літоўскі спявак (лірыка-драм. тэнар), муз. дзеяч. Брат М.Пятраўскаса. Нар.арт.СССР (1950). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911). У 1898—1901 разам з братам працаваў арганістам у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Як саліст дэбютаваў у 1906 у оперы «Бірутэ» М.Пятраўскаса ў Вільні. З 1911 саліст Марыінскага т-ра. З 1920 адзін з арганізатараў і саліст першага літ. опернага т-ра (г. Каўнас). У 1925—28 з Ф.Шаляпіным гастраліраваў у Германіі, Іспаніі, Францыі, Італіі. У 1944—58 саліст Літ.т-ра оперы і балета, з 1949 адначасова выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1951 праф.). Выканаў каля 80 партый, сярод іх: Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Грышка («Паданне пра нябачны горад Кіцеж» М.Рымскага-Корсакава), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Тангейзер («Тангейзер» Р.Вагнера), Іонтак («Галька» С.Манюшкі), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Дзмітрый («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Лютаўрас, Іонушас («Гражына», «Радвіла Пяркунас» Ю.Карнавічуса), Жыльвінас («Эгле — каралева вужоў» Пятраўскаса і І.Дамбраўскаса). Сярод вучняў В.Нарэйка, В.Адамкявічус, Э.Саўлявічутэ. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЗМАН (Юлій Якаўлевіч) (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Латвіі (1949). Нар.арт.СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.
Тв.:
Когда фильм окончен. М., 1964;
Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНЕ́ЎСКАЯ (Фаіна Рыгораўна) (27.8.1896, г. Таганрог, Расія — 19.7.1984),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1961). З 1915 працавала ў правінцыяльных т-рах. З 1931 у маскоўскіх т-рах — Камерным, Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі, імя Маякоўскага, імя Пушкіна і інш., у 1949—55 і з 1963 у т-ры імя Массавета. Характарная актрыса. У яе творчасці спалучаліся эксцэнтрыка і гратэск з мудрай іроніяй, лірыка і камедыйнасць з драм. глыбінёй. Сярод роляў: Змяюкіна («Вяселле»), Мярчуткіна («Юбілей»), Шарлота («Вішнёвы сад»), Наташа («Тры сястры»; усе А.Чэхава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага). Лепшыя ролі: Бэрдзі («Лісічкі» Л.Хэлман, 1945), Спекулянтка («Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага, 1951), Эўхенія («Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, 1958), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, 1966), Люсі Купер («Далей цішыня» паводле п’есы В.Дэльмар, 1969), Феліцата («Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, 1980). Здымалася ў кіно: «Пышка» (1934), «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Папялушка» (1947), «У іх ёсць Радзіма» (1950), «Дзяўчына з гітарай» (1958), «Лёгкае жыццё» (1964) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ХТЭР (Святаслаў Тэафілавіч) (20.3.1915, г. Жытомір, Украіна — 1.8.1997),
расійскі піяніст. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1975). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1937—46, з перапынкамі; кл. Г.Нейгаўза). З 1934 канцэртаваў. У 1970—90-я г. неаднаразова гастраліраваў на Беларусі. Для яго выканальніцтва характэрны спалучэнне інтэлектуальнага і эмац. пачаткаў, артыстычнасці і майстэрства, бездакорнага густу і віртуознасці, бліскучае тэхн. майстэрства, багацце гукавога каларыту, цэльнасць і яснасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары вылучаліся «Добра тэмпераваны клавір» І.С.Баха, санаты і канцэрты В.А.Моцарта, І.Гайдна, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, музыка кампазітараў 20 ст., у т. л. С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Выступаў у ансамблі з вядучымі інструменталістамі (Ю.Башметам, А.Каганам, Д.Ойстрахам, М.Растраповічам, Д.Шафранам) і вакалістамі (Н.Дарліяк, Дз.Фішэр-Дзіскаў), буйнейшымі арк. свету. Заснавальнік Міжнар. фестывалю «Снежаньскія вечары» (1981). Дзярж. прэмія СССР 1950. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэміі Расіі 1987, 1996.
Літ.:
Дельсон В.Ю. Святослав Рихтер. М., 1961;
Нейгаўз Г. Размышления, воспоминания, дневники. Избранные статьи. Письма к родителям. 2 изд.М., 1983;
Цыпин Г.М. С.Рихтер: Творч. портрет. 3 изд. М., 1987;
Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,
дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г.Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.А.Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт.Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп.тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд. Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер.акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт.Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт.Нар. Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вайна грамадзянская, гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў СССР 1918—20, Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65 і Рэканструкцыя Поўдня 1865—77
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,
гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц.г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б.СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г.найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАСЛО́ЎСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус.гіст.Т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Юрый Станіслававіч) (8.12.1920, г.Вял. Лукі, Расія — 7.12.1987),
бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1956). З 1956 у Ленінградскім аддзяленні Матэм. ін-та АНСССР. З 1958 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Адзін з заснавальнікаў сучаснай асімптатычнай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў.
Тв.:
Лекции по математическому анализу. Ч. 1—2. Мн., 1974—78;
Дифференциальные уравнения. Мн., 1983 (разам з Ю.Б.Сыраідам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́НЧЫЧ ((Augustinčić) Антун) (4.5.1900, с. Кланец, Харватыя — 10.5.1979),
харвацкі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (1975). Праф. Заграбскай АМ. Вучыўся ў Заграбскай АМ (1922—24), парыжскіх школах прыгожых мастацтваў і дэкар. мастацтваў (1924—26). Аўтар манумента Сав. Арміі ў с. Баціна-Скела (1945—47), помніка Міру перад будынкам ААН у Нью-Йорку (1952—54, паст. ў 1955), станковых кампазіцый, партрэтаў, жаночых статуй і торсаў, якім уласцівыя дынаміка, жывапіснасць, абагульненасць манумент. формаў.