пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс.чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр.Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон
(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),
ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).
Літ.:
Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГАЖЭ́ЛЦКІ ДАГАВО́Р 1950,
дагавор паміж Польскай Рэспублікай і Герм.Дэмакр. Рэспублікай аб дэмаркацыі ўстаноўленай і існуючай польска-ням.дзярж. граніцы. Падпісаны 6 ліп. ў г. Згажэлец (Польшча) прэм’ер-міністрамі Ю.Цыранкевічам і О.Гротэвалем. Пацвердзіў рашэнні, прынятыя на Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, паводле якіх Польшча атрымала б. нямецкія землі на У ад лініі, што ідзе ад Балтыйскага мора, уздоўж р. Одра да вусця р. Ныса-Лужыцка, далей па Нысе-Лужыцкай да граніцы з Чэхаславакіяй, а таксама ч.Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага горада Гданьска. Да заключэння ў 1970 дагавора аб асновах нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Польскай Нар. Рэспублікай і ФРГ выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах як сімвал змен пасляваенных граніц Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНКАРА́НЬ,
горад, раённы цэнтр у Азербайджане, на р. Ленкараньчай пры ўпадзенні яе ў Каспійскае м. 45,4 тыс.ж. (1991). Порт на Каспійскім м.Чыг. станцыя. Цэнтр раёна вырошчвання субтрапічных культур. Прам-сць харчасмакавая (чай, рыбныя і агароднінныя кансервы, мясныя вырабы і інш.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Тэатр. Краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт (з 19 ст.).
Адзін з самых стараж. гарадоў Азербайджана. У 12 ст. паблізу Л. адкрыты гарачыя мінер. крыніцы. У 1629 цэнтр нац.-вызв. паўстання. З сярэдзіны 18 ст. гал горад Талышынскага ханства. У перыяд Руска-іранскіх войнаў 19 стагоддзя разбурана персамі, якія пабудавалі тут крэпасць. У 1813 узята рус. войскамі. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 уваходзіла ў склад Расіі (да 1918, з 1846 пав. горад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],
італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКАГА КАНА́ЛА ЗО́НА (Panama Canal Zone),
частка тэр. Панамы ў выглядзе паласы шырынёй 16,1 км па абодвух берагах Панамскага канала, статус якой у 1903—99 рэгуляваўся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. З 1903 у карыстанні ЗША. Кіравалася губернатарам, якога прызначаў прэзідэнт ЗША, з 1939 падпарадкавана ваен. мін-ву ЗША. Амер. ўрад пабудаваў у П.к.з. ваен.-марскія і авіяц. базы, атрымліваў вялізныя прыбыткі ад эксплуатацыі канала, а Панаме выплачваў адносна невял. арэндную плату. Паводле амер.-панамскага дагавора 1977 Панама з 1982 ажыццяўляе ў П.к.з. цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу. Прадугледжвалася ліквідацыя да 2000 ваен. баз ЗША, але ў канцы 1999 на тэр. зоны яшчэ заставалася 14 амер.ваен. фартоў. З 1.1.2000 пад кантроль Панамы перайшоў і сам Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,
войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс.укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч.Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЯна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.