АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СКІЯ ГО́РЫ, Кардыльера-Бетыка (Cordillera Betika),

горная сістэма на Пд Пірэнейскага п-ва ў Іспаніі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 630 км. Выш. да 3478 м (г. Муласен). Утвораны некалькімі глыбока расчлянёнымі хрыбтамі і масівамі альпійскага ўзросту. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў. Развіты карст. Радовішчы жал. руды. Укрытыя лістападнымі і вечназялёнымі лясамі і хмызнякамі. У катлавінах і на ўзбярэжжы плантацыі цытрусавых, аліўкаў, вінаграднікі, на У — фінікавыя пальмы.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́ЎСКАЯ (сапр. Шульц) Вольга Мікалаеўна

(21.7.1898, Масква — 31.3.1975),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1948). З 1924 у трупе МХАТа. Выконвала пераважна камедыйныя ролі, вызначалася ўменнем ствараць складаныя характары. Сярод лепшых роляў: Сюзанна («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), лэдзі Тызл («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Здымалася на бел. кінастудыі ў фільмах «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Н,

рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́НІКІ,

лічынкі бясхвостых земнаводных. Развіваюцца з яйца. Жывуць у вадзе. У адрозненне ад дарослых асобін маюць прыкметы, уласцівыя рыбам (2—3 пары шчэлепаў, двухкамернае сэрца, доўгі хвост для перамяшчэння, органы прымацавання і бакавую лінію). Корм пераважна раслінны. Пасля 3—4 месяцаў развіцця гэтыя прыкметы знікаюць пры метамарфозе: сэрца робіцца трохкамерным, дыханне лёгачным, хвост знікае, вырастаюць заднія ногі і на сушу выходзіць маладое земнаводнае (напр., жабяня). Пажыва для рыб, птушак.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНЫ́Я ШЭ́РЫЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена на Украіне і ў Расіі (Тамбоўская вобл.) у 1940-я г. скрыжаваннем роменскіх гусей з тулузскімі. Выкарыстоўваюцца як бацькоўская форма ў скрыжаванні з кубанскімі, рэйнскімі, кітайскімі і інш. пародамі для вытв-сці мясных гусянят. Гадуюць пераважна на Украіне і ў Расіі.

Пер’е шэрае, на жываце белае. Маса гусакоў 6,5—7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць за год 35—45 яец.

Буйныя шэрыя гусі.

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСКІ́ДЫ,

раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)