помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіцца Гродзенская аптэка-музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ АГІ́НСКАГА.
Пабудаваны ў 1790 (арх. К.Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі нар. дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з рызалітамі ў цэнтры гал. і дваровага фасадаў і 4 алькежамі па вуглах. Асн. аб’ём быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам. Фасады дома мелі 2-яруснае вырашэнне: ніжні ярус (1-ы паверх) масіўны з невял. гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні (2-і паверх) — больш высокі, ажурны, з рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на гал. фасадзе быў завершаны невял. атыкам, гал. ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Разбураны ў 2-й пал. 19 ст.
Гродзенскі дом Агінскага. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,
сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн.сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 8.6. 1946, в. Саўцавічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыў Горкаўскі ун-т (г.Ніжні Ноўгарад, 1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Развіў тэорыю фарміравання аптычнага відарыса ў фатагр. галагена-сярэбраных слаях; паказаў магчымасць гашэння кагерэнтнай складальнай для монаслаёў часцінак дысперснага рэчыва, прапанаваў метад кіравання аптычным выпрамяненнем у капсуляваных вадкіх крышталях.
Тв.:
Оптика фотографического слоя. Мн., 1983 (разам з А.П.Івановым);
Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з А.П.Івановым, У.П.Дзікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА КАМЕРЦЫ́ЙНАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры гістарызму. Пабудаваны ў 1901 (арх. С.Шабунеўскі) у стылі ампір. Рэканструяваны ў 1947. Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Фасады падзелены прафіляваным карнізным поясам на 2 ярусы: ніжні вырашаны ў выглядзе цокаля з руставанымі прасценкамі паміж прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні — рытмічна завершаныя маскаронамі складаныя па форме картушы пілястраў, паміж якімі размешчаны нішы з 2 парамі прамавугольных праёмаў. Паміж 2-м і 3-м паверхамі скульпт. ўстаўкі з раслінным арнаментам. Балконы 3-га паверха ўпрыгожаны каванай агароджай. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам, гал. ўваход — паўкалонамі іанічнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́СТЫ (Chondrostoma),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. 18(10) відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы (акрамя Англіі і Скандынавіі) і Пярэдняй Азіі. Трымаюцца чародамі ў мясцінах з хуткай плынню, пясчаным ці камяністым дном. На Беларусі тыповая форма П. звычайны (Ch. nasus, нар. назвы: свінка, свінюк, сіг, сіга, цырта, чарнакол) у рэках бас. Буга і Нёмана. У бас. Дняпра трапляецца яго форма П. дняпроўскі (Ch.n.nasus natio borysthenicum).
Даўж. да 50 см, маса да 2,5 кг. Рот ніжні ў выглядзе папярочнай шчыліны. Ніжняя губа завострана, з рогападобным чэхлікам. Корміцца водарасцямі (пераважна абрастаючымі), лічынкамі насякомых, ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,
наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.