцыі, злоўжыванняў па пасадзе і інш., перадача вінаватых суду Ваен.-рэв. трыбунала. У сувязі з увядзеннем пастановай СНК ад 5.9.1918 палітыкі масавага «чырвонага тэрору» ВЧК атрымала карныя, у т. л. судовыя, правы для яе ажыццяўлення. З паляпшэннем становішча на франтах і ўнутры краіны ў 1919 вынясенне прыгавораў па ўсіх справах ВЧК зноў перададзена трыбуналам (акрамя карных правоў на тэр., абвешчаных на ваен. становішчы, а таксама для спынення ўзбр. выступленняў). У грамадз. вайну ВЧК выкрыла і ліквідавала эсэраўскія і інш. антысавецкія арг-цыі («Саюз абароны радзімы і свабоды», «Саюз абароны Устаноўчага сходу» і інш.), выкрыла антысав. змовы («Нац. цэнтра», «Тактычнага цэнтра» і інш.).
На Беларусі з пач. 1918 ствараліся мясц. надзвычайныя камісіі (ЧК). 25.2.1918 створана ЧКЗаходняй вобласці на чале в В.І.Яркіным, 29.4.1918 — Віцебская губ.ЧК, у маі — Магілёўская губ.ЧК, у маі—вер. 1918 — Аршанская, Гарадоцкая, Полацкая, Рагачоўская, Лепельская, Бешанковіцкая, Быхаўская, Мсціслаўская, Жлобінская і інш.пав.ЧК. У ліст. 1918 органы ВЧК ліквідавалі ў Магілёве контррэв. арг-цыю Святаполк-Мірскага і Эрастава, якая дапамагала зброяй укр. гетману П.П.Скарападскаму. З удзелам органаў і атрадаў ЧК у жн. 1918 разгромлены антыбальшавіцкія паўстанні ў Оршы і Сянне, вясной 1919 — у Гомелі, Рагачове, Карме, Горацкім пав.; у канцы мая 1921 у Гомелі выкрыты і ліквідаваны Зах.абл.к-т «Саюза абароны радзімы і свабоды» і падпарадкаваныя яму губ., пав. к-ты і валасныя ячэйкі на тэр. Гомельскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.; разгромлены атрады антысав. паўстанцаў. Паводле рашэння IX з’езда Саветаў пастановай ВЦВК ад 6.2.1922 ВЧК скасавана, створана Дзярж.паліт. ўпраўленне (ДПУ) Наркамата ўнутр. спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНТАВЫ́Я ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
прафесійныя тэатр. калектывы, прызначаныя для культ. абслугоўвання вайск. часцей у франтавых і прыфрантавых зонах, ваенізаваных тылавых устаноў і арганізацый (мабілізацыйных і эвакуацыйных пунктаў, шпіталяў, лазарэтаў). Былі пашыраны ў грамадз. і Вял.Айч. войны. На Беларусі першы франтавы т-р створаны ў студз. 1919 пры Мінскім Доме асветы (у кастр. 1919 пераведзены ў Смаленск). У грамадз. вайну на Зах. фронце пры палітаддзеле 16-й арміі дзейнічалі паказальныя тэатры. У чэрв. 1941 створана першая франтавая бел.тэатр.-канцэртная брыгада (з часцямі 3-га Бел. фронту дайшла да Усх. Прусіі), ядро якой склалі акцёры Гомельскага абл.драм.рус.т-ра С.Астравумаў, З.Аўчарова, П.Галышоў, І.Кірэеў, Я.Палосін, І.Пацюткоў, М.Персцін, П.Чарноў, а таксама ў розны час уваходзілі музыканты і артысты муз. т-раў Г.Альшэўская, М.Бергер, А.Бяссмертны, Ю.Гузок, Д.Кроз, М.Маслоўскі, І.Сайкоў і інш. Кіраўнікі (у розны час) — Р.Прагін, Бяссмертны, Персцін. У рэпертуары — «Рускія людзі» К.Сіманава, «Ілгуння» («Мая жонка — ілгуння») М.Мэё і М.Энекена, канцэртныя выступленні. У 1943 у Маскве адноўлены як франтавы Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі, які абслугоўваў гвардз. часці паветрана-дэсантных войск, часці 1-га Бел. фронту. Летам 1943 на Калінінскі фронт выязджала франтавая брыгада БДТ-1 у складзе Г.Глебава (кіраўнік), Р.Кашэльнікавай, П.Пекура, В.Полы, Л.Рахленкі, З.Стомы, Э.Шапко, М.Шашалевіч, Б.Янпольскага і інш. У рэпертуары — «Скупы» Мальера і канцэртнае выступленне. У 1944 створана 2-я франтавая брыгада т-ра пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага. У рэпертуары — «Прымакі» Я.Купалы, «Валодзеў гальштук» К.Крапівы, канцэртная праграма. У. часці 1-га Бел. фронту вясной 1944 выязджала франтавая брыгада БДТ-2 у складзе Т.Бандарчык, М.Бялінскай, Я.Гаробчанкі, Л.Мазалеўскай, П.Малчанава (кіраўнік). А.Радзялоўскай, Ф.Шмакава. У рэпертуары — «Прымакі», «Проба агнём» К.Крапівы, «З цёплым ветрам» В.Пацёмкінай і Х.Херсонскага, канцэрты. Дзейнічала франтавая брыгада Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі на чале з Л.Александроўскай. У Ф.т.к. працавалі таксама рэжысёры М.Кавязін, К.Саннікаў і інш.
Літ.:
Остроумов С.П. Особое подразделение. Мн., 1981;
Няфёд У.І. Тэатр у вогненныя гады. Мн., 1959;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 506—517.