ЖА́РЫН (Генадзь Лаўрэнцьевіч) (н. 7.6.1946, г. Гомель),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1974). Працуе пераважна ў манум. жывапісе: вітражы «Пераўтварэнне энергіі» (1976, з В.Даўгала) у чытальнай зале Дома культуры г. Новалукомль (Віцебская вобл.), «Хлеб Радзімы» (1982, з Ю.Багушэвічам) у фае Дома культуры саўгаса «Рагінь» Гомельская вобл., размалёўкі ў тэхніцы энкаўстыкі («Партызаны Міншчыны» і інш.) і плафон «Мінск — горад-герой» (1979—82, з Багушэвічам) у холе канферэнц-залы б. Мінскага гаркома КПБ. Аўтар станковых работ «Габеленшчыцы» (1979), «Слова пра родную зямлю» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖБА́НАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 26.1.1954, Мінск),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы (з 1985). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, дробнай пластыцы. Сярод твораў: помнік Герою Сав. Саюза А.Міраненку (1981), помнік воінам-інтэрнацыяналістам у г. Светлагорск Гомельскай вобл. (1991, з А.Каструковым), бюсты Ю.Гагарына (1989), М.Горкага (1986), кампазіцыі «Жаночы эцюд» (1985), «Экзамен» (1988), «Галгофа» (1991), «Грацыя» (1994), «Восеньскі пацалунак» (1996), «Манекеншчыцы» (1997), рэльеф «Анёлы» (1990), партрэты актрысы Юр’евай (1974), акцёра А.Кляшторнага (1992), бацькі (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.1.1936, Мінск),
бел. вучоны ў галіне канструявання і вытв-сці ЭВМ. Канд.тэхн.н. (1971), праф. (1991). Брат Г.М.Ждановіча. Скончыў БПІ (1959). З 1964 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1990 прэзідэнт Бел. асацыяцыі дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі «Навукова-вытворчае і сацыяльнае развіццё». Навук. працы па інтэнсіўных тэхналогіях вытв-сці дэталей радыёэлектроннай апаратуры. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Технические средства ЭВМ. Элементная и конструктивная база. Мн., 1991 (разам з У.П.Лугоўскім, І.М.Русаком);
Технические средства ЭВМ. Устройства ввода-вывода. Мн., 1991 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎКО́Ў (Міхаіл Анатолевіч) (н. 19.11.1961, г. Салігорск Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механікі і геамеханікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1993), праф. (1996). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Бел.н.-д. і праектным ін-це горнай і хім. прам-сці, з 1997 у БПА. Навук. працы па інтэгральных ураўненнях, механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, матэм. мадэляванні.
Тв.:
Метод квазифункций Грина в механике деформируемого твердого тела. Мн., 1993 (разам з М.Дз.Мартыненкам);
Теоретические основы деформационной механики блочнослоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКО́ (Уладзімір Васілевіч) (н. 20.2.1925, в. Лугавая Слабада Мінскага р-на),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-рс.-г.н. (1974). Скончыў БДУ (1951). З 1958 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Навук. працы па вывучэнні эрозіі глеб Беларусі, распрацоўцы мерапрыемстваў па барацьбе з эрозіяй і павышэнні ўрадлівасці эрадзіраваных глеб, глебаахоўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур, глебаахоўнай контурна-меліярацыйнай сістэмы земляробства.
Тв.: Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976; Сохранение почв. Мн., 1989 (у сааўт.); Земледелие с почвоведением. Мн., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ХАР (Георгій Іосіфавіч) (н. 15.3.1936, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-ртэхн.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БПІ (1960). З 1967 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў і спец. прыстасаванняў для эфектыўнага спальвання вадкага паліва і газу і зніжэння шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе.
Тв.:
Расчетное исследование горения жидкого топлива в циклонной камере // Изв. вузов. Энергетика. 1982. № 6;
Расчетное исследование двухступенчатого сжигания жидкого топлива (разам з Л.А.Тарасевічам) // Там жа. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РА ((Żera) Караль Антоні) (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),
польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН (Мікалай Мітрафанавіч) (18.5.1900, г. Ліпецк, Расія — 12.7.1965),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Чл.-кар.АН Беларусі (1947), д-рс.-г.н. (1937), праф. (1935). Скончыў Петраградскі вет.-зоатэхн. ін-т (1923). З 1946 заг. аддзела Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1949 заг. кафедры БСГА, з 1959 — Гродзенскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні канстытуцыі с.-г. жывёл і падборы іх паводле прынцыпу стымулявання развіцця патомства, узроставага і палавога падбору. Адзін з аўтараў пароднай групы бел. чорна-пярэстых свіней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЕ́НСКІ (Леанід Сямёнавіч) (н. 1.9.1937, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне лясной гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1984), праф. (1986). Скончыў Бел.тэхнал.ун-т (1962), у якім і працуе (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па агратэхніцы вырошчвання дрэвавых парод, ахоўных насаджэнняў, рэкультывацыі зямель, механізацыі лесагасп. вытв-сці, глебава-экалагічнай ацэнцы тэхнагенных ландшафтаў.
Тв.:
Лесовыращивание на выработанных торфяниках. М., 1978;
Облесение карьеров нерудных ископаемых и выработанных торфяников. Мн., 1982;
Механизация лесохозяйственных работ с основами теоретической механики. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РАЎ (сапр.Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч
(1903—28.7.1942),
бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт.БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1936), «Апошнія» М.Горкага (1937) і інш.