ЕПІСКАПА́Т,

у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІЕ́НТ [лац. cliens (clientes)],

1) у Стараж. Рыме свабодны чалавек, які аддаваўся пад заступніцтва знатнага рым. грамадзяніна — патрона і быў у залежнасці ад яго.

2) Пастаянны наведвальнік, пакупнік або заказчык; асоба, якая карыстаецца паслугамі адваката, натарыуса і да т.п. Кола, сукупнасць кліентаў наз. кліентурай.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н,

горад, сталіца Іарданіі, у вадзі Зерка, на ПнЗ краіны. 1,3 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапр., харч., тытунёвая, тэкст., цэментная і інш. прам-сць. Ун-т.

У старажытнасці вядомы пад назвай Рабат-Амон, у эліністычна-рым. эпоху — Філадэльфія. У 7—9 ст. уваходзіў у араб. Халіфат, пасля яго распаду ў 10 ст. — у склад розных дзяржаў Егіпта і Сірыі. З 1516 да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. З 1921 сталіца эмірата Трансіарданія, з 1946 Іарданіі. На месцы стараж. горада захавалася некалькі грабніц і фрагменты сцяны (магчыма, 9 або 8 ст. да н.э.), руіны араб. цытадэлі і рым. тэатра на 4 тыс. чал. (2 ст. н.э.), адэона (тэатр для спевакоў), німфея (ант. свяцілішча). У канцы 19 ст. пабудаваны палацы Басман і Рагдан, у 1924 — мячэць аль-Хусейн, у 1952 — маўзалей караля Абдалаха. Сучасная архітэктура горада еўрап. тыпу. Музеі: Іарданскі археалагічны, ісламу.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСКІ ГРЫГАРЫЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна са старэйшых рым.-каталіцкіх навучальных устаноў. Знаходзіцца ў Ватыкане. Засн. ў 1551 І.​Лаёлам і Ф.​Борджа як Collegium Romanum (Рымскі каледж), папам Юліем III пераўтвораны ва ун-т. Атрымаў падтрымку ад папы Грыгорыя XIII, які ў 1682 выдзеліў яму значную суму з папскай казны і перадаў шэраг будынкаў. У 1926 у склад ун-та ўключаны Вышэйшы ін-т рэліг. культуры, у 1928 — Папскі ін-т усх. даследаванняў (засн. ў 1917), у 1955 — Папскі біблейскі ін-т (засн. ў 1909). Кіруе П.Г.у. ордэн езуітаў. За дзейнасць ун-та адказваюць перад рым. курыяй генерал ордэна езуітаў і прызначаны папам кардынал-пратэктар. Рыхтуе кадры для цэнтр. і перыферыйных царк. устаноў. У П.Г.у. ў розны час вучыліся бел. святары К.​Маскалік, А.​Надсон, А.​Неманцэвіч, Т.​Падзява, Я.​Рэшаць, Ч.​Сіповіч, У.​Тарасевіч, Ф.​Чарняўскі інш.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЎТ Ціт Макцый (Titus Maecius Plautus; каля 255 да н. э., г. Сарсіна, Італія — каля 184 да н.э.),

рымскі камедыёграф. Прадстаўнік «паліяты» — рым. камедыі, створанай на ўзор грэч. быт. камедыі шляхам запазычання і апрацоўкі яе сюжэтаў і вобразаў, але ўзбагачанай рэаліямі рым. жыцця, новымі драматург. прыёмамі. П. прыпісвалася каля 130 камедый; захавалася 21. Найб. вядомыя: «Амфітрыён», «Аслы», «Скарб», «Палонныя», «Менехмы», «Выхвальны воін», «Прывід», «Тры манеты», «Грубіян» і інш., у якіх дзейнічаюць дасціпныя і хітрыя рабы, сквапныя ліхвяры, двудушныя зводнікі, строгія бацькі і легкадумныя дзеці. Камедыі вылучаюцца займальнасцю сюжэта, дынамізмам дзеяння, муз. партыямі (кантыкамі), што нагадвае сучасны вадэвіль, жыццярадаснасцю, аптымізмам, яскравай, вобразнай, сакавітай мовай, майстэрскім выкарыстаннем метрычных форм. Яны паўплывалі на развіццё еўрап. камедыі (У.​Шэкспір, Мальер).

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—3. М., 1997.

Літ.:

Савельева Л.И. Приемы комизма у Плавта. Казань, 1963;

Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Старэйшы,

Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».

Тв.:

Рус. пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНІ́СТЫКІ (ад грэч. agōnistikos здольныя да барацьбы),

цыркумцэліёны, дэмакратычная хрысц. секта калонаў і рабоў у рым. Афрыцы 4—5 ст., левае крыло данатыстаў. Пратэставалі супраць сац. няроўнасці, паднявольнай працы, асуджалі афіц. царкву, прапаведавалі аскетызм, пакутніцтва. Узначальвалі паўстанні калонаў і рабоў у Нумідыі каля 340 і ў пач. 5 ст.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНА́Т (Odaenathus) Септымій (? — 267),

правіцель Пальміры ў 3 ст. н.э. У 260 нанёс паражэнне іранскаму цару Шапуру I. У 262—67 камандаваў пальмірскімі і рым. арміямі і атрымаў шэраг перамог над персамі, меў званне дукса і імператара. Фактычна быў незалежным ад Рыма правіцелем, прысвоіў сабе тытул «цара цароў».

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СТЫЯ,

у грэчаскай міфалогіі багіня агню і хатняга ачага, дачка Кронаса і Геі. Апякунка непагаснага агню — асновы, якая аб’ядноўвала багоў, чалавечае грамадства і кожную сям’ю. На Алімпе сімвалізавала непарушны космас. У рым. міфалогіі Гестыі адпавядае Веста.

Гестыя. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ЦКІЯ І́ДЫ,

паводле старажытнарымскага календара 15 сакавіка. У гэты дзень у 44 да н.э. быў забіты Юлій Цэзар. Змоўшчыкі (арганізатарамі былі Лонгін Гай Касій, Марк Юній Брут, Дэцым Юній Альбін Брут і інш.), баючыся ўзмацнення манархічных памкненняў Цэзара, забілі яго ў будынку курыі Пампея (Рым) у дзень пасяджэння сената.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)