КАНФЕСІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. confessionalis веравызнальны),

лад думак, пачуццяў і ўчынкаў, што адпавядаюць догматам і патрабаванням пэўнага веравызнання. Знаходзіць увасабленне ў розных формах тэалогіі (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, іудаісцкай і інш.), філасофіі, сацыялогіі, якія развіваюць свае тэарэт. канцэпцыі на аснове традыц. рэлігійных уяўленняў пра чалавека і яго месца ў сусвеце, сэнсе яго жыцця і адкрытасці ў адносінах да Bora, да каштоўнасцей маралі і культуры, навукі і тэхнікі.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАНІ́Р (ад франц. caponnière ніша),

1) ранейшае фартыфікацыйнае збудаванне для вядзення флангавага агню ў двух процілеглых напрамках (паўкапанір — у адным напрамку). Да 19 ст. К. ўзводзіліся ў крэпасцях для падоўжнага абстрэлу крапасных равоў. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся ў сістэме палявых пазіцый і ўмацаваных раёнаў.

2) Абвалаванае месца стаянкі самалётаў, ракет і інш. ваен. ўзбраення і тэхнікі для аховы ад асколкаў і ўдарнай хвалі пры выбухах авіябомбаў і снарадаў.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),

у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НУС (лац. conus ад грэч. kōnos), 1) у элементарнай геаметрыі — цела, створанае вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Аб’ём V = 1 3 π r2 h , плошча бакавой паверхні S = πrl.

2) У аналітычнай геаметрыігеам. месца прамых (утваральных), якія праходзяць праз зададзены пункт S (вяршыню) і перасякаюць зададзеную крывую (накіравальную). Калі накіравальная — акружнасць, а вяршыня артаганальна праектуецца ў яе цэнтр, тады атрымліваецца круглы ці прамы кругавы К.

Конус.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (lētē),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́РЫ-ШАРЫ́Ф,

горад на Пн Афганістана. Адм. ц. правінцыі Балх. Вядомы з канца 15 ст. Каля 150 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металаапрацоўчая. Велазборачны і хім. з-ды. Рамёствы (дываны, скуры, метал. вырабы). Гандаль каракулем, збожжам, фруктамі. Музей «Бактар» (выяўл. мастацтва). Месца паломніцтва мусульман-шыітаў да мяркуемай магілы халіфа Алі з комплексам будынкаў 15 ст. (мячэць, медрэсэ, мінарэт, маўзалей; рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.).

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫ Зямлі,

праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл. Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд. магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл. Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхні наз. магнітным схіленнем.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАЛЕФІ́НЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі ці суполімерызацыі алефінаў (гл. Ненасычаныя злучэнні). Вядомыя тэрмапласты і эластамеры. Паводле маштабаў вытв-сці і галін выкарыстання займаюць 1-е месца сярод сінт. палімераў. Найб. пашыраны — поліэтылен і поліпрапілен. Тэрмапластычныя матэрыялы, для якіх характэрны высокія мех. эластычнасць і дыэлектрычныя ўласцівасці, устойлівасць да ўздзеяння агрэсіўных асяроддзяў, нізкая вільгаце- і газапранікальнасць. У прам-сці выкарыстоўваюць таксама поліізабутылен — прадукт полімерызацыі ізабутылену (гл. Каўчукі сінтэтычныя) і этылен-прапіленавыя каўчукі.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).

т. 13, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ЛЬНЫ ДОМ,

комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед. дапамогі цяжарным жанчынам, парадзіхам, нованароджаным, гінекалагічным хворым. Бывае агульнага і спецыялізаванага (паводле віду паталогіі — сардэчна-сасудзістых, эндакрынных захворваннях, невыношванні цяжарнасці і інш.) тыпаў. Аказвае дапамогу паводле тэр. прынцыпу (першая і неадкладная мед. дапамога незалежна ад месца жыхарства). Мае стацыянар (аддзяленні: родавае, пасляродавае, паталогіі цяжарных, абсервацыі, гінекалогіі, нованароджаных) і жаночую кансультацыю (амбулаторная лячэбна-прафілакт. дапамога цяжарным жанчынам і гінекалагічным хворым).

У.​І.​Дуда.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)