БАЛІ́НСКІ Міхаіл Ігнатавіч (14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),

гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.​Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл. літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.​Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЭ́ (Bonnet) Шарль (13.3.1720, Жэнева — 20.5.1793),

швейцарскі прыродазнавец і філосаф. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1764). Па адукацыі юрыст. Навук. працы ў галіне біялогіі: апісанне членістаногіх, паліпаў і чарвей, жыцця і інстынктаў насякомых («Трактаты пра насякомых», 1745), спробы тлумачэння фізіял. функцый ліста і руху раслінных сокаў («Даследаванне пра ролю лісця ў раслін», 1754). Прыхільнік тэорыі прэфармацыі, адзін з аўтараў вучэння пра «лесвіцу істот». У пытаннях тэорыі пазнання вял. значэнне надаваў вопыту, эмпірызму. У філас. працах («Вопыт псіхалогіі...», 1755; «Аналітычны вопыт здольнасці душы», 1760) сцвярджаў, што ў чалавеку спалучаны цела, ад якога залежаць адчуванні, памяць, увага і інш. псіхал. функцыі, і нематэрыяльная душа; ідэі ёсць відазмяненні адчуванняў, а таму не існуе прыроджаных ідэй. Паводле Банэ, жывёліна, як і чалавек, мае несмяротную душу.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЎЗЕВІЦ (Clausewitz) Карл фон (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),

нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел. пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — К.​Клаузевиц о войне. М., 1990.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБО́ЙКА Іван Мікалаевіч (2.7.1786, г.п. Золачаў Харкаўскай вобл., Украіна — 27.6.1861),

гісторык, літаратуразнавец, лінгвіст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1810). У 1815 чыноўнік па асобых даручэннях у прэзідэнта Дзярж. савета Царства Польскага Вялінскага, потым на дзярж. службе ў Пецярбургу. У 1822—40 праф. Віленскага ун-та, Мед.-хірургічнай і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэмій у Вільні. У 1820—30-я г. садзейнічаў пашырэнню рус.-бел.польскіх культ. сувязей, прапанаваў ідэю комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы. Цікавіўся бел. фальклорам. Як «вучоны карэспандэнт» графа М.П.Румянцава быў ініцыятарам шэрагу гіст.-археал. экспедыцый па зах. Беларусі, у выніку якіх з’явіліся працы «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў» і «Даследаванне аб Літве». Аўтар публікацый «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна запісак аб Расіі» (СПб., 1818), «Збор расійскіх вершаў» (Вільня, 1827) і інш.

Д.​У.​Караў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАШКО́Ў Іван Ціханавіч (1652, с. Пакроўскае, Маскоўская вобл. — 1.2.1726),

расійскі эканаміст і публіцыст. Асн. яго праца «Кніга аб беднасці і багацці» (1724; выд. ў 1842). У ёй, у адрозненне ад прыхільнікаў меркантылізму, П. прызнаваў магчымасць атрымання прыбытку ўнутры краіны і ставіў яго велічыню ў залежнасць ад прадукцыйнасці працы і ўзроўню заработнай платы. Падкрэсліваў выгаднасць выкарыстання наёмнай працы і здзельнай аплаты. Гал. прычынай беднасці дзяржавы лічыў адсталасць сельскай гаспадаркі і жорсткую эксплуатацыю селяніна. Прыхільнік пераўтварэнняў Пятра I (выступаў за развіццё прам-сці, гандлю, даследаванне радовішчаў карысных выкапняў). Прапаноўваў збіраць падаткі з усіх саслоўяў (акрамя духавенства) з улікам маёмаснага становішча, сфармуляваў ідэю фармальнай роўнасці перад законам і судом. Пасля смерці Пятра I зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе і памёр.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ Галіна Аляксандраўна (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1981). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.​А.​Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.​Я.​Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.​С.​Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.​В.​Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел фіз. і калоіднай хіміі, які вывучае залежнасць структурна-мех. уласцівасцей дысперсных сістэм і матэрыялаў ад фіз.-хім. з’яў на паверхні раздзелу фаз.

Узнікла ў 1930—40-я г., як самастойная навук. дысцыпліна аформілася ў 1950-я г. пасля работ П.А.Рэбіндэра. Асн. кірункі: вывучэнне ролі паверхневых з’яў пры ўтварэнні цвёрдых цел і дысперсных структур, даследаванне ўплыву асяроддзя на разбурэнне, дэфармацыю і дыспергаванне цвёрдых цел, аналіз счаплення цвёрдых паверхняў пры трэнні, мех. апрацоўцы і інш. уздзеяннях. Асн. аб’екты — прыродныя дысперсныя сістэмы (напр., горныя пароды і глебы, тканкі раслін і жывёл), дысперсныя сістэмы ў розных тэхнал. працэсах (напр., парашкі, пасты, суспензіі, эмульсіі, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), а таксама розныя матэрыялы прамысл. і быт. прызначэння (напр., інструментальныя, буд., канструкцыйныя).

Я.​М.​Кавалёў.

т. 16, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ана́ліз

(гр. analysis = раскладанне)

1) навуковае даследаванне шляхам расчлянення цэлага на састаўныя часткі (параўн. сінтэз 1);

2) вызначэнне саставу рэчыва (напр. а. крыві).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БІРУ́ТА (сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),

бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.

Літ.:

Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,

часопіс. Выдаваўся ў лют.—снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.​Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.​Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.​Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.​Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.​Савіцкага. Друкаваў вершы Г.​Леўчыка, П.​Прадухі, С.​Свістуна, апавяданні З.​Бядулі, Пачопкі, М.​Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)