намалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Малюючы, стварыць вобраз каго‑, чаго‑н. Намаляваць партрэт. Намаляваць пейзаж. □ Федзя намаляваў карабель і паказаў Алесю. Ваданосаў.
2. перан. Адлюстраваць у мастацкіх вобразах. Пісьменнік намаляваў жыццё вёскі. □ [Кузьма Чорны] намаляваў галерэю моцных духам людзей. Кудраўцаў. // Апісаць словамі. [Маці:] — Уяўляю, якія карціны на .. лекцыі намаляваў наш Апанас Дзянісавіч! Пра машыны ён гатоў расказваць цэлымі днямі. Даніленка. // Уявіць у думках. Па радыё выконвалася п’еска Шумана. Мелодыя лілася светлая і лёгкая, і стары адразу намаляваў у думках кампазітара: малады і рухавы, з тонкімі рысамі, з яснымі летуценнымі вачыма. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няя́ркі, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.
2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
1. Узяць пад сваю ўладу каго‑, што‑н.; прымусіць слухацца каго‑н. [Маці] хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Асіпенка.
2. Паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н., прымусіць дзейнічаць адпаведна чаму‑н. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы агульным. Колас. [Булай:] — Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Шыцік.
3. У граматыцы — звязаць паводле спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкаваць даданы сказ галоўнаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́лымя, ‑я, н.
1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.
2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.
•••
З агню ды ў полымя гл. агонь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць зак., каго-што.
1. Зрабіць вядомым, славутым. — У часе вайны з фашысцкай Германіяй многія выхаванцы нашай школы праславілі сябе гераічнымі подзвігамі. Мікуліч.
2. Стварыць каму‑, чаму‑н. славу, папулярнасць, адлюстраваўшы ў мастацкім ці якім‑н. іншым творы. Праславіць у вершах народ. □ Я хачу праславіць у магутным гімне Дзень камунізма залаты. Танк. Ідэю падказала само жыццё і рэвалюцыйнае сумленне паэта: праславіць рыбацка-сялянскае паўстанне над Нараччу і гэтым самым узняць дух барацьбы ва ўсёй Заходняй Беларусі. У. Калеснік.
3. Іран. Распаўсюдзіць пра каго‑н. нядобрым звесткі, плёткі; абняславіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зрабіць узмах рукой для ўдару, кідання і пад. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач .. коннікам. Колас. [Сын] спачатку выліў на зямлю мутную ваду, пасля размахнуўся і кінуў у агонь бляшанку. Чыгрынаў.
2. перан. Разм. Зрабіць што‑н. з размахам (у 4 знач.). [Жданковіч:] — Што я пастарэў ужо так, ці рабіць развучыўся? Ды я яшчэ так размахнуся! Шамякін. Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўня́, ‑і, ж.
Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рукапа́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ажыццяўляецца без зброі ці халоднай зброяй (пра бой, сутычку). Бабка Антосіха стаяла з качаргою ля парога, нібы грэнадзёр, рыхтуючыся да рукапашнай схваткі. Нядзведскі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі.
2. у знач. наз. рукапа́шная, ‑ай, ж. Бой, сутычка без прымянення зброі або з прымяненнем халоднай зброі. Завязалася рукапашная што называецца — не на жыццё, а на смерць. Брыль. [Саламацін:] У іх тут рукапашная была. [Падымае штык]. Штыком арудаваў немчура. Крапіва. Жывыя мерцвякі .. ішлі ў рукапашную, глушылі прыкладамі адкормленых граміл з адборных штурмавых батальёнаў. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́цар, ‑а, м.
1. Гіст. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — феадал, які належаў да ваенна-землеўладальніцкага саслоўя. // Конны воін, цяжка ўзброены.
2. перан. Самаадданы, велікадушны і высакародны чалавек, абаронца каго‑н. Аднак ува мне загаварыў рыцар. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі. Верны рыцар выратоўвае жыццё дамы свайго сэрца. Шыцік. Мы ўсе былі закаханыя ў Ганю. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Чарнышэвіч.
3. чаго. Чалавек, які поўнасцю аддае сябе якой‑н. справе, ідэі. Рыцар парадку. Рыцар навукі.
[Ад ням. Ritter — коннік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе ў рэчаіснасці; не ўяўны. Рэальны прадмет. Рэальны факт. □ Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. // Сапраўдны, яўны. «Грамада» з кожным днём расла і набірала сілы, станавілася рэальнай пагрозай для акупацыйных планаў урада на «крэсах усходніх». Машара.
2. Заснаваны на разуменні і ўліку наяўных умоў, абставін. Рэальны погляд на жыццё. Рэальная ацэнка абставін.
3. Які можа быць ажыццёўлены, здзейснены. Рэальныя планы. Рэальны тэрмін.
4. Уст. Тое, што і рэалістычны (у 2 знач.).
•••
Рэальнае вучылішча гл. вучылішча.
Рэальная заработная плата гл. плата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)