род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.
Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас.калямяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл.Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвыўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАКА́ (Carex),
род кветкавых раслін сям.асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш.Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).
Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.
(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.Ф.Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.Л.Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс.чал.),
заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс.чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс.чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каляв. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял.Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),
бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).
Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Картинная галерея. Вильнюс, 1969.
В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТУ́КІ (Kentucky),
штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л.каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),
правінцыя на У Канады. Уключае в-аўНьюфаўндленд і паўн.-ўсх.ч. п-ва Лабрадор. Пл. 404,6 тыс.км². Нас. 551,8 тыс.чал. (1996), пераважна англаканадцы. Каля 90% насельніцтва жыве на в-ве Ньюфаўндленд. Адм. ц. і гал. порт — г.Сент-Джонс. Паверхня — хвалістая раўніна, участкі плато, на п-ве Лабрадор горы Торнгат (выш. да 1676 м). Клімат субарктычны (на Пн), умераны (на Пд). Т-ра паветра ў студз. ад -20 °C на Пн да -4 °C на Пд, у ліп. адпаведна ад 8 °C да 14 °C. Ападкаў каля 500—1500 мм за год. У гаспадарцы вылучаюцца марское рыбалоўства і лесанарыхтоўкі. Н. дае каля 30% улову рыбы (пераважна траска і ласось) і каля 10% лесанарыхтовак Канады. Здабыча жал. руды (Лабрадор), свінцовых, цынкавых, медных руд, плавікавага шпату (в-аў Ньюфаўндленд). Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: цэлюлозна-папяровая, рыбаперапрацоўчая, нафтахім., трансп. машынабудаванне (буд-ва і рамонт суднаў), чорная металургія, вытв-сць рыбалоўнага рыштунку. Шэраг ГЭС. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне, больш развіта на Пд. Пераважае малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, агародніну. Турызм. Транспарт пераважна марскі. На в-ве Ньюфаўндленд вял.міжнар. аэрапорт Гандэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр.Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).