БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНА́ДА (Grenada),
дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗПаўн. Каўказа ў бас.р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м.Пл. 76 тыс.км². Нас. 5011 тыс.чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г.Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.
Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харч.прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс.т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн.т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн.т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд.м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн.т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім.прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд.кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.
Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн.т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 4,8 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн.га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс.км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш.Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
1.каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці.Мележ.І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем.Чорны.
2.што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.
3.што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата.С. Александровіч.[Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё.Карпюк.
4.чымпачым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі.Мележ.[Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума.Хадкевіч.
5.каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю.Чорны.
6.што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг.Шамякін.
7.каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар.Чорны.// Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.
8.што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.
9.каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал.Скрыган.— Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс.Карпюк.
10.што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе.Гурскі.Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў.С. Александровіч.Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі.Ермаловіч.
11.каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці.Няхай.
•••
Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.
Правесці ў жыццё — ажыццявіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трэ́ба1, узнач.вык.
1.зінф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго.Брыль.[Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму.Чорны.[Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс.Новікаў.Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны.Смагаровіч.
2.каго-што і зінф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры.Брыль.[Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што...Мележ.[Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба?Даніленка.
3.безас.каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням.Кулакоўскі.— Што табе трэба? — крычыць лёкай.Якімовіч.
4.Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца.Крапіва.
•••
Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава?Ракітны.
Далёка хадзіць не трэбазачым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.
Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.
Лепш (і) не трэбагл. лепш.
Так і трэбакамугл. так.
Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.
Трэба сказаць (узнач.пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.
Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).
Што трэба (узнач.вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе.Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба.«Звязда».
Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці.Машара.
Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.
трэ́ба2, ‑ы, ж.
1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу...Чарнышэвіч.
2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1.зашто. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней.Дуброўскі.Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору.Шыловіч.// Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца.Крапіва.Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў.Сабаленка.
2.зашто. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату.Шамякін.Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы.Якімовіч.[Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага.Асіпенка.//перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.
3.перан.; зашто і зінф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць.Колас.[Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла.Пестрак.//зінф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней.// Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі?Лынькоў.
4.Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся.Савіцкі.
5.Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца.Мележ.Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо...Гарэцкі.
•••
Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).
Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца.Рунец.
Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).
Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)