1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы.Кандрусевіч.
2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным.Бядуля.[Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду.Сачанка.Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну.«Беларусь».
3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі.Гартны.
4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня.Васілёнак./ Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва.Лынькоў.А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу.Сабаленка.
5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп.Колас.Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў.Бядуля.// Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны.Гроднеў.У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае.Пташнікаў.
6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску.М. Стральцоў.Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету.Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Пачаць рухацца, пераварочваючыся ў якім‑н. напрамку (пераважна пра круглыя прадметы). Мяч стукнуўся аб шыбу майго акна, перакуліў на паперы чарніліцу, саскочыў са стала і пакаціўся па падлозе.Васілевіч.// Пачаць каціцца ўніз па нахіленай плоскасці. [Курачка], як мяшок, пакаціўся па каменных прыступках і ўжо нежывы зваліўся на траву.Чарнышэвіч.//перан. Пайсці на спад, заняпасці. Гаспадарка не толькі не пайшла ўгору, а наадварот, пакацілася ўніз.Сергіевіч.
2. Паехаць, пачаць рухацца (аб транспартных сродках). [Максіма і Раговіча] пазнала і пакацілася па дарозе лёгкая брычка, запрэжаная паркай сытых коней.Грахоўскі.Балоты скончыліся; дарога пашыбавала па горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку.Колас.//Разм. Пачаць хутка адступаць, адыходзіць назад. Сілы.. [белапалякаў] надарваліся, упартасць іх была зламана. Яны захісталіся, падаліся і пакаціліся назад, пакідаючы зброю, забітых, раненых і здаючыся ў палон.Колас.Вайна пакацілася на захад — з бразганнем танкаў, з прапозлівым гулам самалётаў, свістам і разрывамі бомбаў.Пестрак.//перан. Адысці, адступіць ад чаго‑н. (звычайна перадавога, прагрэсіўнага). [Хлопец:] — Мы верылі.. [Алесю] .. А от прамаргалі, і былы таварыш адкалоўся. Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў!Мележ.
3.Разм. Упасці, паваліцца. [Пунтус] аступіўся і пакаціўся, затрымаўшыся на момант на вострых каменнях.Шыцік.[Вольга] тузанула .. [Лявона] за рукаў, і той затрашчаў, а сам Лявон пакаціўся, пацягнуўшы за сабой і яе.Кудравец.
4.перан. Пачаць распаўсюджвацца (аб гуках). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы.Маўр.Далёка па лесе пакацілася рэха.Скрыпка./ Аб чутках. Маланкай пакацілася па мястэчку вестка, што паліцэйскія ў пастарунку катуюць арыштаваных.Машара.
5. Пацячы (пра слёзы, пот). У Буракова пакаціліся слёзы, і ён зусім не хаваў іх, неяк застыўшы на месцы.Ермаловіч.
•••
Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — гучна і нястрымна засмяяцца, зарагатаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тума́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да туману 1 (у 1 знач.); які ўтвораны туманам, складаецца з яго. Туманная смуга. □ Агорнуты прастор світаннем сінім, У туманным моры плаваюць кусты.Панчанка.//Спец. Які выкарыстоўваецца ў час туману (пра сігнал). Туманны сігнал.// Ахутаны, засланы туманам. Над туманным лесам, балотам, Дзе калісь хлапчуком-падпаскам Скакаў з каровамі кадрылю я, Сёння горда плывуць самалёты...Чарот.Вунь птушкі звіняць над туманным балотам.Бядуля.Пяюць рыбакі пра туманныя далі, Пра слаўны багаты ўлоў.Хведаровіч.// З туманамі, туманам. Туманны вечар. □ У мутнай шэрані туманнай раніцы вырысоўваліся дзве постаці.Самуйлёнак.Раніца была туманная. Сонца ўзыходзіла ціха, туман разыходзіўся паволі.Чорны.Летась увосені, Алесь, — у дзень туманны, з балотам, слотай і сумам на сэрцы — бачыў я, як над нашымі Ганчарамі, невядома адкуль узяўшыся, праляцелі тры марскія чайкі.Брыль.// Насычаны туманам. Туманная сырасць. □ На станцыі, дзе чырванела воданапорная вежа, узняўся сіні дым і адтуль даляцела прыглушанае туманнай адлегласцю рэха гудка.Гаўрылкін.
2. Расплыўчаты, няясны; бачны як праз туман. Туманны сілуэт. □ [Саша] глядзела ў далячынь, дзе відны былі хаты, але нічога не бачыла, акрамя туманнага вобраза партызана.Шамякін.Туманнае святло аблівала каморку, скрадаючы ўбогасць яе абсталявання.Гартны.//перан. Няпэўны, невыразны (пра ўяўленні, пачуцці і пад.). Туманнае мінулае. □ [Адам Блецька] .. поўніўся туманнымі надзеямі.Чорны.
