сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл.Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).
Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял.ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст.адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр.абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст.старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст.валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж.адм.сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б.дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл.Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ.чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел.пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.Зарэцкага, К.Крапівы, М.Лужаніна, К.Вашыны (Л.Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.Кляшторны, З.Астапенка, К.Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.Баршчэўскі, Л.Каўрус, В.Крайко, А.Мажэйка, П.Марціновіч і інш.
Тв.:
Бел.Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;
Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;
Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1983—85.
Літ.:
Шубин Г. Я.Гашек. М., 1982;
Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.
Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; 1/2; 1; 3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−1/2, што дае T3=1/2 для пратона (Q=1) і T3=−1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; 1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Yw існуе сувязь: Q=T3w+1/2Yw (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз.кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен.нач.Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т. л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;
Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць прадпрыемстваў і службаў, спецыялізаваных на абслугоўванні насельніцтва. Уключае: сан.-тэхн. прадпрыемствы (водаправод, каналізацыю, прадпрыемствы па ўпарадкаванні тэр. населеных месцаў, пральні, лазні); гарадскі транспарт; энергетычныя прадпрыемствы (электрычныя, газавыя, цеплафікацыйныя размеркавальныя сеткі, кацельні і інш.); службы па эксплуатацыі жыллёвага фонду; збудаванні знешняга добраўпарадкавання (дарогі, тратуары, масты, пуцеправоды, падземныя і наземныя пешаходныя пераходы, трансп. эстакады, зялёныя насаджэнні агульнага карыстання, вулічнае асвятленне і інш.), гасцініцы, рамонтна-буд. арг-цыі і інш. Да 1920-х г. на Беларусі не было адзінай сістэмы прадпрыемстваў К.г. Водаправод дзейнічаў у Мінску з 1874, Гродне з 1876, Магілёве з 1878, Слоніме з 1890, Віцебску з 1895, Мазыры з 1902, Гомелі з 1908. У гарадах толькі цэнтр. вуліцы былі брукаваныя, асвятляліся газавымі ліхтарамі. Электрычнае асвятленне ў Мінску з 1895. Асн. відам гар. транспарту быў гужавы. У Мінску (з 1892) і Магілёве (з 1910) працавала конная чыгунка (конка). Да 1932 у БССР электрыфікаваны ўсе гарады і 30 мястэчак. У 1940 у рэспубліцы былі 92 камунальныя гасцініцы на 3574 месцы. На канец 1996 цэнтралізаванае водазабеспячэнне на Беларусі мелі 102 гарады, 106 гар. пасёлкаў і 4904 сельскія нас. пункты, каналізацыю — 101 горад, 101 гар. пасёлак, 2065 сельскіх населеных пунктаў; тралейбусны парк налічваў 1778 машын, аўтобусны — 3821 аўтобус на ўнутрыгар. перавозках; у Мінску — метрапалітэн (132 вагоны). Дзейнічалі 258 гасцініц, матэляў і інтэрнатаў для прыезджых на 28 297 месцаў і інш.
Л.А.Бірукоев.
Да арт.Камунальная гаспадарка. Дом быту ў в. Чурылавічы Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.
Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт.сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. СаветБССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМБССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід.прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЙ (лац. Silicium),
Si, хімічны элемент IV групы перыяд.сістэмы, ат. н. 14, ат. м. 28,0855. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў, асн.28Si (92,27%). Другі (пасля кіслароду) элемент паводле распаўсюджанасці ў зямной кары (27,6% па масе). У прыродзе знаходзіцца ў асн. у выглядзе крэмнію дыаксіду і сілікатаў прыродных, у свабодным стане не сустракаецца. Атрыманы ў 1823 Ё.Я.Берцэліусам; названы ад лац. silex — крэмень (назва К. ад грэч. kremnos уцёс, скала).
Крышт. К. — цёмна-шэрае рэчыва з метал. бляскам, шчыльн. 2330 кг/м³, tпл 1415 °C. Паўправаднік, электрафіз. ўласцівасці якога залежаць ад прыроды і канцэнтрацыі прымесей (легіруючых дабавак), структурных дэфектаў. Не раствараецца ў вадзе і к-тах. Раствараецца ў сумесі азотнай і плавікавай кіслот, растворах шчолачаў з вылучэннем вадароду. Устойлівы ў паветры, акісляецца кіслародам да SiO2 пры т-ры вышэй за 400 °C. З фторам (пры пакаёвай т-ры) і астатнімі галагенамі (пры 300—500 °C) утварае тэтрагалагеніды К. (напр., SiCl4 тэтрахларыд К. — бясколерная вадкасць, дыміць у паветры). Пры награванні ўзаемадзейнічае з азотам, фосфарам, вугляродам (гл.Крэмнію карбід), многімі металамі (гл.Сіліцыды). З вадародам непасрэдна не ўзаемадзейнічае, сіланы атрымліваюць ускосным шляхам. Арган. вытворныя К. — крэмнійарганічныя злучэнні, крэмнійарганічныя палімеры. Тэхн. К. атрымліваюць аднаўленнем расплаву SiO2, коксам, паўправадніковы — аднаўленнем SiCl4 вадародам, раскладаннем сілану SiH4 пры 1000 °C. З расплаву паўправадніковага К. вырошчваюць монакрышталі. Выкарыстоўваюць у электроніцы для вырабу інтэгральных схем, дыёдаў, транзістараў, сонечных батарэй і інш.; як кампанент электратэхн. і інш. сталей, чыгуну, бронзы, сілумінаў.