раманты́зм, -у, м.

1. Кірунак у літаратуры і мастацтве канца 18—1-й палавіны 19 ст., прыхільнікі якога выступалі супраць канонаў класіцызму і сцвярджалі неабходнасць стварэння вобразаў ідэальных герояў і пачуццяў, выкарыстоўваючы гістарычныя і народна-паэтычныя тэмы.

2. Мастацкі метад, у якім першаступеннае значэнне адводзіцца суб’ектыўнай пазіцыі мастака ў адносінах да з’яў жыцця і паказу высокага прызначэння чалавека.

3. Настрой думак, светаадчуванне, прасякнутыя ідэалізацыяй рэчаіснасці, летуценнай сузіральнасцю.

|| прым. раманты́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тэхні́чны, -ая, -ае.

1. гл. тэхніка.

2. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой-н. вытворчасці.

Тэхнічная дапамога.

Т. аддзел.

3. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці.

Тэхнічная вада.

4. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой-н. справе, не адказны.

Т. сакратар.

5. Які вызначаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (у спорце, мастацтве).

Т. футбаліст.

|| наз. тэхні́чнасць, -і, ж. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

супрэматы́зм

(ад лац. supremus = вышэйшы)

фармалістычная плынь у рускім мастацтве пач. 20 ст., разнавіднасць абстракцыянізму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ню

(фр. nu = голы)

адлюстраванне аголенага чалавечага цела ў выяўленчым мастацтве.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),

кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.​Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.​Ф.​Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.​Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.​Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.​П.​Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.​Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

Да арт. Бідэрмеер. К.​Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.
Да арт. Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.
Да арт. Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.
Да арт. Бідэрмеер. Ф.​Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАГРА́ФІЯ (ад грэч. eikōn выява, відарыс +... графія) у выяўленчым мастацтве, дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-н. персанажаў ці сюжэтных сцэн. У стараж. рэліг. мастацтве каноны І. былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй (напр., І.​Маці Божай, Ісуса Хрыста, Буды і інш.). З пашырэннем у мастацтве новага зместу схемы І. паступова змяняліся і ўскладняліся; развіццё свецкага мастацтва, маст. стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў абумовілі большую свабоду тлумачэння іканаграфічных схем і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных. У мастацтвазнаўстве І. (іканаграфічны метад) — апісанне і сістэматызацыя тыпалагічных прыкмет і схем, прынятых пры адлюстраванні персанажаў ці сюжэтаў. Метад склаўся ў Францыі ў 1840-я г. як сродак вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый, атрыбутаў; у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пашырыўся і на інш. краіны. Звяртанне да І., якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сац. і эстэт. аспекту) мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення маст. твора. Пад І. таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-н. чалавека (напр., І. Ф.​Скарыны, Ефрасінні Полацкай і інш.) ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі, кірункаў у мастацтве і інш.

У музыказнаўстве — апісанне, вывучэнне, сістэматызацыя і каталагізацыя твораў выяўл. мастацтваў на муз. тэматыку; дапаможная навук. дысцыпліна па гісторыі музыкі, інструментазнаўства, муз. этнаграфіі. Наскальныя малюнкі, археал. прадметы, фрэскі і абразы царк. храмаў, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура, кераміка і інш. захавалі каштоўныя дакумент. звесткі пра муз. культуру розных гіст. эпох і народаў, функцыянаванне муз. мастацтва ў грамадстве, пра формы, канструкцыі і спосабы трымання муз. інструментаў, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, пра кампазітараў, выканаўцаў і іх асяроддзі. Першая спроба І. музычнай — праца ням. лексікографа Э.​Л.​Гербера (1783), дзе прыведзена І. музыкантаў. Актыўна распрацоўваецца ў музыказнаўстве з пач. 20 ст. З 1961 у ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах».

І.​Дз.​Назіна (І. ў музыказнаўстве).

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кла́сік, ‑а, м.

1. Выдатны, агульнапрызнаны пісьменнік, дзеяч навукі або мастацтва. Класікі марксізма-ленінізма. Янка Купала, і Якуб Колас — класікі беларускай літаратуры.

2. Прадстаўнік класіцызму (у 1 знач.) у літаратуры і мастацтве.

3. Спецыяліст у галіне класічнай філалогіі. Філолаг-класік. // У дарэвалюцыйнай Расіі — той, хто закончыў класічную гімназію.

[Лац. classicus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натуралі́зм, ‑у, м.

1. У філасофіі — тэорыя, адпаведна якой прырода выступае як адзіны, універсальны прынцып тлумачэння існага.

2. Напрамак у літаратуры і мастацтве, які характарызуецца імкненнем да знешне дакладнага капіравання рэчаіснасці без мастацкіх абагульненняў, ідэйнай ацэнкі таго, што адлюстроўваецца.

3. Першапачатковая назва рэалістычнага напрамку ў рускай літаратуры; натуральная школа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анімалісты́чны

(ад анімаліст)

звязаны з адлюстраваннем жывёльнага свету ў выяўленчым мастацтве і літаратуры (напр. а. жанр).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

постканструктыві́зм

(ад пост- + канструктывізм)

фармалістычны кірунак у мастацтве і архітэктуры 20 ст., які развівае ідэі канструктывізму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)