НЮ (франц. nu аголены),

акт, жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.

Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.​Батычэлі, Джарджоне, А.​Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.​Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.​Веласкес у Іспаніі, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.​Бушэ, Ш.​Даменік, Ж.​М.​Маро Малодшы, Ж.​Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.​Бугро, П.​Гагена, Э.​Далакруа, А.​Кабанеля, Э.​Кар’ера, Г.​Курбэ, А.​Маёля, Э.​Манэ, А.​Рэнуара, Ж.​А.​Энгра ў Франпыі, Б.​Генелі, Ю.​Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.​Гоі ў Іспаніі, К.​Брулова, Б.​Кустодзіева, У.​Лебедзева, З.​Серабраковай, К.​Сомава, В.​Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.​Брыяшон, А.​Мадыльяні, А.​Масон, А.​Матыс, П.​Пікасо, А.​Радэн у Францыі, Г.​Клімт у Аўстрыі, Г.​Альтэнбург, Э.​Л.​Кірхнер, О.​Мюлер, Л. фон Гофман, Г.​Цыле ў Германіі, П.​Дэльво, Р.​Магрыг у Бельгіі, Л.​Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.​Башлыкоў, Г.​Глахцееў, І.​Лубенікаў, Дз.​Мітрохін, А.​Слепышаў, І.​Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.​Мэплтарп, Х.​Рытц, Л.​Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.​М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.​Рывас у Іспаніі, А.​Р.​Мінкінен у Фінляндыі, Ю.​Аракчэеў у Расіі і інш.).

На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.​Альшэўскага, Ю.​Анушкі, В.​Борздага, Р.​Вашкевіча, В.​Герасімава, М.​Дундзіна, П.​Жураўлёва, Р.​Заслонава, В.​Захарынскага, А.​Ксяндзова, С.​Малішэўскага, Ю.​Падоліна, С.​Рымашэўскага, А.​Сушкова, У.​Тоўсціка, Л.​Хобатава, Л.​Шчамялёва, А.​Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.​Адамчык, В.​Ганчарэнкі, Ц.​Грыба, А.​Дудкіна, А.​Ільіна, Р.​Ліўшыца, З.​Мігуновай, У.​Парфянка, А.​Шчукіна і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Ню. Ф.​Гоя. Маха аголеная. Каля 1802.
Да арт. Ню. А.​Радэн. Даная. 1885.
Да арт. Ню. Р.​Магрыт. Прыгожы карабель. 1946.
В.​Захарынскі. Ню. 1994.
У.​Тоўсцік. Ню. 1997.
Да арт. Ню. А.​Ксяндзоў. Nu. 1997.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.

Творы хрысц. Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш. Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.​Будны, А.​Волан, Л.​Крышкоўскі, М.​Радзівіл Чорны, М.​Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.​Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.​Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныя правасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.​Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.​Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.​Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.​Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.​Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.​Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.​Крэўзы і інш. Новая хваля літ. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз. гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.​Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.​Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.​Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.​Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.​Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.​Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст. Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.​Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.​Боймы, Ц.​Жахоўскага, Я.​А.​Кулешы, Т.​Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.​Барановіча, І.​Галятоўскага, І.​Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.

Літ.:

Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998;

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.

У.​Г.​Кароткі.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,

агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял. кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).

На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач. нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс. навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).

Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч. г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.

Літ.:

Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),

1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.

2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.​Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).

3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).

4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).

5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.

Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.

Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.​Рымшы, Я.​Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, А.​Рыпінскага, П.​Багрыма, У.​Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт. Беларусь.

Літ.:

Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. Мн., 1983;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мв., 1987;

Кавалёў С.В. Як пакахаць ружу: Літ.-крытыч. арт. пра маладую бел. паэзію 80-х гг. Мн., 1989.

А.​М.​Андрэеў, У.​В.​Гніламёдаў (бел. паэзія).

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТМАДЭРНІ́ЗМ (ад пост... + мадэрнізм),

мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новых маст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.​Бадрыяр, Ж.​Дэрыда, Ж.​Ф.​Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.​Дж.​Барнс, Дж.​Барт, К.​Вонегут, Х.​Картасар, Г.​Мюлер, М.​Павіч, Т.​Пінчан, С.​Рушдзі, Т.​Стопард, Дж.​Фаўлс, У.​Эка, А.​Бітаў, В.​Ерафееў, У.​Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.​Танка, А.​Вярцінскага, А.​Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.​Кія, Ф.​Клементэ, Э.​Кукі, М.​Паладзіна ў Італіі, Г.​Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.​Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп. арх. Р.​Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер. арх. Р.​Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.​Грынуэй, Д.​Джармен, Р.​В.​Фасбіндэр, Ф.​Феліні, А.​Сакураў, А.​Таркоўскі; у музыцы — Л.​Доўсан, Р.​Хайнарэ, А.​Шнітке; у тэатры — А.​Хэйге, Р.​Вікцюк, Б.​Юханаў.

Літ.:

Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;

Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ. М., 1985;

Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. М., 1994;

Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;

Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;

Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;

Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;

Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;

Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.

