ТЭХНАКРА́ТЫЯ (ад грэч. technē майстэрства + kratos улада),

1) падыход да эканам. працэсаў і з’яў выключна з тэхн. пазіцый, без уліку сац.-эканам. фактараў і эканам. вынікаў кіраўніцкіх рашэнняў (гл. Тэхнакратычныя тэорыі).

2) Слой высокакваліфікаваных спецыялістаў (тэхнакратаў) — вышэйшых функцыянераў манапалізаванай вытв-сці і дзярж. апарату, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы і ажыццяўленні эканам. палітыкі.

3) Грамадскі рух у ЗША у 1930-я г., мэтай якога было дасягненне ўсеагульнага дабрабыту пры дапамозе індустрыяльнага перавароту ў выніку навук. планавання вытв-сці ў нац. маштабах (лідэры Г.​Лоэб, Г.​Скот).

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙЛДЭР (Wilder) Торнтан Нівен (17.4.1897, г. Мадысан, ЗША — 19.12.1975),

амерыканскі пісьменнік; родапачынальнік амер. антытэатра. Скончыў Іельскі ун-т (1920). Літ. дзейнасць пачаў раманам «Кабала» (1926). Філас. раманы «Мост караля Людовіка Святога» (1927), «Жанчына з Андраса» (1930), «Сакавіцкія іды» (1948), хроніка-эпапея «Дзень восьмы» (1967) пазначаны ўплывам экзістэнцыялізму. Аўтар шматлікіх п’ес на міфалагічныя і гіст. сюжэты (зб-кі «Анёл, які патрывожыў воды», 1928; «Доўгі калядны абед», 1931), аўтабіягр. рамана «Тэафіл Норт» (1973) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Наш городок. М., 1979;

Мартовские иды. Теофил Норт М., 1981.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́Н (Fontanne) Лін (6.12.1887—1983),

амерыканская актрыса. З 1905 у т-рах Англіі. З 1916 у ЗША, з 1924 вядучая актрыса т-ра «Гілд», з 1928 у т-рах Брадвея. Сярод роляў: Райна, Эліза («Зброя і чалавек», «Пігмаліён» Б.​Шоу), Катарына («Утаймаванне свавольнай» У.​Шэкспіра), Ніна Лідс («Дзіўная інтэрлюдыя» Ю.​О’Ніла), Грушанька («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Клэр Цаханасян («Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата). У 1958 т-р «Глобус» у Нью-Йорку перайменаваны ў Т-р А.​Ланта (акцёр і муж Ф.) — Л.​Фантан.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЦЭЎТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна медыцынскай прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць лекавыя сродкі. Асн. прадукцыя — сінт. і фітахім. прэпараты, медыкаменты з расл. сыравіны, вітаміны, ферменты і каферменты мед. прызначэння, антыбіётыкі, кровазаменнікі, гатовыя лекі. Найб. развітая ў ЗША, Японіі, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Швейцарыі.

На Беларусі ў 1996 створаны дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»), які ўзначальвае работу прадпрыемстваў Ф.п. і мікрабіял. прам-сці. Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц. т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Гродзенскі з-д медпрэпаратаў, прадпрыемства «Экзон» і інш.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. federalists),

палітычная партыя ў ЗША ў канцы 1780-х г. — 1816; апаненты антыфедэралістаў. Выражалі пераважна інтарэсы буйной гандл. буржуазіі і ч. плантатараў-рабаўладальнікаў; лідэры — А.Гамільтан, Дж.Адамс і інш. У 1789—1801 кіруючая партыя. Імкнуліся да ўзмацнення ўлады федэральнага ўрада; увялі пратэкцыянісцкі тарыф (1789), стварылі Нац. банк (1791). У знешняй палітыцы арыентаваліся на Вялікабрытанію. Пасля паражэння на выбарах 1800 апазіцыйная партыя, але захоўвалі пэўны паліт. ўплыў да 1816 (асабліва ў штатах Новай Англіі).

