НА́ДСАН Сямён Якаўлевіч (26.12.1862, С.-Пецярбург — 31.1.1887),

рускі паэт. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1882). Быў на ваен. службе, з 1884 у адстаўцы. Друкаваўся з 1878. З 1882 супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки». Першы зб. — «Вершы» (1885, Пушкінская прэмія АН 1886). Асн. тэмы творчасці — паэзія і яе роля ў жыцці грамадства, спачуванне народу, любоў да Радзімы; значнае месца займае любоўная і пейзажная лірыка. Аўтар паэм «Хрысціянка» (1878), «Вясновая казка» (1882), драмы ў вершах «Царэўна Соф’я» (незавершаная, апубл. 1902), зб. «Літаратурныя нарысы» (1887) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым, А.​Рубінштэйнам, Ц.​Кюі і інш. Паэзіяй Н. захапляўся Я.​Купала.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1962;

Избранное. М., 1994.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСО́А (Pessoa) Фернанду Антоніу (13.6.1888, Лісабон — 30.11.1935),

партугальскі паэт. Вучыўся ў Лісабонскім ун-це (1905—06), займаўся журналістыкай. У 1915 узначаліў групу паэтаў-мадэрністаў, што гуртаваліся вакол час. «Orpheu» («Арфей»). Першыя вершы пісаў на англ. мове (зб-кі «35 санетаў», 1918; «Англійскія вершы», ч. 1—3, 1921). У зб-ках «Пасланне» (1933), «Вершы Алвару ды Кампуша» (апубл. 1944), «Вершы Алберту Каэйру», «Оды Рыкарду Рэйша» (абодва апубл. 1946) выявілася супярэчнасць паміж дробязнасцю чалавечага існавання і велічнасцю бясконцага сусвету. Яго паэзія вызначаецца дасканалым паэт. майстэрствам, здольнасцю перадаць найтанчэйшыя адценні думак і пачуццяў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1978.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРКО́ Іосіф Уладзіміравіч (24.2.1938, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.7.1989),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце СМ Беларусі. У 1974—89 на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1962. Аўтар зб. лірыкі «Бацькоўскі парог» (1973). Вершы С. вылучаюцца мілагучнасцю і меладычнасцю, прасякнуты грамадз. пафасам, любоўю да роднага краю; на многія з іх напісаны песні. Напісаў сцэнарый дакумент. фільма «Драўгістэ — дружба». На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Бокава, Б.​Кежуна, А.​Твардоўскага, К.​Шавялёвай, М.​Нагнібеды, К.​Галчынскага і інш.

Тв.:

Весніцы: Вершы, песні. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРХА́Т (сапр. Хасанаў) Мухіддзін

(7.8.1924, кішлак Хаджанайсавор, Таджыкістан — 30.5.1984),

таджыкскі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1948). Працаваў у рэдакцыях газет, выдавецтве, з 1970 у Гал. навук. рэдакцыі Тадж. Сав. Энцыклапедыі. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў грамадз. і любоўнай лірыкі «Кветкі радасці» (1948), «Люблю» (1950), «Паэзія свабоды» (1955), «Песні пра каханне» (1962), «Горная рака» (1964), «Вясенняя крыніца» (1972), «Кніга сяброўства» (1976), «Белая чарэшня» (1981), твораў для дзяцей. Асобнымі кнігамі ў яго перакладзе выйшлі зб-кі выбраных вершаў Я.​Купалы «Сонцу» (1965) і «Доля беларуса» (1982), Я.​Коласа «Наш шлях» (1965). На бел. мову асобныя вершы Ф. пераклалі К.​Кірэенка, Р.​Няхай, У.​Скарынкін.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь. мечта, любовь. М., 1966.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛА́ТАЎ Віктар Іванавіч (10.8.1923, Баку — 1.9.1980),

бел. музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1978). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1955). З 1955 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў лад, рытм, мелодыку бел. нар. музыкі. Аўтар кніг «Ад песні да песні» (1961), «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970), «Па слядах аднаго рытму» (1974), «Песні ўсходнеславянскай супольнасці» (1977). Складальнік муз. часткі 7-томнага акад. выдання «Беларуская народная творчасць»: «Песні савецкага часу» (1970), «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Жніўныя песні» (1974), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Восеньскія і талочныя песні» (1981). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ Павел Мікалаевіч (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),

рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1968.

Літ.:

Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІУС (Gryphius) Андрэас (2.10.1616, г. Глогаў, Польшча — 16.7.1664),

нямецкі паэт і драматург. Рана страціў бацькоў, перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48. Скончыў Лейдэнскі ун-т у Галандыі (1643). Пісаў вершы на ням. і лац. мовах. Аўтар зб-каў «Нядзельныя і святочныя санеты» (1639), «Санеты, эпіграмы, оды» (1643). Яго паэзія, прасякнутая ідэямі стаіцызму, сцвярджала марнасць зямнога быцця і ў той жа час — веліч і нязломнасць духоўнасці, здольнасць чалавека пакінуць добры след на зямлі і зліцца з вечнасцю. У 1640—50-я г. пісаў пераважна трагедыі («Леў Армянін», «Карл Сцюарт», «Кацярына Грузінская», «Папініян» і інш.), гал. герой якіх — чалавек маральнага абавязку, здольны ахвяраваць сабой у імя веры і чалавечнасці. Аўтар камедый «Спадар Петэр Сквенц» (1658), «Гарыбілікрыбрыфакс» (1663).

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),

казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.​Глебка, М.​Танк, А.​Жаўрук, А.​Зарыцкі, А.​Ушакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Песні і паэмы. Мн., 1939;

Рус. пер. — Избр. произв. Алма-Ата, 1980.

Джамбул Джабаеў.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАКО́ЛЬСКІ Павел Рыгоравіч (1.7.1896, С.-Пецярбург — 9.10.1978),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Быў рэжысёрам у тэатры імя Я.​Вахтангава. Першая кніга вершаў выйшла ў 1922. Імкненне да гіст. абагульненняў вызначаюць зб-кі «Захад» (1926), «Трэццяя кніга» (1927), паэмы «Рабесп’ер і Гаргона» (1928), «Камуна 1871 года» (1933), «Франсуа Віён» (1934). Сав. рэчаіснасці прысвечаны паэмы «Чкалаў» (1942), «Сын» (1943, Дзярж. прэмія СССР, 1946), «У завулку за Арбатам» (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Дзесяць гадоў» (1953), «Пра Пушкіна» (1960; вершы, пераклады, артыкулы), «Чацвёртае вымярэнне» (1964), «Аповесць мінулых гадоў» (1969). Пісаў літ.крытычныя артыкулы, нарысы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1971—73. Бел. пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;

Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНЫ Міхаіл (сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.​Я.​Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.​Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.​Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.​Броўка, П.​Глебка, А.​Дудар, Я.​Журба, А.​Звонак, К.​Кірэенка, В.​Маракоў, П.​Пестрак, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)