А.​М.​Андрэеў, В.​В.​Халіпаў.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 64,3 тыс. чал. (2000), гарадскога 40,3%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Пружаны. Уключае г.п. Ружаны і Шарашова, 243 сельскія населеныя пункты, Ружанскі і Шарашоўскі пасялковыя Саветы, 20 сельсаветаў: Бакунскі, Варанілавіцкі, Велікасельскі, Гарадзечанскі, Зеляневіцкі, Крыніцкі, Лінаўскі, Лыскаўскі, Мокраўскі, Навазасімавіцкі, Паўлаўскі, Пружанскі, Роўбіцкі, Ружанскі, Смалянскі, Старавольскі, Сухопальскі, Хараўскі, Шаняўскі, Шчарчоўскі.

Большая ч. тэр. раёна ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня раўнінная, на асобных участках спадзістахвалістая, 80% яе на выш. 150—170 м, 17% вышэй за 170 м, найвыш. пункт 202 м (за 6 км на ПнУ ад г.п. Ружаны). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. рэкі Ясельда. Зальвянка, Нараў, Нараўка, Левая Лясная. Каналы Вінец і Мухавец. Вадасх. Гута, Паперня, Руднікі, Залессе. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (32%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (28%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,8%). Пад лесам 43,6%. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, яловыя, трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя. Найб. лясныя масівы Белавежская пушча і Ружанская пушча. Каля 40% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 3,3%. Найб. балота Дзікае. На тэр. раёна ч. нац. парку Белавежская пушча, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Міхалінска-Бярозаўскі. Ружанская пушча, Буслаўка, гідралагічны — Дзікае. Заказнікі мясц. значэння: біял. Выдранка, Папялёва і гідралагічны Зальвянка.

Ахоўныя тарфянікі: Гай, Лібертполь, Парасліна, Ясенец. Помнікі прыроды рэсп. значэння: піхты белыя Лінаўскія і насаджэнне хвоі веймутавай у Лінаўскім лясніцтве; мясц. значэння: парк «Пружаны» ў г. Пружаны і школьны дэндрарый у г.п. Ружаны.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 131,6 тыс. га, з іх асушаных 47,6 тыс. га. На 1.4.2001 у раёне 23 калгасы, 5 саўгасаў, 34 фермерскія гаспадаркі, Аранчыцкая птушкафабрыка, эксперым. базы «Белавусаўшчына» і «Светлы шлях». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу. Прадпрыемствы харч. (сыр, масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое абястлушчанае малако, плодаагароднінныя кансервы і інш.), мэблевай, кааператыўнай, першаснай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці, з-д радыёдэталей, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Масква, аўтадарогі Слонім—Высокае, Пружаны—Бяроза, Свіслач—Поразава—Пружаны, Гродна—Ваўкавыск—Івацэвічы, Пружаны—мяжа Польшчы. У раёне 31 сярэдняя (у т. л. 1 вячэрняя), 8 базавых, 4 пач. школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, 2 цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр сучасных сродкаў навучання, турыстычная база, 36 дашкольных устаноў, 60 дамоў культуры і клубаў, 62 б-кі, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў, абласная псіхіятрычная бальніца. Музеі: народны музей-сядзіба «Пружанскі палацык», нар. музей славы, працы, краязнаўства ў аграрна-тэхн. каледжы ў г. Пружаны. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Крыжаўзвіжанская (1914) у в. Аранчыцы, Аляксандра Неўскага (1888) у в. Блізная, Мікалаеўская (1799) у в. Вяжное, Пакроўская (1825) у в. Гарадзечна, Мікалаеўская (1811) у в. Засімавічы, Крыжаўзвіжанская (1878) у в. Зельзін, Прачысценская (1834) у в. Круглае, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Лінава 1-е, кляштар місіянераў (1763—85) і царква Раства Багародзіцы (1930) у в. Лыскава, Петрапаўлаўская царква (2 пал. 19 ст.) у в. Мокрае, царква (1903) у в. Смаляніца, Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухопаль, царква (19 ст.) у в. Ялова. Гіст. помнік — рэшткі каралеўскага замка (15—18 ст.) каля в. Лыскава, археал. помнік — каменны ідал у в. Буцькі. На тэр. раёна ў Белавежскай пушчы ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі. Выдаюцца газ. «Раённыя будні», «Голас Пружаны».

Н.​П.​Зеляняк, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГРАНІ́ЧНЫЯ БІ́ТВЫ 1941 у Вялікую Айчынную вайну,

