МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,

сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав. прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.

Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.​Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.​Блантара («Кацюша»), А.​Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.​Захарава («Ой, туманы мае...»), А.​Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.​Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.​Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.​Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.​Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.

На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац. фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.​Любана, «Песня пра Нёман» Н.​Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.​Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.​Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.​Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел. нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.​Ханка, «Карнавал» В.​Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.​Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.

Літ.:

Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;

Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Р.​М.​Аладава, Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,

сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар. эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар. эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст. спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв. капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш. сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст. вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр. структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б. сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,

этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.​Маркса і Ф.​Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.​І.​Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.

Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.​Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.​Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).

Літ.:

Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;

Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969;

Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́рты ’лыжы’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ). У сучасным значэнні слова хутчэй за ўсё запазычана з польск. narty ’тс’, вядомага з XVI ст. таксама ў значэнні ’канькі’, аднак не выключана, што яно існавала і раней, у прыватнасці для абазначэння прылады для хадзьбы па снезе і па балотах на паўднёвым Палессі (Машынскі, Kultura, 1, 641), параўн. таксама рус. нарты ’сані з шырокімі палазамі з лыжаў у паляўнічых’, укр. нарти ’касцяныя канькі з рэбраў жывёл’, чэш. narťверх нагі’, ’пад’ём нагі’, славац. nart ’тс’, в.-луж. narė ’пад’ём нагі; перадок’, н.-луж. narś ’перадок у абутку’, славен. nart ’пад’ём нагі; перадок у абутку’, куды можна аднесці і бел. нарты ’абутак вялікага памеру’ (на думку аўтараў Сл. ПЗБ, пераноснае), што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *nar(b)ty, згодна з прынятай этымалогіяй, з *rm і *r? > tъ ’вастрыё, шпень’ (гл. рот). Другая частка прадстаўлена таксама ў ірты ’лыжы’ (гл.) (Фасмер, 3, 45; Махэк₂, 390; Бязлай, 2, 215; Шустар-Шэўц, 13, 990; Брукнер, 356). Слаўскі (Lingua Viget, 120–123) лічыць, што форма адз. л. *пагъ(ъ так адносіцца да гъЫ, як бел. нарог да рог (< прасл. *rogъ). Праблематычнымі застаюцца адносіны славянскіх слоў да адпаведных угра-фінскіх, дзе яны абазначаюць ’лёгкія санкі, нарты’ і маюць шырокае ўжыванне, параўн. саам. nart, мард. nur do, вацяц. nurt, зыран, nort ’тс’ і г. д. Большасць даследчыкаў дапускаюць спрадвечнае існаванне славянскага слова, аднак ускладненае ў некаторых арэалах уплывам запазычанага з угра-фінскіх моў слова са значэннем ’лыжы, лёгкія сані’ (агляд л-ры гл. Бяднарчук, Acta Baltico-Slavica, 9, 1976, 57–58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць 1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.​Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.​Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.​Босх, П.​Брэйгель, Ж.​Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.​Гоі, А.​Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.​Мунк, М.​Шагал), сюррэалізму (С.​Далі, П.​Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.​Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.​Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.​Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.​Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.​Бахматовіча, Я.​Горыда, Я.​Драздовіча, К.​Кукевіча, М.​Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.​Вішнеўскі, А.​Волкаў, Р.​Грамыка, В.​Губараў, М.​Гурло, А.​Карповіч, М.​Пушкар, С.​Раманаў, В.​Славук, В.​Ціхановіч, Л.​Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.​Я.​Адамовіч (гратэск у літаратуры).

Да арт. Гратэск. Ф.​Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.
Да арт. Гратэск. В.​Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),

устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.

Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.​Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.​Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням. паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей

Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б. СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;

Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;

The autoritarian personality. New York, 1950.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ

Пачаткам развіцця арганічнай хіміі на Беларусі можна лічыць выданне ў 1804 у Віленскім ун-це падручніка А.​Снядэцкага «Тэорыя арганічных істот». Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне пачаліся з 1924 на кафедры арганічнай хіміі БДУ пад кіраўніцтвам М.​А.​Прыляжаева. Рэакцыя акіслення ненасычаных злучэнняў пероксікіслотамі (рэакцыя Прыляжаева) выкарыстоўваецца ў сучасным арганічным сінтэзе, а праблемы сінтэзу і трансфармацыі аксіранавых вытворных з’яўляюцца аднымі з найважнейшых кірункаў развіцця арганічнай хіміі на Беларусі. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізіка-арганічнай хіміі, біяарганічнай хіміі, новых матэрыялаў Нац. АН Беларусі, на кафедры арганічнай хіміі і ў НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, у Бел. тэхналагічным, педагагічным, Віцебскім, Гродзенскім ун-тах.

Даследаванні па хіміі аксіранаў і цыклапрапанаў, пачатыя І.​Р.​Цішчанкам, працягваюцца пад кіраўніцтвам А.​Р.​Кулінковіча і Л.​С.​Станішэўскага. Вывучаны рэакцыі ўзаемадзеяння ацылаксіранаў з нуклеафільнымі рэагентамі па аксіранавым цыкле (А.​М.​Бубель, П.​М.​Малашка, Г.​І.​Полазаў) і па карбанільнай групе (А.​Я.​Гузікаў, Г.​З.​Стасевіч, В.​М.​Сыцін, У.​І.​Тыворскі). У выніку распрацаваны эфектыўныя метады сінтэзу гетэрацыклічных сістэм на аснове ацылаксіранаў (А.​С.​Кухараў, А.​П.​Лугоўскі, В.​В.​Марцішонак, Р.​В.​Пшанічны). Вядуцца даследаванні па сінтэтычным выкарыстанні аксіранавых сістэм, рэакцыйнай здольнасці і стэрэахіміі ўзаемадзеяння гетэрацыклічных злучэнняў (Дз.​А.​Апарын, Дз.​М.​Баброў, А.​М.​Званок, Н.​М.​Кузьмянок, Т.​Т.​Лахвіч, А.​П.​Лугоўскі, Л.​С.​Новікаў, У.​І.​Тыворскі). Адкрыта новая рэакцыя гідроксіцыклапрапанавання (рэакцыя Кулінковіча), прапанаваны механізм і ўстаноўлены асн. заканамернасці яе працякання (Дз.​А.​Васілеўскі, А.​Р.​Кулінковіч, У.​Л.​Сарокін, А.​І.​Саўчанка, С.​У.​Свірыдаў). На аснове атрыманых гідроксіцыклапрапанаў распрацаваны метады сінтэзу шэрагу біялагічна актыўных, у т. л. прыродных, рэчываў (В.​Е.​Ісакаў, Ю.​Ю.​Казыркоў, І.​Л.​Лысенка, Я.​А.​Мацюшэнкаў, М.​У.​Райман, Ц.​А.​Шаўчук, А.​Л.​Эпштэйн). Атрыманы карысныя вытворныя 1,4-дыкарбанільных злучэнняў, фурану, тыяфену, піролу; вывучаны магчымасці іх далейшых пераўтварэнняў (Н.​А.​Ільіна, А.​У.​Кельін, М.​В.​Масалаў, А.​Л.​Садоўскі). Даследаваны сінтэз і ўласцівасці комплексна звязаных алюмінійарганічных злучэнняў з эфірамі і амінамі, а таксама вышэйшых алюміній- і магнійалкілаў (Л.​У.​Гапонік, П.​М.​Гапонік, В.П.

Мардыкін, А.​В.​Паўловіч, Т.​С.​Прытыцкая), у выніку распрацаваны эфектыўныя тэхналогіі атрымання алігапіпірылену і нафтапалімерных смол. Атрыманы шэраг гетэраметалічных вытворных ферацэну, солей ферацынію; даследаваны шляхі іх накіраванага сінтэзу і тэрмічнага раскладання (П.​М.​Гапонік, А.​І.​Лесніковіч). Распрацаваны метады сінтэзу шэрагу вадкакрышталічных злучэнняў для электрааптычных устройстваў адлюстравання інфармацыі (У.​С.​Безбародаў).

