МІ́НСКІ ВЫШЭ́ЙШЫ РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1960 як Мінскі радыётэхн. тэхнікум. З 1991 каледж. З 1994 сучасная назва. Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па 3 узроўнях (1-ы ўзровень дае сярэднюю спец. адукацыю, 2-і — паглыбленую сярэднюю, 3-і — вышэйшую). Спецыяльнасці на 1-м і 2-м узроўнях (1999/2000 навуч. г.): камерцыйная дзейнасць; мікраэлектроніка; вытв-сць электронных выліч. сродкаў; эксплуатацыя і рамонт радыёабсталявання; вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій. На 3-м узроўні прафес. навучанне. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 10, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ УЗНЯСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р (УШЭ́СЦЯ).
Існаваў у канцы 15 — пач. 18 ст. ў Мінску. Засн. як праваслаўны пры Узнясенскай царкве вял. княгіняй ВКЛ Аленай Іванаўнай, якая адпісала манастыру в. Трасцянец і надала яму статус архімандрыі. Першым архімандрытам быў духоўнік Алены Іона (у 1503—07 мітрапаліт кіеўскі). У 1633 прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV манастыр далучаны да мужчынскага Святадухаўскага манастыра (гл. ў арт. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны ў 1675 на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. Прыкладна тады ж князі Горскія адабралі ў манастыра Трасцянец, а ўзамен далі ў дзяржанне Слабодку (каля 1699). Дакладная дата закрыцця невядома.
А.А.Ярашэвіч.
т. 10, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ АДУКАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР,
беларуска-нямецкае прадпрыемства. Засн. ў 1994 у Мінску. Асн. кірунак дзейнасці — арг-цыя канферэнцый, кангрэсаў, семінараў, моўных і камп’ютэрных курсаў, пазнавальна-адукац. паездак за мяжу.
т. 10, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Т.Б.Блінова.
т. 10, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ.
Засн. ў 1966 у Мінску. З 1994 закрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): мінер. і газіраваныя воды, ліманады, сокі фруктовыя, сіропы, джын-тонікі, спіртавыя напіткі.
т. 10, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ АРКЕ́СТР.
Існаваў у 1803—1917 (з перапынкамі) у Мінску. Напачатку іграў па нядзелях і на святы ў кафедральным саборы (летам — і ў Губернатарскім садзе) ці суправаджаў тэатр. паказы. У 1820—60-я г. пры ім існавала муз. школа, якая рыхтавала для яго музыкантаў. У розны час аркестр узначальвалі В.Стафановіч (1820—60-я г.; гл. ў арт. Стафановічы), Л.Скрабецкі, Р.Пілеман (з 1880), Г.Мерц (з 1886), Л.Ступель (1890—96), Н.Рубінштэйн (з 1909; наладжваў сімф. канцэрты, арганізоўваў цыклы агульнадаступных гіст. канцэртаў). З аркестрам выступалі мясц. музыканты і гастралёры, у т. л. скрыпачы і піяністы Х.Ліпінскі, Апалінарый і Антон Концкія, М.Ельскі В.Пшыбора, Я.Чыжэўскі, І.Гянко, Г.Бах, Л. фон Зіберштэйн, М.Палякін, спявачка А.Мейчык. У рэпертуары былі творы І.Гайдна, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Ф.Абера, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта, Р.Вагнера, М.Глінкі, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага і інш. З 1880-х г. дзейнасць М.г.а. звязана з муз.-грамадскімі арг-цыямі горада, у т. л. муз. т-вам, муз. гуртком, т-вамі аматараў прыгожых мастацтваў і сяброў музыкі.
А.Л.Капілаў.
т. 10, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ НДІ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1939 у Мінску як НДІ буд. матэрыялаў Беларусі. З 1963 саюзнага, з 1972 рэспубліканскага падпарадкавання. З 1994 Дзярж. прадпрыемства Мінскі НДІ буд. матэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: правядзенне н.-д. работ па тэхналогіях вытв-сці керамічных сценавых і апрацоўчых матэрыялаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў на аснове мінер. і палімернай сыравіны, мясц. вяжучых матэрыялаў і цэменту, новых нізкаэнергаёмістых (безабпальных, безаўтаклаўных) вогнетрывалых матэрыялаў, атмасфераўстойлівых ахоўна-дэкар. пакрыццяў, высокатэмпературных цеплаізалятараў, арх. форм і кампазітаў з мясц. сыравіны; удасканаленне вытв-сці традыц. буд. матэрыялаў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій; правядзенне сертыфікацыйных выпрабаванняў на якасць і бяспеку буд. матэрыялаў.
У.М.Ганчарык.
т. 10, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял. Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц. т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».
т. 10, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод 1/597; 3/10; 7/77, 217, 243; 9/199; 11/162; 12/289, 294, 681
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)