ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),
расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.Глінкі. Сярод яго вучняў: С.Барцэвіч, Д.Крэйн, Л.Любошыц, А.Магілеўскі, А.Печнікаў, М.Прэс, М.Эрдэнка.
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАХ (Аляксандр Давідавіч) (9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай вобл. — 1942),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Акад. АН БССР (1928), д-р с.-г. н. (1926), праф. (1921).Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1908). У 1908—16 інжынер-гідратэхнік у Мінскай і Магілёўскай губ. З 1920 заг. кафедры БСГА. У 1927—30 заг. аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навук.-тэхн. савета пры Наркамземе БССР. У 1927—42 заг. кафедры Ленінградскай лесатэхн. акадэміі. Распрацоўваў пытанні гідралогіі лясоў, балот, уплыву лесу на рачны сцёк. Зрабіў навук. аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот.
т. 6, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ (Ксенія Георгіеўна) (6.2.1889, Кіеў — 9.6.1951),
расійская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Спевам вучылася ў Пецярбургу і Берліне ў М.Малінгер. У 1915—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Адна з буйнейшых рас. спявачак, валодала моцным, сакавітым, выразным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, артыстычнай культурай. Сярод лепшых партый: Ліза, Кума Настасся («Пікавая дама», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Фяўроння («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Першая выканала на сцэне т-ра партыю Турандот («Турандот» Дж.Пучыні). Вядома як выканальніца вак. лірыкі Чайкоўскага, С.Рахманінава. З 1947 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТМАН (Наталля Рыгораўна) (н. 14.9.1942, Казань, Татарстан),
расійская віяланчэлістка. Нар. арт. Расіі (1989), нар. арт. СССР (1991). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1964), у 1967—77 выкладала ў ёй. З 1964 салістка Масканцэрта, з 1976 — Маскоўскай філармоніі. Адна з буйнейшых рас. выканальніц віяланчэльнай класікі і сучаснай музыкі. Выступае і як ансамблістка (у т. л. з С.Рыхтэрам, да 1990 з мужам А.Каганам). З 1992 праф. Вышэйшай школы музыкі ў г. Штутгарт (Германія). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1961), міжнар. конкурсаў віяланчэлістаў імя А.Дворжака (Прага, 1961), імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1962), камерных ансамбляў (Мюнхен, 1967; разам з А.Наседкіным).
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМІ́Н (Аляксандр Аляксандравіч) (22.2.1920, Масква — 25.2.1980),
рускі гісторык, крыніцазнавец, археограф. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). Працаваў у Ін-це гісторыі СССР АН СССР, выкладаў у Маскоўскім гісторыка-архіўным ін-це (1947—73). Вывучаў паліт. і сац. гісторыю Расіі 11—18 ст., яе гістарыяграфію і крыніцазнаўства. У манаграфіях «Рэформы Івана Грознага» (1960), «Апрычніна Івана Грознага» (1964), «Расія на парозе новага часу» (1972), «Расія на рубяжы XV—XVI стагоддзяў» (1982), «Напярэдадні грозных узрушэнняў» (1986), «Віцязь на ростанях» (1991) даследаваў дыпламат. адносіны і войны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
т. 7, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́МЕНСКІЯ,
расійскія лёгкаатлеты-бегуны, засл. майстры спорту СССР (1936), браты. Нарадзіліся ў с. Зялёная Слабада Раменскага р-на Маскоўскай вобл. Скончылі 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1941). Георгій Іванавіч (26.11.1903—28.12.1946), чэмпіён СССР па бегу на 5000 і 10 000 м (1939). У 1934—36 устанавіў 3 усесаюзныя рэкорды на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Серафім Іванавіч (2.2.1906—7.5.1942), адзінаццаціразовы чэмпіён СССР (1934—40) па бегу на розныя дыстанцыі. У 1933—40 устанавіў 20 усесаюзных рэкордаў на дыстанцыях 1500, 2000, 3000, 5000, 10 000 м. Пераможцы шматлікіх міжнар. спаборніцтваў. З 1958 штогод праводзіцца Міжнар. лёгкаатлетычны мемарыял братоў З.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯРНО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (10.6.1871, Масква — 22.2.1945),
рускі заолаг, адзін з заснавальнікаў айчыннай гідрабіялогіі. Акад. АН СССР (1931). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). З 1902 кіраўнік Севастопальскай біястанцыі. З 1914 у Маскоўскай с. -г. акадэміі імя Ціміразева, з 1924 у Маскоўскім ун-це, у 1931—42 дырэктар Заал. ін-та АН СССР. Навук. працы па экалогіі і гасп. выкарыстанні марскіх біяцэнозаў. Аўтар манаграфіі «Да пытання пра вывучэнне жыцця Чорнага мора» (1913), у якой апісаў заканамернасці размеркавання фауны і біяцэнозаў, і курса лекцый «Агульная гідрабіялогія» (1934).
Літ.:
Скадовский С.Н. С.А.Зернов. М. 1957.
т. 7, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў-КРАМСКО́Й (Аляксандр Міхайлавіч) (8.9.1912, Масква — 11.4.1973),
рускі гітарыст, дырыжор, кампазітар Засл. арт. Расіі (1959). Ў 1931—33 вучыўся ў Муз. тэхнікуме імя Кастр. рэвалюцыі (Масква). З 1932 на Усесаюзным радыё. З 1933 выступаў як саліст і ансамбліст. У 1939—45 дырыжор Ансамбля песні і танца НКУС СССР, у 1947—52 — Рус. нар. хору і аркестра нар. інструментаў Усесаюзнага радыё. З 1960 выкладаў у муз. вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. Аўтар муз. твораў для гітары (2 канцэрты з арк. і інш.), пералажэнняў і апрацовак. Выдаў «Школу для шасціструннай гітары» (1947). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на нар. інструментах (1939).
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЛУКО́Ў (Іван Аляксеевіч) (2.9.1857, с. Прусы Маскоўскай вобл. — 5.5.1942),
рускі фізікахімік, заснавальнік электрахіміі няводных раствораў. Ганаровы чл. АН СССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880), у якім працаваў у 1884—88 і з 1903. Навук. працы па электрахіміі, тэрмахіміі, хіміі мёду і воску. Устанавіў анамальную электраправоднасць няводных раствораў электралітаў. Увёў уяўленне аб сальватацыі іонаў (1889—91, незалежна ад У.А.Кісцякоўскага), што паслужыла асновай для аб’яднання фіз. і хім. тэорый раствораў. Паказаў, што цеплата ўтварэння ізамераў арган. злучэнняў неаднолькавая (1887). Даследаваў фазавыя пераўтварэнні ўзаемных сістэм расплаўленых солей.
Літ.:
Полищук В.Р. Теорема Каблукова. М., 1983.
т. 7, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Іванавіч) (н. 24.12.1924, г. Архангельск, Расія),
рускі баяніст-віртуоз. Засл. арт. Расіі (1963), ’нар. арт. СССР (1985). Скончыў муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1939). У 1939—42 і з 1946 артыст Архангельскай, з 1954 — Маскоўскай абл. філармоній, з 1958 Масканцэрта. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай музыкі. Яго канцэртная дзейнасць зрабіла значны ўплыў на развіццё сольнага выканальніцтва на баяне, зацвердзіла яго як канцэртны інструмент. Першы рас. баяніст, які пачаў выступаць у ансамблі з інш. інструментамі, з аркестрам. Ініцыятар шырокага распаўсюджвання шматтэмбравага гатова-выбарнага баяна з пераключальнікам (назва прапанавана К. у 1951).
т. 7, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)