пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
Да арт.Архона-енісейскія надпісы. Мужчынская надмагільная статуя з рунічным надпісам 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ТЫ, касеі,
кісіі (акадскае кашы),
старажытныя плямёны, якія жылі ў гіст. вобласці Лурэстан (ПдЗ сучаснага Ірана) у 2—1-м тыс. да н.э.Этн. прыналежнасць дакладна невядома. Часткова насялялі дзяржаву Элам. З сярэдзіны 18 ст. да н.э. рабілі набегі на Вавілонію, да пач. 16 ст. заваявалі, у 1518—1157 да н.э. правілі ў ёй (т.зв. касіцкая дынастыя; найб. вядомы помнік архітэктуры гэтага перыяду — храм 15 ст. да н.э. цара Караіндаша ва Уруку).
Апошняга цара касіцкай дынастыі Эліль-надзіна-аху [1159—57 да н.э.] скінуў цар Элама Шутрук-Нахунтэ I, які заваяваў Вавілонію і падпарадкаваў К. У ант. крыніцах у апошні раз К. згадваюцца ў 324 да н.э. пры Аляксандру Македонскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́Ш, Кінза,
старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э. пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пнеўрап.ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш.Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),
новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёныднепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),
еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав.Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн.чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),
старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р.Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх.плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.