група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас.р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Віктар Барысавіч) (1.4.1923, Мінск — 27.11.1981),
бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1952). Працаваў у станковай і манументальнай скульптуры. Сярод станковых твораў кампазіцыі «Партрэт студэнткі», «Раніца» (абодва 1956), «Мары» (1957), «Юнацтва» (1960), «Зноў ідуць» (1964), партрэт арх. Я.І.Цюкава (1973) і інш. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (1959), Ашгабаце (1966), Небіт-Дагу (Туркменістан, 1967), туркм. паэту 18 ст. Махтумкулі ў Ашгабаце (1970). Прымаў удзел у арх.-скульптурным аздабленні будынкаў Сувораўскага вучылішча (1953), Палаца культуры Белсаўпрофа (1954), Т-ра юнага гледача (1956) у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.
Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж. фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЎНЫ ЗБОР РУ́СКІХ ЛЕ́ТАПІСАЎ»
(«Полное собрание русских летописей», ПСРЛ),
шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсх. славян. Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АНСССР. Да 1921 выдадзена 24 т., усяго выйшла 38 тамоў. Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па інш. спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем. Беларускія і бел.-літ. летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м т. апубл. летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і інш.гіст.-літ. матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м т. змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м т. надрукаваны агульнадзярж. бел.-літ. летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навук. ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м т. (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некат. інш. тамах змешчаны помнікі стараж.-рус. летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі бел. народа: Аўрамкі летапіс (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і інш. На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПСРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную бел. мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЦІ́Н (Іван Мікітавіч) (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),
расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл.Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш.гіст.помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.
Літ.:
Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.Н.Болтин. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЗЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (2-я пал. 12—10 ст. да нашай эры) на тэр. стэпавай зоны Паўн. Прычарнамор’я (Украіна). Назва ад паселішча на беразе Белазерскага лімана каля г. Каменка-Дняпроўская (Запарожская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных глінабітных жытлах з каменнымі падмуркамі і паўзямлянках. Аснова гаспадаркі — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых (большасць) і курганных могільніках. Характэрны грубыя кухонныя гаршкі з наляпнымі валікамі і глянцаваны сталовы посуд, арнаментаваны канелюрамі, зубчатым штампам. Магчыма, носьбітамі Белазерскай культуры былі іранцы. Большасць даследчыкаў разглядае Белазерскую культуру як этап позназрубавай культуры, некаторыя — як позні этап сабацінаўскай культуры або як асобную культуру, блізкую да помнікаў тыпу фракійскага гальштата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І»
(«Архив Юго-Западной России, издаваемый временной Комиссией для разбора древних актов...»),
зборнік дакументаў і літ.помнікаў Правабярэжнай і Зах. Украіны 14—18 ст. Выдадзены ў Кіеве на рус. мове ў 35 т. (ч. 1—8, 1859—1914). Асн. крыніца выдання — Кіеўскі цэнтр. архіў, дакументы, што паступалі ў Кіеўскую камісію ад прыватных асоб, манастыроў і розных устаноў. Уключаны матэрыялы па гісторыі правасл. царквы 14—18 ст., пратаколы і пастановы шляхецкіх соймікаў за 1569—1726, звесткі пра барацьбу ўкр. казацтва з польск. шляхтай у 1500—1768, акты аб паходжанні шляхецкіх родаў, пра гарады, дакументы аб эканам. і юрыд. становішчы ўкр. сялян 1498—1799, перапісы яўр. насельніцтва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал.помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял.Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).