баявыя дзеянні сав. пагран. войск, злучэнняў і часцей прыгранічных ваенных акруг (франтоў) 22—29.6.1941 супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў. Зах. межы СССР прыкрывалі войскі Ленінградскай, асобных Прыбалт., Зах. (гл. Заходняя асобая ваенная акруга), Кіеўскай, Адэскай ваен. акруг, якія 22—24 чэрв. пераўтвораны адпаведна ў Паўн. (ген.-лейт. М.​М.​Папоў, гл. Паўночны фронт), Паўн.-Зах. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, гл. Паўночна-Заходні фронт), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. (ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) і 25 чэрв. Паўд. (ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франты. На марскіх рубяжах знаходзіліся флаты: Паўн. (контр-адмірал А.​Р.​Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі); Пінская ваенная флатылія (контр-адм. Дз.​Дз.Рагачоў) і Дунайская ваен. флатылія (контр.-адм. М.​В.​Абрамаў). Сав. войскі налічвалі 2,9 млн. чал., 10 тыс. танкаў (у т. л. 1475 навейшых тыпаў), 14 тыс. самалётаў (1540 адзінак новых канструкцый), 46 тыс. гармат і мінамётаў. Германія згодна з Барбароса планам выставіла (разам з саюзнікамі: Італіяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Венгрыяй) 5,5 млн. чал., каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. самалётаў, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў. Сілы праціўніка былі аб’яднаны ў 3 групы армій: «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Й.​Ф.​Лееб) — на Ленінградскім, «Цэнтр» (ген.фельдмаршал Ф.​Бок) — на Маскоўскім і «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал К.Р.​Г.​Рундштэт) — на Кіеўскім напрамках. Ваен. дзеянні пачаліся на досвітку 22.6.1941. Армія праціўніка мела колькасную перавагу ў сілах і сродках (на некат. напрамках у 3—4 разы), перасягала сав. войскі і ў аснашчанасці новымі тыпамі тэхнікі і ўзбраення. Часці і злучэнні сав. прыгранічных акруг не былі адмабілізаваны і разгорнуты паводле плана прыкрыцця граніцы, не прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Непадрыхтаванасць да вядзення працяглай абароны (планавалі ў асн. наступальныя дзеянні), недахоп вопытных камандных кадраў (масавыя рэпрэсіі ў арміі ў 1930-х г.), істотныя стратэг. пралікі ваен.-паліт. кіраўніцтва СССР прывялі да цяжкіх наступстваў. Толькі за першы дзень вайны было страчана 1200 самалётаў, з іх 800 на аэрадромах, значная частка танкаў і інш. баявой тэхнікі. На тэр. Беларусі наступала група армій «Цэнтр». Нягледзячы на ўпартае супраціўленне сав. войск (гл., напр., Брэсцкай крэпасці абарона 1941), за першыя 4 дні вайны ням. танк. злучэнні прасунуліся на У да 200 км. Спробы сав. войск контратакаваць (контрудар 23—24 чэрв. на Гродзенскім напрамку) разрозненымі сіламі мелі кароткатэрміновы поспех. Ударныя групоўкі ворага адсеклі асн. сілы 3-й і 10-й сав. армій і адрэзалі ім шляхі адступлення (гл. Навагрудскі «кацёл»), Практычна тры арміі Зах. фронту да 26 чэрв. апынуліся ў акружэнні паміж Беластокам і Мінскам; у палон трапіла 329 тыс. сав. воінаў, праціўнік захапіў 3,3 тыс. танкаў, 1,8 тыс. гармат. Раніцай 28 чэрв. ням. танк. атрады ўвайшлі ў Мінск (гл. Мінска абарона 194Γ). Войскі Паўн.-Зах. фронту хоць і нанеслі 23—25 чэрв. контрудар на Шаўляйскім напрамку, але 30 чэрв. праціўнік захапіў Рыгу. На Паўд.-Зах. фронце 23—29 чэрв. ў раёне Луцк, Броды, Роўна, Дубна адбылася буйная танк. бітва. Контрудар сав. войск адыграў важную ролю ў зрыве спроб праціўніка з ходу прарвацца да Кіева і акружыць гал. сілы фронту на Правабярэжнай Украіне. П.б. скончылася адыходам сав. войск Паўн.-Зах. фронту да Зах. Дзвіны ад Рыгі да Даўгаўпілса, Зах. фронту — да Бабруйска, Паўд.-Зах. фронту — на лінію на У ад Роўна—Астрог—Крэменец—Львоў. У гэтыя дні праведзена мабілізацыя, пачалося прасоўванне войск 2-га стратэг. эшалона, які працягваў абарону ў 1-й пал. ліп. 1941 на рубяжы рэк Зах. Дзвіна—Дняпро (гл. таксама Лепельскі контрудар 1941, Полацка абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 і інш.).

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 13, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЬ,

назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл. Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед. гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст. сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл. слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр. ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст. наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх. ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́РЫХ (сапр. Рорых) Мікалай Канстанцінавіч

(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),

расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз. чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.​Куінджы, у студыі Ф.​Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.​Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.​Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.

Тв.:

Врата в будущее. Рига, 1991;

Нерушимое. Рига, 1991;

Твердыня Пламенная. Рига, 1991;

Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;

Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;

Знамя Мира. М., 1995;

Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;

Цветы Мории. Мн., 1997;

Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;

Алтай — Гималаи. М., 1999;

Шамбала. Мн. и др., 2000.

Літ.:

Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;

Н.​К.​Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст. М., 1978;

Держава Рериха. М., 1994;

Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн. Кн 1. М., 1998;

Н.​К.​Рерих: Биобиблиогр. указ. М., 1999.

М.Рэрых. Мадонна Арыфлама. 1932.

т. 14, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)