ВАДАЛЮ́БЫ (Hydrophilidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб. пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).

Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.

Вадалюб чорны.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,

усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.​Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. спаборніцтвах.

А.​Я.​Вількін.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ САРАНЧА́ (Locusta migratoria migratoria),

падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.

Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),

нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЫ́ (Ovis),

род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.

Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.

Да арт. Бараны. Снежны баран.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),

жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.

Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.

Аўцабык.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́АДЭР ((Baader) Франц Ксавер фон) (27.3.1765, Мюнхен — 23.5.1841),

нямецкі філосаф, урач, прыродазнавец, прадстаўнік філас. рамантызму і неартадаксальнага каталіцызму. У аснове яго вучэння — уяўленне пра быццё як арганічнае цэлае. Містыку трактаваў як даследаванне розумам таінстваў рэлігіі; прырода для яго не процілеглая духу, як цела не процілеглае душы. Непрыняцце рэвалюцыі (лічыў яе парушэннем арган. эвалюцыі грамадства) і франц. утапічнага сацыялізму спалучалася ў Баадэра з крытыкай з пункту гледжання хрысц. сацыялізму панавання грашовых адносін, «памылковых адносін маёмнага і немаёмнага класаў». Вырашэнне класавых супярэчнасцяў Баадэр (як і Гегель) бачыў у саслоўнай дзяржаве, якая адпавядала б прынцыпу справядлівасці.

Тв.:

Sämtliche Werke. Bd. 1—16. Leipzig, 1851—60;

Schriften zur Gesellschaftsphilosophie. Jena, 1925.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),

атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).

Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ (Egretta alba),

птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.

Вялікая белая чапля.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)