ПАРАЛЕЛАГРА́М (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + gramma лінія),

чатырохвугольнік, стораны якога папарна паралельныя. Выпуклы чатырохвугольнік будзе П. пры адной з наступных умоў: абедзве пары процілеглых старон — парамі роўныя адрэзкі; адна пара старон — роўныя і паралельныя адрэзкі; вуглы пры процілеглых вяршынях роўныя; пункт перасячэння дыяганалей дзеліць кожную з іх папалам. Асобныя віды П.: прамавугольнік (усе вуглы прамыя), ромб (усе стораны роўныя), квадрат (роўнастаронні прамавугольнік). Плошча П. роўная здабытку асновы на вышыню.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІМЕ́ТР (ад лац. planum плоскасць + метр),

механічная прылада для вымярэння плошчы плоскіх фігур адвольнай формы. Адрозніваюць П. палярныя (найб. пашыраны; прапанаваны ням. вучоным Я.​Амслерам у 1854), лінейныя і радыяльныя. Прынцып дзеяння палярнага П. заснаваны на аднакратным абходзе абвадным штыфтам уздоўж контуру фігуры. Плошча фігуры роўная рознасці паказанняў лічыльніка да і пасля завяршэння поўнага абходу. Дакладнасць вымярэння залежыць ад дакладнасці выканання вымяральных аперацый (ад 5 да 10%).

Палярны планіметр: 1 — адліковы барабан, 2 — абвадны штыфт.

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЫККО́ЛЬ, Гнілое возера,

возера ў Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана, на У ад воз. Балхаш. Размешчана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне на выш. 347 м. Пл. 736 км². Глыб. да 4,7 м. Плошча і глыбіня зменлівыя. Берагі нізінныя, ва ўсх. ч. моцна забалочаныя. Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Упадаюць рэкі Тэнтэк і Каракол; пратокай злучана з воз. Уялы. У мнагаводныя гады С. зліваецца з азёрамі Уялы і Алаколь у адзін вадаём. Рыбалоўства. Промысел андатры.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пляц ’сядзіба калгасніка’, ’зямля пад сядзібай’, ’незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’частка прысядзібнага ўчастка каля хаты ці ў полі’ (ТСБМ, БРС, Нас., Сцяшк. МГ, Бір., Яруш., Выг., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС; карэліц., Янк. Мат.; капыл., Жыв, сл.), ’месца для пасеву, плошча’ (Растарг.), ’прастора вакол царквы, цвінтар’ (стол., Яшк.), ’прысядзібны ўчастак’ (ЛА, 4), ’зямельны надзел (у мінулым)’ (ЛА, 3); плац ’участак зямлі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пляцъ ’участак зямлі пад гаспадарчымі будынкамі і агародам’, ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе, ад якога ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы’, плацъ ’поле бою’ (1441 г.). З польск. plac (з 1496 г.), płac (з 1434 г.) ’месца, не забудаванае ў горадзе’, ’месца пад будынкі’, ’месца бою’, якія запазычаны з мовы нямецкамоўных мяшчан польскіх гарадоў — з н.-ням., с.-н.-ням. platz, апошняе, як і франц. place, італ. piazza, узыходзіць да лац. platea ’вуліца, двор’ < ст.-грэч. πλατεῖα ’шырокая дарога, вуліца’. Бел. пляц ’плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў’ (ТСБМ) — з рус. пляц, запазычанага (пры Пятры I) з ст.-бел. пляцъ ці ст.-польск. plac; а рус. плац ’тс’ — з ням. platz ’плошча’ (Брукнер, 416; Карскі, БР, 156, Кюнэ, Poln., 87, Булыка, Лекс. запазыч., 189; Банькоўскі, 2, 595; Фасмер, 3, 276). Сюды ж: пляцава́ць ’мераць на участкі’, пля́цны, пляцовы ’які адносіцца да планавай меры’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў (1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін), бел. жывапісцаў Н.​Воранава, П.​Данелія, Ф.​Дарашэвіча, К.​Касмачова, П.​Крохалева, А.​Шыбнёва, скульпт. Л.​Гумілеўскага, І.​Міско, Г.​Мурамцава, С.​Селіханава і інш.

Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Адна з залаў музея.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́КТАР у геаметрыі,

1) С. на плоскасці — плоская фігура, абмежаваная 2 паўпрамымі, што выходзяць з унутр. пункта фігуры, і дугой контуру. С. круга — фігура, абмежаваная 2 радыусамі і дугой, на якую яны апіраюцца. Плошча С. крута роўная, lr/2 ці πr​2α/360, дзе l — даўжыня дугі, α — адпаведны гэтай дузе цэнтр. вугал у градусах і r — радыус круга.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная канічнай паверхняй, вяршыня якой знаходзіцца ўнутры цела, і выразанай ёю часткай паверхні цела.

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ме́сца 1 ’прастора, пункт, мясцовасць’ (ТСБМ, Касп., Кліх, Янк. I), месцейка ’тс’ (Др.-Падб.), месцечка ’мясцінка’ (Янк. 3.), ст.-бел. мѣстце, мѣстцо ’месца’, ст.-рус. мѣстьце (XV ст.). Да ме́ста 1 (гл.).

Ме́сца 2 месцо ’рыначная плошча’ (Кліх), ’мястэчка’ (валож., іўеў., навагр., беласт., Сл. ПЗБ). Да месца 1. У выніку кантамінацыі бел. месца ’месца’ і места ’горад’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЫНО́КА (Orinoco),

рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн. км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля ​1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.

Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн. т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г. культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л. папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.

На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн. га (каля 63% пл. с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш. с.-г. угоддзяў.

Л.​В.​Круглоў.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

функцыі, якія вызначаюцца формуламі: shx = (e​x − e​−x)/2 (гіпербалічны сінус), chx = (e​x + e​−x)/2 (гіпербалічны косінус) і інш. Уласцівасці гіпербалічных функцый вынікаюць непасрэдна з іх выяўлення праз экспаненцыяльную функцыю e​x.

Гіпербалічныя функцыі звязаны паміж сабой суадносінамі, падобнымі на суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі: ch​2x − sh​2x = 1, thx = shx/chx і г.д. Гіпербалічныя функцыі можна выразіць праз трыганаметрычныя: shx = -i sin ix, chx = cos ix і г.д. Геаметрычна гіпербалічныя функцыі атрымліваюцца пры разглядзе раўнабочнай гіпербалы x​2 − y​2 = 1 (адсюль назва), якую можна задаць параметрычнымі ўраўненнямі x = cht, y = sht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAC, AC — дуга гіпербалы. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні дыферэнц. ураўненняў у электратэхніцы, супраціўленні матэрыялаў, буд. механіцы і інш.

Да арт. Гіпербалічныя функцыі: а — сувязь гіпербалічнага сінуса з экспанентай (1 − y = e​x/2; 2 − y = shx; 3 − y = -e​-x/2); б — сувязь гіпербалічнага косінуса з экспанентай (1 − y = e​x/2; 2 − y = chx; 3 − y = -e​-x/2); в — графікі гіпербалічных тангенса і катангенса (1 − y = cthx; 2 − y = thx); г — геаметрычны сэнс гіпербалічных функцый (1 — гіпербала x​2 − y​2 = 1; CM = cht; BM = sht; AD = tht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAM).

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)