Літ.:

Федералист: Полит. эссе Александра Гамильтона, Джеймса Мэдисона и Джона Джея: Пер. с англ. М., 2000.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́НІІ (англ. Fenians ад стараж.-ірл. fiann — назвы легендарнай ваен. дружыны стараж. ірландцаў),

ірландскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., члены тайных арг-цый «Ірл. рэсп. брацтва» (ІРБ, 1857—1924). Дзейнічалі ў Ірландыі, Вялікабрытаніі, сярод ірл. эмігрантаў ЗША, Канады, краін Паўд. Амерыкі, выступалі за вызваленне Ірландыі ад брыт. калан. панавання і стварэнне незалежнай Ірл. рэспублікі. Прытрымліваліся змоўніцкай, тэрарыст. тактыкі. Узнятае імі ў Ірландыі паўстанне 1867 пацярпела паражэнне. Члены ІРБ удзельнічалі ў Ірландскім паўстанні 1916. У 1905 на базе руху Ф. ўзнікла партыя Шын фейн.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́ТРУСАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

група вечназялёных раслін роду цытрус сям. рутавых, якія вырошчваюць для атрымання пладоў. Каля 28 відаў: апельсін, грэйпфрут, мандарын, лімон, цытрон, бергамот, лайм, шэдак і інш. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, Паўд. Азіі і Амерыкі, у т. л. ЗША, Кітаі, Японіі, Індыі, Пакістане, Аўстраліі. Плады Ц.к. вызначаюцца высокімі смакавымі якасцямі, маюць лімонную к-ту, цукры, вітаміны C, P, групы B, карацін. Іх выкарыстоўваюць у свежым і перапрацаваным выглядзе (сок, варэнне, цукаты), у кулінарыі (цэдра). З кветак, лісця і лупін атрымліваюць эфірныя алеі для парфумернай і харч. прам-сці.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ПЕЛІ́Н (Zeppelin) Фердынанд (8.7.1838, г. Канстанц, Германія — 8.3.1917),

нямецкі канструктар дырыжабляў. Граф, генерал. Скончыў ваен. акадэмію ў Людвігсбургу (1854). Прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 (на баку паўн. штатаў), аўстра-прускай (1866) і франка-прускай (1870—71) войнах. Распрацаваў канструкцыю дырыжабля жорсткай сістэмы з метал. каркасам, абцягненым тканінай. Унутры корпуса ў адсеках знаходзіліся балоны з газам. Першы яго дырыжабль (аб’ёмам 11 300 м³) здзейсніў палёт у 1900; да 1914 пабудавана 25 дырыжабляў («цэпелінаў»), у т. л. 6 пасажырскіх. Ваен. дырыжаблі Ц. выкарыстоўвалі ў час 1-й сусв. вайны.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ХАТ (Shohat) Джэймс Аляксандр (сапр. Якаў Аляксандравіч; 18.11.1886, в. Рагозна Брэсцкага р-на —8.10.1944),

расійскі і амерыканскі матэматык. Чл. Амер. матэм. т-ва (1923), Ін-та матэм. статыстыкі. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1910). З 1917 праф. Уральскага ун-та, з 1921 — С.-Пецярбургскага пед. ін-та. З 1923 у ЗША. З 1924 у Мічыганскім, з 1930 у Пенсільванскім ун-тах. Навук. працы па тэорыі артаганальных мнагачленаў. У тэорыі імавернасцей рашыў праблему збежнасці момантаў (тэарэма Фрэшэ—Ш., 1931). Даў першае сістэматычнае выкладанне тэорыі артаганальных мнагачленаў Чабышова (1934).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКІМО́СЫ,

этнічная супольнасць, група народаў Арктыкі: на Алясцы (ЗША, 38 тыс. чал.) і ў Паўн. Канадзе (28 тыс. чал.; саманазва ў Амерыцы інуіт), Даніі (в-аў Грэнландыя, саманазва каладліт, 47 тыс. чал.) і Рас. Федэрацыі (Чукоцкая аўт. акруга Магаданскай вобл., 1,5 тыс. чал.; саманазва юпігыт, югыт — «сапраўдныя людзі»). Агульная колькасць 115 тыс. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Гавораць на эскімоскай мове. Гал. традыцыйны занятак — паляванне на марскога звера, займаюцца таксама рыбалоўствам, збіральніцтвам, паляваннем у тундры. Э. захоўваюць традыц. вераванні, шаманізм, ёсць хрысціяне.

т. 18, кн. 1, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)