імажы́зм

(англ. imagism, ад image = вобраз)

дэкадэнцкая плынь у англійскай і амерыканскай паэзіі пач. 20 ст., якая імкнулася да перадачы суб’ектыўных уражанняў, штучнага аб’яднання метафар і вобразаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

імажыні́зм

(рус. имажинизм < англ. imagism, ад image = вобраз)

дэкадэнцкая фармалістычная плынь у рускай і беларускай паэзіі 1920-х гадоў, якая сцвярджала вызваленне формы, вобраза ад зместу, ідэі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,

памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.Багдановічам «Помніку» Гарацыя.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антало́гія 1, ‑і, ж.

Зборнік выбраных твораў, часцей за ўсё вершаў, якія належаць розным аўтарам. Анталогія беларускай паэзіі. Анталогія беларускай народнай песні.

[Ад грэч. anthologia — букет кветак (назва зборнікаў выбраных твораў старажытнагрэчаскай паэзіі).]

антало́гія 2, ‑і, ж.

У дамарксісцкай філасофіі — метафізічнае вучэнне аб асновах быцця, якое цалкам супрацьпастаўляецца гнасеалогіі і логіцы; у марксісцкай філасофіі — вучэнне аб аб’ектыўнай дыялектыцы матэрыяльнага свету, заснаванае на яго навуковым пазнанні і звязанае з гнасеалогіяй і логікай.

[Ад грэч. ōn, ontos — існае і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абумо́віць, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., што.

1. Абмежаваць што‑н. пэўнымі ўмовамі, дагаворамі; агаварыць.

2. Выклікаць сабой што‑н., з’явіцца прычынай, матывам для ўзнікнення чаго‑н. Новы, глыбока рэвалюцыйны змест паэзіі Пестрака абумовіў новыя формы паэтычнага выяўлення. Хромчанка. // Зрабіць магчымым што‑н., будучы неабходнай умовай яго існавання. Эпоха, што нарадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самацве́т, ‑а, М ‑цвеце, м.

Каштоўны або штучны камень з чыстым тонам афарбоўкі ці бясколерны, празрысты, з яркім бляскам. Уральскія самацветы. □ У сваім нацыянальным адзенні, у беласнежнай чалме, упрыгожанай дарагімі самацветамі, .. [магараджа] вылучаўся сярод масы гасцей у аднолькавых вячэрніх касцюмах. Лынькоў. / у вобразным ужыв. На разлапістых кедрачах мільёнамі самацветаў гарэлі сняжынкі. Лукша. Па ўсім зборніку [А. Пысіна «Твае далоні»] рассыпаны самацветы, залатыя зярняты сапраўднай паэзіі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДА́ФНІС,

у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

Э.Агняцвет.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШЫ́НА (сапр. Казак) Рыгор

(3.12.1908 або 1907, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 27.3.1979),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1920-я г.). Скончыў Маскоўскі ін-т кінематаграфіі (1935). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі; друкаваўся ў газ. «Беларуская газэта», «Беларускі работнік», «Раніца». З 1944 у Германіі, у 1950—60-я г. працаваў на радыёстанцыі «Свабода». З 1960-х г. у ЗША. Друкаваўся з 1925. Першы зб. «Паэзія чырвонаармейца» (1931). Лірызм, туга па Радзіме, любоў да жанчыны ў. зб-ках паэзіі «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Першы ў бел. паэзіі развіваў паліндром, туюг, канцону, лірычную секстыну і інш. формы верша. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы, шмат перакладаў.

Тв.:

Выбр. творы. Нью-Йорк;

Мюнхен, 1957.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бурле́ска

(фр. burlesque, ад іт. burlesco = жартаўлівы)

1) жанр камічнай, парадыйнай паэзіі;

2) музыкальная п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або вычварнага, капрызнага характару, звычайна вытрыманая ў хуткім тэмпе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)