Даследаванні механізмаў і кінетыкі арганічных рэакцый, хіміі прыродных злучэнняў, сінтэзу арганічных рэчываў звязаны з імёнамі Ю.​А.​Альдэкопа, А.​А.​Ахрэма, І.​І.​Бардышава, Б.​В.​Ерафеева, М.​С.​Казлова, Ф.​А.​Лахвіча, І.​А.​Міхайлопулы і інш. Даследавана вадкафазнае акісленне вуглевадародаў; у выніку распрацаваны метады атрымання практычна карысных для хіміі палімераў ненасычаных спіртоў, карбанільных злучэнняў і дыенаў (Р.​І.​Бельская, Н.​П.​Емяльянаў, М.​І.​Міцкевіч, І.​І.​Чыжэўская). Даследуецца сінтэз азотзмяшчальных гетэрацыклаў (Г.​В.​Вараб’ёва, К.​М.​Гусак, М.​Г.​Казлоў, В.​А.​Сяржаніна, Г.​С.​Шманай), у т. л. на аснове бінарных акісляльна-аднаўляльных сістэм (Я.​С.​Асінавік, А.​А.​Скрыган). Цыкл работ па распрацоўцы новых каталітычных метадаў сінтэзу азотзмяшчальных арганічных злучэнняў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (Л.​В.​Гладкіх, К.​А.​Жаўнерка, М.​С.​Казлоў, С.​І.​Козінцаў, В.​А.​Сяржаніна, В.​А.​Тарасевіч). Даследуюцца сінтэз і сінтэтычныя магчымасці полігалагенарганічных злучэнняў (Ю.​А.​Альдэкоп, В.​А.​Запольскі, Р.​В.​Кабердзін, У.​І.​Поткін); адкрыта рэакцыя ўтварэння ізатыазолу; у выніку сінтэзаваны шэраг рэчываў з карыснымі медыка-біялагічнымі і фізіка-тэхнічнымі ўласцівасцямі (святлоадчувальныя, каразійнаўстойлівыя матэрыялы і інш.). Даследаваны метады атрымання і магчымасці хім. пераўтварэнняў ртуцьарганічных злучэнняў (Ю.​А.​Альдэкоп, М.​А.​Майер, А.​А.​Эрдман). У выніку вывучэння сінтэтычных уласцівасцей пероксіацэтыленідаў ртуці, серабра і літыю распрацаваны зручныя метады сінтэзу элементаарганічных і функцыянальна замешчаных пераксідаў (Л.​Б.​Берасневіч, К.​Л.​Майсяйчук і інш.), якія выкарыстоўваюцца як ініцыятары полімерызацыі, святлоадчувальныя матэрыялы і інш.; метады сінтэзу новых металакомплексных сістэм, у т. л. электрахімічны спосаб атрымання β-дыкетанатаў пераходных металаў (В.​А.​Кніжнікаў, В.​Л.​Шырокі і інш.). У галіне хіміі тэрпенаў даследаваны састаў бальзамаў і эфірных масел хвойных парод дрэў (А.​М.​Булгакаў, Х.​А.​Чэрчас), хімічныя пераўтварэнні прыродных тэрпеноідаў (В.​В.​Базыльчык, І.​Ф.​Буйнова, Э.​М.​Манукоў), распрацаваны метады сінтэзу цяжкадаступных тэрпеноідаў (С.​С.​Кавальская, М.​Г.​Казлоў). Даследуюцца сінтэз, хім. і біяхім. ўласцівасці прыродных і роднасных ім злучэнняў. Распрацаваны эфектыўныя метады сінтэзу і функцыяналізацыі стэроідных сістэм (С.​К.​Ананіч, А.​У.​Жарнасек, М.​У.​Каўганка, Ж.​М.​Кашкан, С.​М.​Сакалоў, У.​А.​Хрыпач) і іх гетэрацыклічных аналагаў (В.​У.​Гулякевіч, А.​Ф.​Лахвіч, Ф.​А.​Лахвіч, Л.​Р.​Ліс, А.​Л.​Міхальчук, В.​М.​Пшанічны і інш.). У рамках сінтоннага падыходу да праблемы шматстадыйных сінтэзаў распрацаваны метады атрымання ключавых структурных блокаў шэрагу β-ды- і β-трыкарбанільных вытворных (Ф.