ГАЛІКА́НСТВА, галіканізм (ад лац. gallicanus літар. гальскі, тут французскі),

рэліг.-паліт. рух у Францыі ў 13—18 ст., які меў на мэце дасягненне аўтаноміі франц. каталіцкай царквы ад папства. Зарадзілася ў часы Філіпа IV Прыгожага ў час яго барацьбы з папам Баніфацыем VIII за прэрагатывы свецкай улады. Найб. развіццё галіканства атрымала ў 15—17 ст. Асн. палажэнні (сфармуляваны ў 1682 у «Дэкларацыі галіканскага духавенства») дзейнічалі да канца 18 ст. і былі пакладзены Напалеонам I у аснову статуса франц. дзярж. царквы. У сучасных умовах ідэі галіканства праяўляюцца аддалена ў патрабаваннях франц. епіскапату большай самастойнасці ў мясц. царк. кіраванні.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАРЫЁН (Hipporion),

род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.

Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),

рускі дырыжор. Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.​Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЛА́КШСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Размешчаны на архіпелагу ў Кандалакшскім зал. і а-вах каля Мурманскага берага Баранцавага м. ў Мурманскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1939 (на базе Кандалакшскага гагачага запаведніка 1932; у сучасных межах з 1977). Пл. 58,1 тыс. га, у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння; тэр., укрытая лесам, — 11 202 га, марская акваторыя — 40 383 га. Тундра і паўн. тайга. На ўзбярэжжах і ў лясах трапляюцца лось, буры мядзведзь, ліс, вавёрка, глушэц, цецярук, рабчык. У моры звычайная нерпа, шэры цюлень і інш. Птушыныя базары, гняздоўі rari і 43 іншых відаў птушак. Музей прыроды.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РМЕЛЬ,

гара на Пд Палесціны (тэр. Ізраіля), на зах. схіле якой у пячорах Табун і Схул у 1929—34 выяўлены касцявыя рэшткі людзей разам з каменнымі прыладамі і касцямі выкапнёвых жывёл. У пячоры Табун знойдзены амаль поўны шкілет жанчыны неандэртальскага тыпу і ніжняя сківіца мужчынскага чэрапа. У пячоры Схул знойдзены косці 10 шкілетаў рознай захаванасці са спалучэннем неандэртальскіх і сучасных асаблівасцей будовы чэрапа і інш. частак шкілета. Жылі 35—40 тыс. гадоў таму назад. Адны вучоныя лічаць, што насельніцтва пячор К. — вынік змешвання людзей неандэртальскага і сучаснага тыпаў; іншыя бачаць у іх эвалюцыйны пераход ад стараж. людзей да новых.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУТКА́ ((Lazutka) Станісловас) (н. 7.5.1923, в. Байсогала Венгераўскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),

літоўскі гісторык. Д-р гіст. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. культ. Літвы (1979). Скончыў Вільнюскі ун-т (1950), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1958). З 1948 у Вільнюскім ун-це (у 1959—76 прарэктар). Даследаваў падзеі 1859—64 у Літве, гісторыю Віленскага ун-та і інш. У 1968—92 кіраўнік групы Вільнюскага ун-та па вывучэнні і выданні Статутаў і Метрыкі ВКЛ; адзін з выдаўцоў сучасных акад. выданняў Статута ВКЛ 1529 і Метрыкі ВКЛ. Рэсп. прэмія Літвы 1979, 1995.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСУ́Р,

дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),

аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел. нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.

Літ.:

Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.

А.​А.​Друкт.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),

мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.​Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.​Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭЙ ЛАНЬФА́Н (23.10.1894, Пекін — 8.8.1961),

кітайскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы ў Пекіне. Вывучаў і выкарыстоўваў прыёмы т-ра кунцюй, танц. мастацтва Танскай эпохі. З 1909 у трупе «Фулянь» пры тэатр. вучылішчы, з 1949 у Т-ры пекінскай муз. драмы. З 1951 дырэктар Акадэміі т-ра традыц. муз. драмы. Майстар пераўвасаблення. Выконваў жаночыя ролі, у якіх дакладна перадаваў псіхалогію, паводзіны, знешняе аблічча сцэнічных гераінь. У 1910-я г. стварыў новыя віды «спектакля ў сучасных касцюмах» і спектакля ў стараж. касцюмах на класічныя сюжэты.

Тв.:

Рус. пер. — Сорок лет на сцене. М., 1963.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)