«ЗАБРО́ДДЗЕ»,

каменны метэарыт, які ўпаў у 1893 каля в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Маса 3155 г. Належыць да хандрытаў. Асн. частка метэарыта зберагаецца ў музеі Віленскага ун-та, 195 г — у калекцыі Адэскага ун-та, 3 г — у Брытанскім музеі. Муляж метэарыта знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 37—38.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРНИ́ЦЫ»,

літаратурна-мастацкі часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў Гомелі з 26.11(9.12).1911 да 15(28).6.1912 адзін раз у 2 тыдні на рус. мове. Спрыяў яднанню маладых пісьменнікаў, крытыкаў і публіцыстаў. У паэзіі пераважалі элегічныя матывы С.​Надсана і ранніх сімвалістаў, апавяданні больш нагадвалі эскізы на мясцовыя тэмы, чым закончаныя творы. Змяшчаў літ.-крытычныя ацэнкі творчасці І.​Нікіціна, Надсана, К.​Бальмонта, М.​Дабралюбава, музыкі Ф.​Ліста, М.​Рымскага-Корсакава.

У.​М.​Конан.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ЯЦ»,

«Заёнец», бел. нар. танец. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Бытуе пераважна на Бел. Палессі. Паводле запісаў М.​Федароўскага, на Гродзеншчыне «З.» танцавалі ўдваіх. Танцоры спрытна перабіралі нагамі над пакладзенымі накрыж паленамі, стараючыся не зачапіць іх. Танец суправаджаўся прыпеўкамі. На Гомельшчыне ў падобных варыянтах «З.» чаргуюцца павольныя і хуткія часткі ў суправаджэнні прыпевак. Часта танец выконвае адзін чалавек.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 69.

т. 7, с. 26

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),

індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».

2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.

3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.

Літ.:

Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДРАВАЯ А́РМІЯ,

1) пастаянная рэгулярная армія (узбр. сілы), якая ўтрымліваецца дзяржавамі ў мірны час у скарочаным складзе для вырашэння першачарговых задач з пачаткам вайны, а таксама для падрыхтоўкі ваенна-абучаных рэзерваў, ажыццяўлення мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл. Забяспечвае спалучэнне патрабаванняў ваен. буд-ва і эканомнага выкарыстання людскіх і матэрыяльных магчымасцей дзяржавы.

2) У некат. літ. крыніцах назва арміі, якая мае арганізацыю, тэхн. аснашчэнне, падрыхтоўку і баявы вопыт, што адпавядаюць патрабаванням вядзення сучаснай вайны.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЛУ́ПАЎ (Сямён Мацвеевіч) (22.4.1884, р.п. Краснахолмскі Калтасінскага р-на, Башкортастан — 18.4.1961),

расійскі віяланчэліст, педагог; адзін з заснавальнікаў рас. віяланчэльнай школы. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі (1904—07). Выступаў як саліст і ў розных камерных ансамблях. З 1912 праф. Саратаўскай і Кіеўскай, у 1922—61 — Маскоўскай кансерваторый. Рэдактар многіх віяланчэльных твораў. Сярод яго вучняў М.Растраповіч, Н.​Шахаўская.

Літ.:

Козолупова Г.С. С.​М.​Козолупов: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],

сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ДЖЫЧ (Вук Стэфанавіч) (26.10.1787, с. Тржыч, Сербія — 26.1.1864),

сербскі філолаг, фалькларыст, заснавальнік новай сербскай літ. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1851). Распрацаваў новы правапіс, заснаваны на фанет. прынцыпе, удасканаліў графіку. Аўтар «Сербскага слоўніка» (1818) — найб. поўнага збору нар. лексікі. Сабраў і апублікаваў каштоўныя гіст. і этнагр. матэрыялы, творы серб. вуснай нар. творчасці («Сербскія народныя казкі», 1821), выдаў зборнік нар. песень (1814—15, поўнае выд., т. 1—9, 1891—1902), склаў граматыку сербскай мовы (1814).

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСАРЫ́»,

«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны ​2/4 або ​3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)