зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.

1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.

2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.

3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́сла, ‑а, н.

1. Харчовы тлушч, які атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны. Топленае масла. □ Гасцей частуе гаспадыня І на ўсіх чыста вокам кіне, То сыр, то масла ім падносіць. Колас. — Дайце, я буду масла біць, — кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку. Васілевіч.

2. Тлустае рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў. Змазачнае масла. Парафінавае масла.

•••

Купарваснае масла — устарэлая назва канцэнтраванай сернай кіслаты.

Качацца як сыр у масле гл. качацца.

Кукіш з маслам гл. кукіш.

Масла масленае — пра таўталогію, паўтарэнні ў азначэнні чаго‑н.; адно і тое, тое самае.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Як маслам па сэрцы — вельмі прыемна.

Як па масле — лёгка, добра, без ніякіх цяжкасцей (ідзе, атрымліваецца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́кавіна, ‑ы, ж.

1. Вонкавае шкілетнае ўтварэнне беспазваночных жывёл у выглядзе вітай, авальнай або створкавай каробкі. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна! Багдановіч.

2. Назва розных прадметаў, якія сваім знешнім выглядам, формай нагадваюць ракавіну (у 1 знач.). У ракавіне летняй сцэны парку пачалі збірацца музыканты з трубамі. Сабаленка. / Пра некаторыя органы і часткі цела такой формы. Вушная ракавіна. Насавая ракавіна. Ракавіна капыта.

3. Кухоннае або туалетнае прыстасаванне ў выглядзе міскі са злівам пад водаправодным кранам. Тут, у кухні, .. [жанчына] адкрывае кран над белай ракавінай умывальніка. Мікуліч.

4. Спец. Пустата ў метале, бетоне, гіпсе і пад., утвораная пры пераходзе рэчыва з вадкага стану ў цвёрды. Усадачная ракавіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узры́ў, ‑рыву, м.

1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.

2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.

3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».

2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.

3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́сты, -ая, -ае.

1. Аднародны па саставе, не састаўны.

Простае рэчыва.

2. Не складаны, не цяжкі, лёгка даступны для разумення.

Простае рашэнне.

3. Без асаблівых хітрасцей, не мудрагелісты.

Простая абстаноўка ў кватэры.

4. Не першасортны, грубы па якасці.

Мука простага памолу.

5. Які не вызначаецца сярод іншых, самы звычайны.

П. смертны.

Простыя людзі жадаюць міру.

6. Звычайны, не заказны (пра пісьмо, бандэроль і пад.).

7. Прастадушны, няхітры, не ганарлівы.

Не саромцеся яго, ён чалавек п.

8. Які належыць да непрывілеяваных класаў, не дваранскі (уст.).

П. народ.

9. Прамы, без выгібаў.

Дарога простая, як страла.

10. Пра каня: не спутаны (разм.).

○

Простая мова — у граматыцы: чужая мова, перададзеная без змен, ад імя гаворачага.

◊

Простым вокам — без дапамогі аптычных прыбораў.

|| памянш. про́сценькі, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.).

|| наз. прастата́, -ы́, ДМ -таце́, ж. (да 2, 3 і 7 знач.).

◊

Святая прастата — пра вельмі наіўнага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пункт, -а, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

1. Месца, якое характарызуецца пэўнымі адзнакамі і можа быць выкарыстана для неабходных дзеянняў.

Камандны п.

Зборны п.

Прызыўны п.

Перагаворны п.

Самы высокі п. гары.

2. Асобнае палажэнне, раздзел у складзе чаго-н. (дакумента, выкладання і пад.).

Асноўныя пункты даклада.

Выкласці па пунктах (таксама перан.: паслядоўна).

3. Асобны момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння.

Кульмінацыйны п.

4. Асноўнае паняцце геаметрыі, а таксама механікі, фізікі — месца, якое не мае вымярэння, мяжа адрэзка лініі.

П. перасячэння прамых.

П. апоры.

П. прылажэння сіл.

П. сонцастаяння.

5. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан.

П. замярзання.

П. плаўлення.

○

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе пастаянна жывуць людзі.

◊

Пункт погляду (або гледжання) на што — чыя-н. думка, погляд на што-н.

У мяне на гэта свой пункт погляду.

|| памянш. пу́нкцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

матэрыя́л

(лац. materialis = прадметны)

1) рэчыва, сыравіна, з якіх вырабляецца, будуецца што-н. або якія прымяняюцца для пэўнай мэты (напр. будаўнічы м., перавязачны м.);

2) розныя звесткі, якія служаць асновай або доказам чаго-н. (напр. ілюстрацыйны м.);

3) тое, што і матэрыя 3.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

агрэга́т

(лац. aggregatus = злучаны)

1) спалучэнне рознатыповых машын, апаратаў у адну канструкцыю для сумеснай работы (напр. трубапракатны а.);

2) асобная, вузлавая частка складанай машыны, напр. рухавік аўтамабіля;

3) сукупнасць мінералаў, якія складаюць горную пароду;

4) рэчыва, утворанае механічным спалучэннем аднародных або разнародных частак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цу́кар

(польск. cukier < ням. Zucker < іт. zuchero, ад ар. sukkar)

1) пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу;

2) адно з арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў;

3) перан. той, хто прыносіць асалоду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)