праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.Бабрыковіч, І.Нелюбовіч-Тукальскі, Р.Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш.мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн. формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстранная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.
На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр.мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля 10% хворых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНСБАРА ((Gainsborough) Томас) (хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),
англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял.Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эмансіпа́цыя, ‑і, ж.
Вызваленне ад якой‑н. залежнасці, прыгнёту; адмена якіх‑н. абмежаванняў. Адной з характэрных рыс светапогляду Скарыны было імкненне да эмансіпацыі ад заплеснеўшых царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця свабоднай чалавечай асобы.Алексютовіч.// Грамадою рух у Заходняй Еўропе і дарэвалюцыйнай Расіі за роўныя правы жанчын з мужчынамі ў галіне грамадскага і працоўнага жыцця. За сваю эмансіпацыю, мне здаецца, жанчына дорага заплаціла: за ёй засталіся ўсе яе жаночыя абавязкі, і звыш таго, яна яшчэ ўзваліла на свае плечы вельмі многія мужчынскія.Сіпакоў.
[Лац. emancipatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сі́ся дзіц. ‘цыца, цыцка’ (Ласт.), сі́сі дзіц. ‘ссаць цыцку’ (КСП), сіся́ ў выразе (ведае, знае) курыную сісю дый тую не ўсю (Барад.), сі́ська ‘сасок’ (Нас., Касп.), ‘грудзі’, ‘сасок’ (Сл. ПЗБ), сі́ська, сіська́ ‘тс’ (ЛА, 1), а таксама сісе́тнік ‘дзіця, якога кормяць грудзьмі’ (Барад.); сюды ж, відаць, ‘матачнік, ячэйка, у якой расце матка’ (палес., Анох.), сы́ська ‘тс’ (Сл. Брэс.). Рус.си́са, си́ся, си́ська ‘сасок’, балг.си́са ‘сасок’, серб.-харв.си̏са, славен.sisa ‘жаночыя грудзі’. Прасл.*sysa, аддзеяслоўны дэрыват ад прасл.*sysati ‘ссаць’, роднаснага ссаць (гл.). Фасмер (3, 627) сувязь усх. і паўд.-слав. слоў лічыць няпэўнай і мяркуе аб познім узнікненні слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.С.Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.