апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.

1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.

2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.

3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.

4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.

5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.

6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.

7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.

•••

І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́сці, кладу́, кладзе́ш, кладзе́; кладзём, кладзяце́; пр. клаў, кла́ла; незак., каго-што.

1. Надаваць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змяшчаць куды‑н. у такім становішчы. Класці дзіця на ложак. Класці мяшкі на воз. // Валіць на зямлю саперніка пры дужанні. Ніхто з нас не браўся з Грышкам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч. // Укладваць, размяшчаць (для сну, адпачынку). — Давай, Мікалаеўна, кладзі хлопчыкаў спаць, — сказаў Ігнат жонцы. Кавалёў. // перан. Разм. Забіваць, нішчыць. Вінтовачныя кулі кладуць .. [немцаў] усіх на месцы. Чорны. Тыфус кладзе людзей. Крапіва.

2. Змяшчаць, засоўваць куды‑н. Класці грошы ў кашалёк. Класці рукі ў кішэнь. □ Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала ў чамадан. Шыцік. // Змяшчаць на захоўванне, рабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Класці грошы ў ашчадную касу. // Адпраўляць, змяшчаць (у клініку, шпіталь і пад.). Класці хворага ў бальніцу.

3. Наносіць зверху слой чаго‑н. У яго руках вельмі доўгі пэндзаль. Ён набірае на яго фарбу і смелымі мазкамі кладзе на палатно. Асіпенка. // Накладваць зверху, прыкладваць да якой‑н. часткі цела з лячэбнымі мэтамі. Класці павязку. Класці кампрэс.

4. Рабіць знак, метку, пакідаць адбітак чаго‑н. Класці штэмпель. □ На акно пляціце магу, Каб не клаў мароз сляды. Колас. // перан. Уздзейнічаць, рабіць вялікі ўплыў; пакідаць след. Старэем мы. Свой след кладзе няшчадны час То попелам валос, то ценем пад вачамі. Звонак.

5. Раскладваць, распальваць (пра агонь). Вартавыя клалі цэлую ноч агонь і гаварылі. Чорны.

6. Накладваць (страву, корм). Класці кашу на талерку. Класці трусам траву. // Прыбаўляць, падмешваць. Класці масла ў кашу.

7. Узводзіць, будаваць. Класці печ. □ Каб шчаслівай і багатай стала наша старана, Клалі сцены новай хаты — Бервяно да бервяна! А. Александровіч. // Рабіць, пракладваць, укладваць. Класці грэблю. Класці падлогу. Класці масты. // Складваць што‑н. пэўным чынам у адно месца. Класці сена ў копы. // Складваць, укладаць (стог, воз і пад.). Гучалі галасы жанок і дзяўчат, якія сушылі сена і клалі стагі. С. Александровіч. // перан. Ствараць умовы для дасягнення якой‑н. мэты, чаго‑н. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.

8. Адкладваць (яйцы) для захавання патомства (пра насякомых).

9. перан. Аддаваць, траціць. Дарма класці сілы. □ Каб ведаць, колькі працы павінен быў тут класці чалавек, трэба самому ўбачыць гэтую дзялянку. Чорны.

10. Разм. Назначаць цану. — За вашу працу я кладу вам сем долараў у тыдзень. Васілевіч.

11. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні, якія абазначаюць: утвараць дзеянне, адпаведнае значэнню назоўніка. Класці лату (латаць). Класці пачатак (пачынаць). Класці гной (угнойваць). Класці канец (канчаць).

•••

Класці галаву — гінуць, паміраць; ахвяроўваць сабой.

Класці галаву на калодку — ручацца жыццём за каго‑, што‑н.

Класці зубы на паліцу — галадаць, жыць у нястачы.

Класці на абедзве лапаткі — а) пры дужанні валіць саперніка на спіну; б) перамагаць у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.

Класці на музыку (на ноты) — пісаць музыку на словы.

Класці пад сукно — адкладваць рашэнне якой‑н. справы, пакідаць без увагі, не даваць ходу чаму‑н.

Класці (сабе) у кішэню — прысвойваць чужыя грошы.

Пальца ў рот не кладзі каму — пра таго, хто можа пастаяць за сябе, з якім трэба весці сябе асцярожна.