​А.​Лахвіч, Ф.​С.​Пашкоўскі). На аснове гэтых блок-сінтонаў сінтэзаваны прыродныя і роднасныя ім рэчывы. Прапанаваны арыгінальныя метады татальнага сінтэзу простагландзінаў серый E1, A2, F2 і іх аналагаў (Т.​А.​Жалдакова, В.​А.​Казінец, А.​А.​Пап). Анеляваннем з удзелам розных β-ды- і β-трыкетонаў атрыманы шэраг роднасных стэроідам і алкалоідам поліцыклічных сістэм (А.​М.​Пырко, Т.​С.​Хлебнікава, У.​А.​Хрыпач, Ю.​Г.​Чарноў), а таксама антыбіётыкі, кайрамоны, пестыцыды (Т.​М.​Бураўская, У.​Г.​Зайцаў, І.​П.​Локаць, І.​І.​Петрусевіч, Дз.​Р.​Рубінаў). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана нітралаксідная метадалогія фарміравання бакавых ланцугоў (Ф.​А.​Лахвіч), у прыватнасці α- і ω-ланцугоў прастаноідаў (І.​П.​Антаневіч, Н.​Ф.​Бондар, А.​У.​Каралёва, Т.​В.​Чэрніхава) і бакавых ланцугоў стэроідаў (А.​В.​Бараноўскі, У.​М.​Жабінскі, Р.​П.​Літвіноўская і інш.). Цыкл работ па сінтэзе і даследаванні ўласцівасцей брасінастэроідаў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (В.​К.​Альховіч, У.​М.​Жабінскі, М.​І.​Завадская, Ф.​А.​Лахвіч, Р.​П.​Літвіноўская, У.​А.​Хрыпач). Сінтэзаваны шэраг новых вытворных з высокай біялагічнай актыўнасцю, у прыватнасці прэпарат нейратропнага дзеяння «Дымедрахін» (М.​С.​Красоўская, А.​П.​Марачкін, А.​Н.​Сяргеева, Л.​І.​Ухава і інш.). Асноўным аб’ектам даследаванняў кампанентаў нуклеінавых кіслот з’яўляюцца нуклеазіды, мадыфікаваныя ў вугляродным фрагменце малекулы (І.​А.​Міхайлопула). Атрыманы і даследаваны шэраг біяактыўных нуклеазідаў, у т. л. супрацьлейкозны прэпарат «Цытарабін» (Г.​В.​Зайцава, А.​М.​Калінічэнка, Я.​І.​Квасюк). Распрацаваны метады сінтэзу цяжкадаступных фтордэзоксіцукрыдаў (Т.​І.​Прыкота, М.​Я.​Пупейка, Р.​Г.​Сівец). Кандэнсацыяй сілілаваных пурынаў з ацылвытворнымі цукрыдаў атрыманы шэраг мадыфікаваных нуклеазідаў з карыснымі ўласцівасцямі (Т.​І.​Кулак, Т.​Л.​Падкапаева, Н.​Б.​Хрыпач).

Літ.:

Ахрем А.А., Ковганко Н.В. Стероиды: Экологические функции. Мн., 1990;

Жабинский В.Н., Лахвич Ф.А., Хрипач В.А. Брассиностероиды. Мн., 1993;

Kulinkovich O. Chemisty of cyclopropanols // Chemisty Reviews. 2003. Vol. 103;

Королева Е.В., Лахвич Ф.А. Нетипичные трансформации 2-изоксазолинов // Успехи химии. 1997. Т. 66, вып. 1;

Тарасевич В.А., Козлов Н.Г. Восстановительное аминирование кислородсодержаших гетероциклов // Успехи химии. 1999. Т. 68, вып. 1;

Tyvorskii V., Astashko D., Kulinkovich O. A convinient route to 1-(2-oxiranyl)-1,4-diketone // Tetrahedron. 2000. Vol. 60;

Mikhailopulo I. Synthesis of 1-deazaadenozine analogues of (2′—5′) ApApA // Nucleozides Nucleotides. 1996. Vol. 15, №1—3.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 18, кн. 2, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)