«ГО́ЛАС ПРАВАСЛА́ЎНАГА БЕЛАРУ́СА»,

рэлігійна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў ліст.снеж. 1931 у Вільні на бел. мове. Асн. задачу бачыў у аднаўленні і станаўленні бел. праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Зах. Беларусі і БССР, імкнуўся спалучаць каштоўнасці хрысціянства з бел. ідэяй. Выступаў за дэмакратызацыю царквы, з пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі ў Беларусі, негатыўна ацэньваў унію. Друкаваў хроніку царк. жыцця ў Зах. Беларусі. Выйшлі 2 нумары.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕЎ (Сцяпан Цімафеевіч) (1849 — 1920),

украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Праф. Кіеўскага ун-та і Кіеўскай духоўнай акадэміі. Даследаваў гісторыю асветы, культуры і царк. жыцця на Украіне. Друкаваўся ў час. «Киевская старина», «Чтения в обществе истории и древностей российских» і інш. Асн. працы: «Кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла і яго паплечнікі» (т. 1—2, 1883—98), «Гісторыя Кіеўскай духоўнай акадэміі» (вып. 1, 1886). У сваіх працах апублікаваў дакументы 16—17 ст.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,

становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.

А.​М.​Матузка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),

італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кашма́р ’цяжкі, жудасны сон; прывід, здань’; ’што-н. жахлівае, цяжкае, агіднае’ (ТСБМ). Рус. кошмар, укр. кошмар. Запазычаная лексема (але няма ў Шанскага). Фасмер (2, 361) указвае на пэўную храналогію гэтага слова, адзначаючы, што яно сустракаецца ў Гогаля і іншых. Першакрыніцай з’яўляецца франц. cauchemar ’тс’, ад лац. calcāre ’сціскаць, выступаць вонкі’ і ст.-в.-ням. mara ’дыхавіца, кашмар’ (спасылка на Мацэнаўэра, LF, 8, 47). Больш складаную гісторыю і рэканструкцыю прапануе Слаўскі, 2, 543, які зыходзіць са ст.-франц. элементаў: франц. cauchemar складанае слова: са ст.-франц. caucher ’сціскаць’ (< лац. calcāre) і ст.-франц. mare ’кашмар’. Параўн. яшчэ Клюге, 454 (пад Mahr).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашу́ля ’сарочка, рубашка’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ). У бел. мове непасрэднае запазычанне з польск. мовы (у помніках ст.-бел. мовы ўпершыню сустракаецца ў 1508 г.). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца лац. (нар.-лац.) casula ’плашч з капюшонам’ (так у Фасмера, 2, 362). Падрабязны агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 2, 192. З польск. мовы ўзята таксама ўкр. кошу́ля. Немэтазгодна разглядаць разам са Слаўскім і інш. гісторыю гэтага слова толькі як агульнаславянскага запазычання з лац. casula. Славац. košeľa, напр., сведчыць, як указвае Махэк₂, 282, што непасрэднай крыніцай у даным выпадку было с.-в.-ням. kāsel(e). Бел. слова зафіксавана досыць позна як паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГАСЛО́ЎСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЁНІС ((Banionis) Эгідыюс) (20.11.1948, г. Паневяжыс, Літва — 6.8.1993),

літоўскі гісторык. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1972). З 1972 у Архіве л-ры і мастацтва Літвы (з 1974 дырэктар). З 1985 заг. аддзела археаграфіі Ін-та гісторыі АН Літвы. Выкладаў у Вільнюскім і Каўнаскім ун-тах. Вывучаў дыпламатыю ВКЛ 15—16 ст., гісторыю Метрыкі ВКЛ, генеалогію. Падрыхтаваў да друку археаграфічнае выданне «Літоўская Метрыка. Кн. 5 (1427—1506)» (Вільнюс, 1993).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Бабруйску.

Дзейнічала ў 1917—19. Засн. па ініцыятыве мясц. інтэлігенцыі (М.​В.​Азбукін, В.​Д.​Дружчыц, Ю.​В.​Бібіла, К.​Давідовіч, М.​І.​Каліноўскі, Ф.​Ляшэвіч, Ф.​А.​Чарнецкі і інш.). У лекцыях, артыкулах, спец. пракламацыях члены т-ва прапагандавалі ідэі нац. адраджэння бел. народа, яго культуры і мовы, вялі палеміку з праціўнікамі бел. нац.-вызв. руху. Т-ва выступала за стварэнне сістэмы нац. адукацыі, папулярызавала гісторыю, этнаграфію, мастацтва Беларусі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)