Хоць ты да раны (у вуха) кладзі — пра пакорнага, мяккахарактарнага чалавека.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі — пра худога, хваравітага на выгляд чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. перадаў, ‑дала, ‑дало; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць каму‑н. Перадаць дзіця на рукі мацеры. Перадаць запіску. Перадаць пасылку. □ — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць. Чорны. Калі падыходзілі ўжо да дому, Іван Міхайлавіч перадаў Сяргею сетку. Шахавец. — Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. Галавач. // што. Паслаць, падаць якім‑н. спосабам, з дапамогаю чаго‑н. Перадаць чарцёж па фотатэлеграфу. Перадаць электраэнергію запасной лініі. Перадаць шайбу нападаючым на правы край.

2. каго-што. Аддаць у чыё‑н. карыстанне. Ён [Уладан] магутнымі рукамі Горы, шахты і палі, Што бясконцымі вякамі Заняволены былі, Перадаў народу ў рукі. Грахоўскі. На поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні. Чорны. // што. Уступіць свае правы каму‑н. Іх [рабочых калон] цвёрды закон — Перадаць над краінай Уладу Саветам. Глебка. Раманенка перадаў камандаванне танкам старшыне Ігнатаву, а сам застаўся ў вёсцы шукаць сям’ю. Шамякін. // што. Падзяліцца з іншымі сваімі ведамі, вопытам і пад. Перадаць свае веды моладзі. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

3. каго-што. Аддаць на разгляд каму‑н., накіраваць у наступную інстанцыю. Перадаць справу ў суд. □ Яна не памылілася.. Машына спынілася каля турмы. Немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, абшукалі па звычцы, і Ніна апынулася ў камеры. Мележ.

4. што. Паведаміць, расказаць, пераказаць каму‑н. пра пачутае, убачанае і г. д.; зрабіць што‑н. вядомым. Перадаць сенсацыйную навіну. □ Пятро не ўтрымаўся і сам перадаў пану сёе-тое з таго, што пачуў ад пастушка. Пальчэўскі. Зіна не ўтрымала сакрэту і перадала ўсім. Кавалёў. // што і з дадан. сказам. Давесці да ведама чыю‑н. просьбу, даручэнне, паўтараючы сказанае. Перадаць прывітанне. Перадаць падзяку. □ Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацькам паклон мой перадай... Колас. — Перадай Валі, каб кідала ўсё і перабіралася да нас. Якімовіч. [Мікола:] — Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. Краўчанка. // што. Правільна сфармуляваць сутнасць чаго‑н., пераказаць сваімі словамі змест чаго‑н. Перадаць асноўную думку аўтара. Перадаць змест апавядання.

5. што. Адлюстраваць, выразіць што‑н. якімі‑н. сродкамі. Пісьменнік здолеў характэрнае для кожнага вобраза перадаць трапным, самабытным словам. Юрэвіч. Раскажы пра цуды-верфі, Пра каралавую гаць, Каб я мог у звонкіх вершах Усё, што скажаш, перадаць. Таўбін.

6. што. Распаўсюдзіць, давесці да ведама якім‑н. спосабам. Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца. Колас. У хату ўвайшоў пасыльны і перадаў салдатам загад — збірацца. Прокша. // што. Распаўсюдзіць сродкамі тэхнічнай сувязі. Перадаць канцэрт па тэлебачанню. Перадаць загад па селектары.

7. што. Распаўсюдзіць на каго‑н. якія‑н. якасці, прыкметы. Перадаць сваю ўпэўненасць прысутным. □ Дажджлівы жнівень мала таго, што затрымаў даспяванне збажыны, дык ён перадаў яшчэ сваю плаксівасць верасню. Пальчэўскі.

8. што, чаго і без дап. Даць, аддаць чаго‑н. больш, чым трэба; перабавіць. Перадаць лішнія пяць рублёў пры разліку. □ — Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць. — Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень? — Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню... Гартны.

9. Разм. Перайсці меру ў чым‑н., перастарацца. [Саладуха:] — Што ты ад яго хочаш, выхадны дзень, няхай крыху адпачне. [Высоцкі:] — Не вельмі ён перадаў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)