3.перан. Які мае няясны сэнс; незразумелы (пра выказванні, словы і пад.). Туманнае паняцце. Туманны стыль. Туманны выраз. □ Размаўляючы .. [Сяргей і Наталля Пятроўна] міжвольна і непрыкметна пераходзілі ад адной тэмы на другую, ад абмеркавання простай і яснай жыццёвай падзеі да абстрактных філасофскіх разважанняў, часам даволі туманных.Шамякін.Нічога туманнага няма на жыццёвым шляху Васіля, нічога супярэчлівага.Кулакоўскі.
4.перан. Пазбаўлены акрэсленага выразу, думкі; задуменны (пра вочы, погляд). Туманнымі вачамі .. [Змітрок] глядзеў на столь, па сцены.Ваданосаў.// З няяснай свядомасцю. [Андрэй:] — Калі дырэктар пачне хадзіць да кожнага рабочага на вяселле, яму не застанецца часу кіраваць заводам. Ды і галава будзе вечна туманная.Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Спартак» Р.Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.Бічэр-Стоу, раманы Ж.Верна, «Авадзень» Э.Л.Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.Перо, братоў Я. і В.Грым, Х.К.Андэрсена, А.Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.Ф.Купера, творы К.Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.Коласа і інш.
Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.Яршова, многія творы М.Лермантава, М.Някрасава, М.Гогаля, У.Караленкі, А.Чэхава. Л.Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.Радары, польск. педагога Я.Корчака і інш.
Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, Л. і С.Зізаніяў, Л. і К.Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909), п’еса-казка К.Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час.«Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.Багдановіча, З.Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.Дубоўка, С.Шушкевіч, А.Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.Трус, А.Гурло, Я.Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.Чарняўская. Заснавальнік бел.навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Насцечка» К.Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.Танка, А.Куляшова, П.Броўкі, П.Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.Бялевіча, Э.Агняцвет і інш., у аповесцях П.Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.Пальчэўскага, Х.Жычкі, Я.Курто, Л.Прокшы, Д.Слаўковіча, І.Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.Вольскага, У.Караткевіча, Я.Пархуты, А.Клышкі, У.Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.Бандарына, С.Александровіч, Л.Арабей, В.Хомчанка, А.Лойка), прыгодніцкая (У.Краўчанка, М.Ваданосаў, А.Шашкоў, А.Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.Гамолкі, Р.Баравіковай, У.Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.Грамовіча, Кавалёва, П.Рунца, Хомчанкі, У.Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.Кобец-Філімонавай, К.Каліны, Місько, У.Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.Гілевіча «Загадкі»; Е.Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, Н.Галіноўскай, У.Карызны, Т.Кляшторнай, М.Маляўкі, П.Сушко, М.Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.Дзеружынскага, І.Муравейкі, С.Грахоўскага, П.Пранузы, В.Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.Зуёнка, «Гуканне вясны» В.Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.Макаль, працуюць А.Вольскі, А.Вярцінскі, А.Махнач, Ягоўдзік і інш.
Літ.:
Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.
1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла.Барадулін.Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна.Хадкевіч.// Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі.Колас.
2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном.Асіпенка.// Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал.Рунец.// У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі.Нядзведскі.Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі.В. Вольскі.
3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы.Васілевіч.// Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно.Б. Стральцоў.
4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў.Асіпенка.Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны.Новікаў.// Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі.Сяргейчык.Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк.Васілёнак.
5.Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.
6.Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы.Ракітны.Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах!Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.
1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі.Маўр.Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла.Пестрак.Праз нейкі час перастрэлка сціхла.Сяргейчык.// Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла.Мележ.Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх.Карпаў.Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву.М. Стральцоў.// Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі.Алешка.// Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла.Гурскі.Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх.Якімовіч.// Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі.Куляшоў.
2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў.Чорны.Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе!Зарэцкі.Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню].Палтаран.[Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне.Кавалёў.// Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах.Шамякін.На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла.Ракітны.У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі.Гілевіч.// Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою.Мележ.//перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.
3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча.Чарот.Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе...Кусянкоў.Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія.Кляўко.// Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці.Шамякін.Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул.А. Александровіч.// Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі.// Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх.// Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра.Машара.Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі.Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ, Рэспубліка Комі,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс.км². Нас. 1176 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г.Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.
Прырода. Размешчана на ПнУеўрап.ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд.м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.
Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс.н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г.Сыктыўкар), Усць-Вым і інш.гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.
Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн.т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн.т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд.м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр.з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс.т), агародніны (32,1 тыс.т), збожжавых (2,1 тыс.т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс.км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.
Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш. творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.Лебедзеў, В.Лыткін, В.Савін, В.Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.Пысціна, В.Юхніна, Я.Рочава, Г.Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял.Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.Аўрамчык).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс.н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп.муз.т-р (1968, арх. А.Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес.выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.Бязносаў, тэатр. мастакі В.Малахаў, В.Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.Жылін, В.Поснікаў), пейзаж (С.Торлапаў), нацюрморт (Е.Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.
Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац. творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.Герцман, П.Чысталёў, А.Рочаў, А.Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп.муз.т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.
Літ.:
История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;
Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;
Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;
Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;
Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́Ж (Paris),
горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.