ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.

Д.​І.​Траццякоў.

Вярблюдка Маршала.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,

адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.

Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.

Гаворцыя жамчужная.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Дурнічнік ігольчасты.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),

род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.

Гальяны: 1 — звычайны (уверсе — самец у шлюбным убранні); 2 — азёрны.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),

сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр. Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.

Літ.:

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛЯ́НКА, дуброўка (Ajuga),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (A. repens), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (A. genevensis) расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах, занесена ў Чырв. кнігу; гарлянка пірамідальная (A. pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.

Адна-, двух- і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Лек. (вяжучы, мачагонны, ранагаючы сродак), меданосныя і дэкар. расліны.

Т.​К.​Марозава.

Гарлянка паўзучая.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЗА́, лікаподый (Lycopodium),

род споравых раслін сям. дзеразовых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: Дз. булавападобная (L. clavatum) і гадавая (L. annotinum). Растуць у яловых. хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах.

Шматгадовыя вечназялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 2 м. Ад сцёблаў адыходзяць верт. густааблісцелыя парасткі выш. да 30 см, са стробіламі на канцах. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае, размешчана спіралямі. Стробілы адзіночныя або іх па некалькі на канцах галінак, сядзячыя ці на доўгіх ножках. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую фарбу) і дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя. Сухія споры маюць да 50% тлустага алею, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (як дзіцячая прысыпка), у ліцейнай вытв-сці. Да роду Дз. часам далучаюць таксама расліны з родаў баранец, дзярэзка, дыфазіястр.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзераза булавападобная.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)